Перайсці да зместу

Палонна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Палонна (інш. назвы Полонае, Полоная) — маёнтак, цэнтр уладанняў на тэрыторыі Віцебскага павета, Вялікага Княства Літоўскага ў XIV—XVIII стст. Зараз не існуе. Зараз гэта терыторыя Нямойтаўскага сельсавета, Сененскага раёна, Віцебскай вобласці, Рэспублікі Беларусь.

Упершыню маёнтак згадваецца ў 1446 г. — гэта тастамент князя Андрэя Уладзіміравіча (сын Уладзіміра Альгердавіча). Маёнтак Палонна, разам з маёнткамі Айна, Славенеск, Магільнае, Камянец, Лагажэск, Лемніца завяшчаюцца жонцы Марыі, сыну Глебу і дачцэ Аўдоцці. Сын Глеб памёр ў 1457 годзе.

У 1455 г. маёнтак пераходзіць ва ўладанне баярына Сенькі (Сямёна) Іванавіча Чарэйскага. Князь Андрэй Уладзіміравіч запісвае Сеньку сваім сваяком. Жонка князя, Марыя, быля сятрой жонкі Сенькі Аўдоціі. Таксама перадае Палонную з сёламі, а таксама вёскі Алексіневічы, Ходцы, Берашава, Беразвічы. Гэтыя ўладанні перадаваліся і нашчадку Сенькі, а нашчадкі Андрэя Уладзіміравіча не павінны былі прэтэндаваць на гэтыя ўладанні. Сенька памёр каля 1457 г., прыкладна ў гэты ж час памірае князь. Пасля гэтага пачынаюцца спрэчкі за гэтыя ўладанні паміж іх нашчадкамі.

Суд адбываецца паміж дачкой Сенькі Марыі і жонкі Андрэя Уладзіміравіча Марыі. У 1459 г. вялікі князь літоўскі Казімір вырашыў спрэчку: Палоннае прысуджаецца Марыі Сяньковай, грунтуючыся на запісе князя Андрэя Сеньку, а жонка князя павінна апекаваць пляменніцу да паўналецця. Марыя Сянькоўна, уладальніца Палоннага і часткі Чарэі, выходзіць замуж за князя Фёдара Фёдаравіча Бабіча Друцкага-Сакалінскага.

Хто валодаў маёнткам да 1484 г. невядома. У гэтым годзе адбылася спрэчка за землі паміж унучкай князя Андрэя Уладзіміравіча Феадорай Рагацінскай і Сямёнам Іванавічам Бельскім. Для больш яснага разумення неабходна коратка спыніцца на біяграфіі Феадоры.

Андрэй Уладзіміравіч не пакінуў пасля сябе мужчынскага патомства. Яго адзіная дачка Аўдоцця выйшла замуж за Івана Рагацінскага. Сама Феадора была тройчы замужам: першы шлюб з кобрынскім князем Іванам Сямёнавічам (гады жыцця 1460—1491 гг.), другі- з кіеўскім ваяводай Юрыем Пацам (сяр. XV стагоддзя- каля 1505 г.), трэці-у 1507 годзе з Мікалаем Радзівілам Старым (??-пам. каля 1509 г.). Дзяцей не было, толькі пасынак Мікалай Пац, сын Юрыя.

У 1484 годзе, кобрынскі князь Іван ад імя сваёй жонкі судзіцца з Сямёнам Іванавічам Бельскім за маёнткі Палонны, Лемніца, Айну, Магільны, Славенск. Невядома як гэтыя землі перайшлі да Белькага. На судзе ён заявіў, што ён займеў іх у спадчыну («иж дей отцы их были недельни, а то им была отчина тые именья»). У выніку спрэчкі, гэтыя маёнткі былі аддадзены ва ўладанне княгіні Феадоры.

Пасля смерці Івана Рагацінскага, Феадора атрымала ад вялікага князя Аляксандра пацвярджэнне на права валодання трэцяй часткі Кобрынскага княства. Валодала ім пасля 1491 г. да сваёй смерці ў 1512 годзе. У 1491 ці 1492 годзе ўдава была выдадзена вялікім князем Аляксандрам замуж за ваяводу кіеўскага Юрыя Паца (шэр. XV стагоддзя-каля 1505 г.). Была яго другой жонкай. У 1491 годзе Юры адышоў ад дзяржаўных спраў і стаў кіраваць маёнткамі жонкі. У 1505 ці 1506 годзе Юрый памёр, зноў зрабіўшы Фёдару ўдавой. За права валодання княствам Фёдара судзілася з Ганнай, сястрой Івана Сямёнавіча Кобрынскага. У 1507 годзе Фёдара перайшла ў каталіцтва пад імем Соф’я, а ў наступным годзе ўступіла ў трэці шлюб.

Яе мужам стаў канцлер вялікі і ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Стары. уладанні: маёнткі Лемніцу і Палоннае, вёскі Ходцы, Алексінічы, Бярозавічы, Белая, а таксама і іншую маёмасць, завяшчала пахаваць сябе ў каталіцкай царкве ў Ражанцы. Аднак, за частку гэтых уладанняў, у тым ліку Палоннае, з Мікалаем Пацам пачаў судзіцца ў 1516 годзе нашчадак князя Андрэя Уладзіміравіча па жаночай лініі, Канстанцін Астрожскі. Па выніках спрэчкі ён становіцца ўладальнікам Палоннай і Лемніцы (магчыма і Ходцы, Алексінічы). Згодна з граматай Жыгімонта Старога ў 1533 годзе было пацверджана права на валоданне Палоннай Іванам і Глебам Сапегамі. У гэтым дакуменце, браты сцвярджаюць, што Сенька Чарэйскі быў іх продкам. Таксама яны сцвярджаюць, што княгіня Марыя, жонка Андрэя Уладзіміравіча, перадала Палоннай жонцы іх дзеда, Фёдару Іванавічу Сапегу. Апошні перадаў гэты маёнтак сваёй сястры. Доўгі час маёнтак належаў Сапегам. У 1540 г.-судовыя спрэчкі ў Палоннай. У скаргах аб рабаванні і збіванні уладальнікам значыцца Іван Багдановіч Сапега. Яго намеснік у маёнтку Фёдар Полаз. Упамінанне маёнтка гэтага ж перыяду ўтрымліваецца ў спрэчцы паміж уладальнікамі Сянно і Абольцаў аб мяжы паміж уладаннямі ў раёне Вядца: «…пяти светков князя Сенского…Борыс Микитынич, чоловек Полонский». 1567 г.- маёнткам валодаюць Сапегі, Друцкія-Любецкія і інш.

