Цела вугрападобнае, голае. Даўжыня 14-20, зрэдку да 23 см, маса да 17 г. Самкі, як правіла, некалькі таўшчэйшыя і масіўней за самцоў. Афарбоўка тулава шэрая, жывот святлейшы.
Усе зубы завостраныя: па краях верхняй губной пласцінкі размяшчаюцца 2 зубы, на ніжняй 5-9, па баках па 3-4 слабаразвітых, як правіла, адна-, радзей двухвяршынных. Па перыферыі прысмоктвальнай лейкі шмат дробных вонкавых губных зубоў, якія размешчаны радамі.
Шырока распаўсюджана ў рэках басейна Чорнага мора. Нйбольш вядомы від непаразітычных міног у Еўропе.
Сустракаецца ў басейнах Дуная, Нёмана, Днястра, Дняпра, Дона, Кубані, рэках чарнаморскага ўзбярэжжа паміж Наварасійскам і Батумі. Месцы рассялення: пераважна прытокі вялікіх рэк, участкі з праточнай чыстай вадой і пясчаным, часта заіленым, радзей з галечна-пясчаным дном.
Палавой спеласці дасягае праз 6-7 мес. пасля метамарфоза. Да часу нерасту цела кароціцца. У Дняпры пераднераставыя асобіны маюць даўжыню 15,5-20,5 см, а тыя, што нерестуюць — ад 13,5 да 17,5 см. У большасці рэк нераст адбываецца ў красавіку-траўні, калі вада выграваецца да 11-16 °С. Размнажаюцца міногі на плыні, на невялікай глыбіні (каля 20 см). Грунт — пясок і галька. Самец робіць паглыбленне на дне дыяметрам 5-10 см, затым прысмоктваецца ротавай варонкай да патыліцы самкі і абвівае яе. У гэты момант адбываецца апладненне. Нераст звычайна бывае ў сонечнае надвор'е. Пладавітасць моцна адрозніваецца ў розных рэках, але ў цэлым вагаецца ад 2 да 7 тыс. ікрынак. Дыяметр іх ад 0,7 да 1,6 мм. Неўзабаве пасля адкладкі ікры вытворцы гінуць.
Лічынкі (пескарыйкі) пастаянна жывуць у глеіста-пясчаным грунце, у зацішных участках, сярод заіленых карчакоў, пад змытымі з берага кавалкамі дзірвана; сілкуюцца дыятомавымі водарасцямі і дэтрытам, дробнымі беспазваночнымі. Лічынкавы перыяд працягваецца 5-6 гадоў, пасля на працягу позняй восені і зімы лічынкі ператвараюцца ў дарослых асобін (метамарфоз займае каля 4-5 тыдняў). Падчас метамарфоза ў глотцы фармуецца коркавы цяж, які зачыняе праход у стрававод, кішэчнік значна атрафуецца. У дарослым стане мінога не харчуецца.