Даўжыня да 4 м, гіганцкая акула-молат дасягае 6 м. Маса да 450 кг. Галава сплюшчаная, з двума вялікімі бакавымі вырастамі, нагадвае молат (адсюль назва); на канцах вырастаў знаходзяцца вочы і вялікія ноздры. Форма вырастаў вар’іруе: ад вузкіх крылападобных у інда-ціхаакіянскага віда Eusphyra blochii да роўназакругленых лапатападобных у амерыканскай акулы Sphyrna tiburo.
Выдзяляюцца 2 роды, 7-8 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных акіянічных водах, звычайная акула-молат часам заходзіць ва ўмераныя воды. Жывуць у Індыйскім, Ціхім, Атлантычным акіянах, насяляюць галоўным чынам кантынентальны шэльф.