Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё
Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё | |
---|---|
Краіна |
БССР (да 26 снежня 1991) Беларусь (з 26 снежня 1991) |
Слоган | «Беларускае радыё — радыё для ўсіх і кожнага»[1] |
Частата | 106.2 FM, 71.33 УКХ (у Мінску) |
Уладальнік | НДТРК РБ |
Кіраўнікі | Максім Угляніца — галоўны дырэктар |
Сайт | radio1.by |
Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё — агульнанацыянальны радыёканал, уваходзіць у структуру Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Дэвіз «Будзем разам!».
Адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі ўрачыста адбылося 15 лістапада 1925 г. ў Мінску, гэтым жа днём у 18:30 у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!..».
Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. Шырока выкарыстоўваліся магчымасці радыё і як сродку асветы. У эфіры гучалі музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансліраваць свае перадачы ў радыусе 300 вёрстаў і ўсяго 30 хвілін на суткі. Не наладжана была яшчэ і серыйная вытворчасць радыёпрыёмнікаў.
Цяпер Беларускае радыё ўключае ў сябе 2 агульнанацыянальныя каналы і 3 радыёстанцыі. Адным з галоўных прыярытэтаў вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё з’яўляецца папулярызацыя нацыянальнай і сусветнай культуры. Гэтую задачу сёння выконвае канал «Культура».
З мая 1962 г. вядзецца рэгулярнае вяшчанне на краіны далёкага замежжа. Праграмы радыёстанцыі «Беларусь» выходзяць у эфір на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай. Радыёстанцыя «Беларусь» вяшчае ў рэжыме рэальнага часу ў Сеціве на англійскай мове.
12 ліпеня 2003 г. адкрылася радыёстанцыя «Радыус-FM». Карыстаецца папулярнасцю ў слухачоў і радыёстанцыя «Сталіца», якая асвятляе жыццё сталічнага рэгіёну.
У аснове вяшчальнай палітыкі Першага Нацыянальнага каналу Беларускага радыё — масавасць і даступнасць, інфармацыйная насычанасць, аператыўнасць і актуальнасць. Канал працуе ў кругласутачным рэжыме. Вяшчанне ва ўсіх дыяпазонах забяспечвае максімальны ахоп слухацкай аўдыторыі — гэта практычна ўсе ўзроставыя і сацыяльныя групы. З улікам прыхільнасцяў слухачоў фарміруецца канцэпцыя вяшчання, мастацкая і музычная палітыка канала. Рэгулярныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё слухаюць мільёны людзей. Канал мае самы высокі рэйтынг сярод электронных СМІ Беларусі. Па выніках 2007 г. Першы нацыянальны канал адзначаны дыпломам пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Брэнд года» ў спажывецкай намінацыі.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё выходзіць на частотах: 4,21 м (71,33 МГц); у FM-дыяпазоне: Мінск — 106,2 МГц, Брэст — 100,0 МГц, Віцебск — 100,5 МГц, Гомель — 105,1 МГц, Гродна — 103,0 МГц, Магілёў — 105,9 МГц; а таксама на хвалях, што трансліруюцца перадатчыкамі і радыёвузламі абласцей. Перадачы ў дыяпазоне доўгіх і кароткіх хваль былі спынены з 1 красавіка 2016[2]. Магчымасці перадаючых устройстваў забяспечваюць устойлівы прыём праграм не толькі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але і ў прыгранічных раёнах Польшчы, Літвы і Латвіі.
З 15 чэрвеня 1998 г. Беларускае радыё пачало рэтрансліраваць перадачы на рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Перадачы ў Расіі можна пачуць штодня з 06:00 да 08:00 на хвалях 256,4 і 25,08 м (1170 і 11960 кГц), з 12:00 да 14:00 на хвалях 256,4 і 25,1 м (1170 і 11960 кГц), з 18:00 да 20:00 на хвалях 256,4 м (1170 кГц), 42,2 м (7105 кГц). Перадачы на Украіне гучаць штодня (06:00 — 01:00) на хвалі 49,3 м (6080 кГц).
Галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала БР: Максім Угляніца.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Радыё Першы нацыянальны канал, Мінск
- ↑ [1] Архівавана 6 красавіка 2016.