Маскоўска-Брэсцкая чыгунка
![Московско-Брестская жел. дорога. Сердечный Привѣтъ съ дороги!](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/6/6b/%D0%9C%D0%BE%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%BE-%D0%91%D1%80%D0%B5%D1%81%D1%82%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B6%D0%B5%D0%BB._%D0%B4%D0%BE%D1%80%D0%BE%D0%B3%D0%B0._%D0%A1%D0%B5%D1%80%D0%B4%D0%B5%D1%87%D0%BD%D1%8B%D0%B9_%D0%9F%D1%80%D0%B8%D0%B2%D1%A3%D1%82%D1%8A_%D1%81%D1%8A_%D0%B4%D0%BE%D1%80%D0%BE%D0%B3%D0%B8%21.jpg)
Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, назва ў 1871—1912 гг. чыгуначнай лініі, якая звязвала Беларусь з цэнтрам Расіі і Заходняй Еўропай. Пабудавана на падставе канцэсіі, зацверджанай царом 15.12.1869 г. У 1896 г. выкуплена ў акцыянернага таварыства казной. Працягласць 1027 вёрст.
Уводзілася ў эксплуатацыю асобнымі ўчасткамі: Масква—Смаленск (391 вярста, верасень 1870); Смаленск—Мінск—Брэст (636 вёрст, лістапад 1871). У пастаянную эксплуатацыю здадзена 29.11.1871 г. На Беларусі перакрыжоўвалася з чыгункамі: Пецярбургска-Адэскай (у Оршы), Лібава-Роменскай (у Мінску), Віленска-Ковенскай (у Баранавічах), Кіева-Брэсцкай (у Брэсце).
У 1877—1879 гадах быў пракладзены другі шлях ад Масквы да Кубінкі і ад Смаленска да Брэста. На працягу 1891—1892 гадоў чыгунка на ўсім працягу стала двухшляховай. У 1910 на магістралі былі 523 паравозы, 629 пасажырскіх і 6499 грузавых вагонаў, перавезена каля 5 млн пасажыраў і 340 млн пудоў грузаў; працавала 18 тыс. рабочых. Найбуйнейшыя чыгуначныя вузлы Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст, галоўныя майстэрні ў Маскве і Мінску.
У маі 1912 года, у сувязі са 100-гадовым юбілеем вайны 1812 года Маскоўска-Брэсцкая чыгунка была перайменавана ў Аляксандраўскую[1]. У 1921 заходняя частка Маскоўска-Брэсцкай чыгункі адышла да Польшчы, савецкая частка ў жніўні 1922 г. уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыгунку.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія—Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10) ISBN 985-11-0035-8