Палонна на мапе «Беларускія землі ў XVI ст.» (урывак)
Палонна на мапе «Структура ўладанняў на тэрыторыі Беларусі, 1567 г.» Пазаначана як уладанне рода Сапегаў (урывак)

У 1591 годзе адбываецца раздзел уладанняў Івана Іванавіча Сапегі, сына Івана Багдановіча. Маёнтак Палоннае, а таксама Нямойта, Глебоўск дастаюцца малодшаму сыну Андрэю Сапегу. Таксама, па гэтым акце згадваецца праваслаўная царква ў Палоннай. Верагодна, у маёнтка было некалькі ўладальнікаў адначасова. У квітанцыі Марціна Курча 1595 года свайму кіраўніку Васілю Абуху Палоннае пазначана як валоданне Курча. У такой жа якасці пазначаны Алексінічы, частка якіх была прададзена 1594 годзе Львом Сапегам Стабраўкаму. Магчыма, гэтая тэрыторыя была падзелена паміж Курчам, Сапегам і Стаброўскім.

У закладных 1636 і 1642 гадоў уладальнікамі маёнтка значыцца род Сангушак. У 1636 годзе, гэта быў хутчэй за ўсё Сымон Самуіл Сангушка (1570—1638 гг.), у 1642 годзе- Геранім Сангушка (1611—1657 гг.). Згодна з першай закладной з маёнтка Палоннае закладваўся фальварак Гарбунова з прысёлкам Межнікі зямяніну Аршанскага павета Фёдару Леткавічу-Літавару-Лядзінскаму. Згодна з другой: Аляксандр Тур і яго жонка Ганна ур. Друцкая-Азярэцкая перазаклалі аршанскаму зямяніну Мацвею Магучаму аддзяліўшы з тых, што знаходзіліся ў іх закладзе ў вёсках Вітані і Беразевічах (або Беразвеччы) 4 валокі зямлі. Каштоўнай крыніцай па гісторыі маёнтка з’яўляецца інвентар 1665 года.

Палонна на мапе ВКЛ, Парыж, 1665 г., Сансон д’Абевиль (урывак)

Згодна з ім маёнтак працягваў належаць Сангушкам, у прыватнасці Кацярыне Сангушка-Шмелінг і яе мужу Уладзіславу Шмелінгу, кароннаму падканюшаму. У інвентары згаданы шляхціц Ардынец. Менавіта ён узяў выпіску інвентара з актавых кніг. Магчыма, ён быў кіраўніком маёнтка. Валоданне складалася з дзвюх частак, з цэнтрамі Палоннае і Нямойта. Да першай часткі адносіліся: дваровая сядзіба ў Палоннай, пры разбураным млыне і барцямі; населеныя пункты: мястэчка Буй, вёскі: Расходнае, Гарбуны, Глебаўскае, Мікуліна, Баярскае, Шарапы, Клімавічы, Спіцы, Хамінічы, Чуцькі. Да Нямойты адносіліся: сядзіба ў Нямойце пры разбураным млыне, населеныя пункты: мястэчка Немойта з царквой, мястэчка Пустынкі з царквой Святой Параскевы; засценкі: Гарбуноўскі, Волкаўшчына, Пенне, Тукоўскі, Скоблешчына, Колпіны, Чашкоўшчына; вёскі: Марозаўка, Дамашова, Дварэцкае, Ракіты, Валодзькі, Хамёнкі, Паршні, Чортава, Заазер’е, Мошкі, Кавалёва, Келесава, Явойніна, Лукаўцы, Вітунь, Галавачы, Мяжнік. Усяго сума з маёнтка: 301 кап і 6 грошаў. Павіннасці, якія выконвалі сяляне: паконшчына, цягла, чынш, мядоўшчына, згоны, працы ў садзе, гвалт на млын і памежны.

Наступныя згадкі звязаны з 18 стагоддзем. У загадзе вялікага гетмана Людвіга Пацэя аб вызваленні ад падаткаў маёнткаў віцебскага харужага і ваяводы Міхала Кіселя. Сярод іх названа Палоннае: «таксама Палоннае, alias (інакш) Нямойта». Магчыма, Палоннае аб’ядналася з мястэчкам Немойта або так названы два ўладанні з двума сядзібамі.

У 1721 годзе маёнтак падвяргаецца рабаванню саладатамі грэнадзёрскага палка Габрыэля Бахунскага. Абрабаванне ўзначалілі Антоній Юндзіла-Рыла, Якуб Сангайла і Антоній Шпакоўскі. Усяго ў гэтым удзельнічалі «каля тузіна» салдат. Уладальнікам Палоннай у скарзе значыцца віцебскі харужы Казімір Саковіч. Пазнейшыя звесткі аб Палоннай не выяўлены. Дакладнае месцазнаходжанне таксама невядома.