Правілы адбору
Пра́вілы адбо́ру ў фізіцы — умовы, якія вызначаюць магчымасць пераходу квантавых сістэм (ядраў, атамаў, малекул і інш.) з пачатковага стану ў канчатковы пры фізічных працэсах, звязаных з выпрамяненнем і паглынаннем энергіі.
Правілы адбору выражаюць выкананне пэўных законаў захавання ў дадзеным працэсе і фармулююцца ў выглядзе суадносін паміж квантавымі лікамі. Аснова тэарэтычнага вызначэння правіл адбору — патрабаванне адрознення ад нуля імавернасці пераходу паміж пачатковым і канчатковым станамі сістэмы, напрыклад, імавернасць дыпольных пераходаў, звязаных з выпрамяненнем святла атамам, адрозніваецца ад нуля пры змене квантавых лікаў: ΔL = ±1, Δs = 0, ΔI = 0 або ±1 (за выключэннем, калі I = 0 у пачатковым і канчатковым станах), дзе I, L і s — адпаведна квантавыя лікі поўнага моманту імпульсу электроннай абалонкі, арбітальнага моманту і агульнага спінавага моманту электронаў.
Пераходы, якія падпарадкоўваюцца правілам адбору дыпольнага выпрамянення, называюцца дазволенымі, у адваротным выпадку — забароненымі (іх імавернасць у атамах вельмі малая).
Адпаведныя правілы адбору існуюць у ядзернай спектраскапіі і фізіцы элементарных часціц.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адбору правілы ў фізіцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. С. 97.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Отбора правила // Физическая энциклопедия