Пятрас Вілейшыс
Пятрас Вілейшыс | |
---|---|
Petras Vileišis | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 25 студзеня 1851[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 жніўня 1926[1] (75 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | Расійская імперыя, Літва |
Дзеці | Vytautas Vileišis[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | інжынер, палітык, грамадскі дзеяч |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пя́трас Віле́йшыс (літ.: Petras Vileišis; 25 студзеня 1851 г., Мядзіняй, Ковенская губерня (цяпер — Пасвальскі раён, Літва) — 12 жніўня 1926 г., Паланга) — інжынер, мецэнат, літоўскі грамадскі і палітычны дзеяч; брат Антанаса, Анупраса і Ёнаса Вілейшысаў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. З 1861 навучаўся ў Панявежысе. Скончыў гімназію с залатым медалём (1870) і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў кандыдатам (1874). У 1880 стаў выпускніком Санкт-Пецярбургскага інстытута шляхоў зносін і паступіў на службу ў праўленне Маскоўскай акругі шляхоў зносін. У 1883 быў накіраваны ў Бельгію для азнаямлення з найнавейшай тэхналогіяй будаўніцтва чыгуначных мастоў.
Пасля вяртання працаваў спецыялістам па кесонах, потым заснаваў прыватную будаўнічую кампанію. Пры будаўніцтве мастоў на чыгунках зарабіў значныя сумы. У 1890 стаў жыць у Вільні. Стварыў тут механічныя майстэрні сельскагаспадарчых прылад (1900), друкарню, дзе выдаваліся літоўскія кнігі (1904), літоўскую кнігарню (дзейнічала да 1913). У снежні 1904 пачаў выданне першай легальнай літоўскай газеты «Vilniaus žinios» ("Віленскія Весткі"; выдавалася да сакавіка 1909) і сам яе рэдагаваў.
У 1905—1906 паводле праекта архітэктара Аўгуста Кляйна пабудаваў палац на Антокалі. Частка комплекса прызначалася для публічных мерапрыемстваў і грамадскай дзейнасці. У 1907 ў палацы Вілейшыса была зладжана першая літоўская мастацкая выстаўка; пасля смерці Вілейшыса тут дзейнічалі Літоўскае навуковае таварыства і літоўскае таварыства асветы «Рытас» (цяпер комплекс будынкаў займае Інстытут літоўскай літаратуры і фальклора, Antakalnio g. 6)[2]
Пасля вяртання ў 1905 у Літву Ёнаса Басанавічуса разам з ім займаўся скліканнем Вялікага Віленскага сейма і арганізацыяй Літоўскага навуковага таварыства. У 1907 быў абраны ў члены праўлення Літоўскага навуковага таварыства.
Аднак да гэтага часу прывезены з Расіі капітал, выдаткаваны на ўсялякага рода нацыянальную працу, скончыўся. З-за адсутнасці прыбытку давялося прадаць майстэрні (акцыянернаму таварыству "Вілія"), друкарню, кнігарню (Ёнасу Шлапялісу). У 1908 разам з сям'ёй выехаў у Расію. Зноў кіраваў будаўніцтвам мастоў, падчас Першай сусветнай вайны удзельнічаў у працы таварыства дапамогі пацярпелым ад баявых дзеянняў, у дзейнасці, накіраванай на стварэнне Літоўскай дзяржавы.
У 1921 вярнуўся ў Літву і пачаў жыць у Каўнасе. Служыў кіраўніком корпуса інжынераў міністэрства транспарта, быў у 1922—1923 міністрам транспарта.
Памёр 12 жніўня 1926 у Паланзе, пахаваны на дзяржаўныя сродкі ў каўнаскай базіліцы. 21 сакавіка 1935 яго рэшткі былі перавезены ў Вільню і пахаваныя ў сямейнай магіле на могілках Роса.
Грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Актыўна ўдзельнічаў у літоўскім нацыянальным руху, прапагандаваў развіццё нацыянальнай гаспадаркі, падтрымліваў асветніцкія ініцыятывы. Карыстаючыся сваёй пасадай і сувязямі з уплывовымі расійскімі чыноўнікамі, змагаўся за адмену забароны на літоўскі друк лацінкай.
Яшчэ студэнтам арганізаваў у Пецярбургу гурток літоўскіх студэнтаў, выпускаў рукапісную газету лацінскім алфавітам „Kalvis melagis“ (1875—1876), удзельнічаў у дабрачыннай дзейнасці літоўскіх таварыстваў у Санкт-Пецярбургу.
Фінансава падтрымліваў літоўскі перыядычны друк. Супрацоўнічаў з газетамі «Varpas (1889-1906)» і «Аўшра», сам пісаў і перакладаў кнігі на літоўскую мову, арганізоўваў іх выданне і распаўсюд. Атрымаўшы ў 1876—1877 дазвол Санкт-Пецярбургскага цэнзурнага камітэта, легальна выдаў лацінскім алфавітам чатыры свае кнігі. Пазней яго творы выдавалі друкарні ва Усходняй Прусіі і ЗША. Карыстаючыся сваім становішчам, садзейнічаў руху кніганошаў у перапраўцы забароненых кніг чыгуначным транспартам.
На свае прадпрыемствы прыймаў рабочых-літоўцаў. У Вільні, наладзіўшы выданне "Вестак Вільні", рыхтаваў у сваёй друкарні наборшчыкаў літоўскіх выданняў. Матэрыяльна падтрымліваў арганізацыю літоўскіх мастацкіх выстаў, курсаў літоўскай мовы, школ.
Літаратурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Супрацоўнічаў з літоўскім друкам яшчэ ў часы яго забароны літоўскім друкам. На свае сродкі выдаў каля ста літоўскіх выданняў. Напісаў некалькі расказаў, сцэнічных карцін, вершаў. Перакладаў празаічныя творы Марка Твэна, Брэта Гарта, Генрыка Сянкевіча, Андэрсана. Напісаў некалькі падручнікаў, стварыў альбо пеаказаў каля папулярных кніжак на розныя тэмы — з вобласці ветэрынарыі, гісторыі культуры, медыцыны, садоўніцтва, сельскай гаспадаркі. Выкарыстоўваў псеўданімы Petras Nėris, P. N., Giedris, Ramojus, V. Gintautas.
Узнагароды і званні
[правіць | правіць зыходнік]У 1923 факультэт гуманітарных навук Літоўскага ўніверсітэта прысвоіў яму ступень ганаровага доктара літоўскай літаратуры. Літоўскае таварыства тэхнікаў і інжынераў абрала Вілейшыса саім ганаровым старшынёй (1924). У 1926 тэхнічны факультэт Літоўскага ўніверсітэта надаў Вілейшысу званне ганаровага доктара-інжынера. За заслугі перад краінай Сейм Літоўскай Рэспублікі прызначыў яму дзяржаўную пенсію (1925).
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Lapinskienė A. (рэд.), «Vilniaus kultūrinis gyvenimas ir Petras Vileišis», Вільнюс 2001, ISBN 9955-475-10-2.
Зноскі
- ↑ а б Petras Vileišis // LIMIS
- ↑ Institute of Lithuanian Literature and Folklore Архівавана 26 верасня 2008. (англ.)
- Нарадзіліся 25 студзеня
- Нарадзіліся ў 1851 годзе
- Нарадзіліся ў Пасваліскім раёне
- Памерлі 12 жніўня
- Памерлі ў 1926 годзе
- Пахаваныя на могілках Роса
- Выпускнікі фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Гісторыя Літвы
- Культура Літвы
- Постаці літоўскага нацыянальнага руху