Лісічка шэрая пукатая, або кантарэлю́ля пукатая (Cantharellula umbonata) — від шапкавых базідыяльных грыбоў сямейства радоўкавых, з роду Кантарэлюля (Cantharellula).
Шапка дыяметрам 2—4 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з тупым бугарком, сухая ці вільготная, дымчата- або мышына-шэрая, з загнутым уніз больш светлым краем, часам чарнаватая з блакітна-стальным адценнем. Мякаць тонкая, белая або шараватая, мяккая, на зломе слаба чырванее. Пласцінкі чыстыя, вузкія і таўставатыя, вілавата разгалінаваныя, белыя ці шэраватыя. Ножка вышынёй 2—5(8) см, суцэльная, потым полая, гладкая, аднаго колеру з шапкай. Споры верацёна- ці эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя.
Пашырана ва ўмераных паясах Еўразіі, Амерыкі. Сапратроф. На Беларусі расце ў імшыстых хваёвых лясах па ўсёй тэрыторыі, часта па верасоўніках у верасні-кастрычніку.