Магілёўская школа гравюры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магілёўская школа гравюры — мастацкая школа ў беларускай графіцы канца 17 — 18 стст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры і Куцеінскай школы гравюры.

Сашэсце Святога Духа на апосталаў, Ф. Ангілейка

Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (Магілёўская брацкая друкарня), галоўную ролю ў яе фарміраванні адыгралі Фёдар Ангілейка, М. Вашчанка, В. Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М. Антушкевіч, Я. Стральбіцкі, М. Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных беларускіх абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф. Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала галоўную ролю ў мастацкім аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясцовых мастацкіх традыцый з рысамі заходне-еўрапейскага барока і візантыйскага мастацтва).

У аснове мастацкіх прынцыпаў Магілёўскай школы гравюры — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый народнага мастацтва, што выявілася ў народным характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, архітэктурных дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з'яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над фонам. Найбольш выразныя яны ў ілюстрацыях да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678 г., надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730).

Гравюра В. Вашчанкі з надпісам «Градъ Могилевъ» з «Кнігі жыцій святых», XVIII ст.

Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыцыйнай брамы на фоне пышнага расліннага арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэлігійныя сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем раслінных арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з'ява беларускай кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадскага прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гарадскога пейзажа ў кірылічнай кнізе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 460-461. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]