Баі з карнікамі 19—20 сакавіка 1943 года вымусілі Смаленскі партызанскі полк перадыслацыравацца на новую базу. На намечаным маршруце знаходзіўся гарнізон праціўніка ў вёсцы Латыгаль (за 7 км на паўднёвы захад ад горада Сянно), знішчыць які было даручана 2-му батальёну палка (камандзір І. М. Барысаў).
Батальён зрабіў 11-кіламетровы марш і да 2 гадзі ночы 25 красавіка 1943 года выйшаў на зыходныя пазіцыі каля вёскі Латыгаль, адным узводам перакрыў дарогу, якая злучала гарнізон з горадам Сянно, а астатнімі сіламі атакаваў з усходу ўздоўж вёскі і з поўдню ў фланг гітлераўцам. Бой які цягнуўся каля 3 гадзін, з першых хвілін набыў ачаговы характар. Дзоты праціўніка былі падаўлены гранатамі. Нямецкае падмацаванне, якое ішло з горада Сянно, было сустрэта агнём партызанскай засады. Праціўнік страціў у гэтым баі забітымі і параненымі 35 гітлераўцаў, 6 паліцэйскіх было ўзята ў палон. Партызаны захапілі 6 ручных кулямётаў, 10 вінтовак, спалілі склады з боепрыпасамі і амуніцыяй, страціўшы ў гэтым баі 2 чалавека забітымі і 2 параненымі. У выніку бою ў сістэме нямецкіх гарнізонаў вёска Латыгаль — горад Сянно — вёска Старая Беліца стварылася брэш, дзякуючы якой дыверсійныя групы партызан атрымалі магчымасць найкарацейшым шляхам выходзіць да чыгункі Орша — Віцебск.
У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.