Рух жоўтых камізэлек

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэманстрацыя ў Бельфоры, 1 снежня 2018

Рух жоўтых камізэлек (фр.: mouvement des Gilets jaunes) — сацыяльна-палітычны пратэстны рух за эканамічную справядлівасць, што пачаўся ў Францыі ў лістападзе 2018. Камізэлькі пратэстуюць супраць высокай цаны на жыллё і паліва, эканамічнай няроўнасці ды патрабуюць павышэння мінімальнай заробнай платы, спынення росту цэн, вяртання падатку на багацце, адмененага ў 2017, магчымасці ініцыяваць народныя рэферэндумы. Пратэсты — гэта ў асноўным дэманстрацыі і блакаванне дарог і паліўных складоў. Некаторыя дэманстрацыі суправаджаліся гвалтам і пагромамі такіх маштабаў, якіх Францыя не бачыла з мая 1968. Рэакцыя паліцыі была жорсткай, часам, — на думку міжнароднай супольнасці — жорсткай празмерна. Зімой 2018/19 жоўтая камізэлька як сімвал пратэсту неаднойчы ўжывалася ў іншых краінах свету.

Усё пачалося з онлайн-петыцыі, якая была апублікавана ў траўні 2018 і набрала блізу мільёна подпісаў, а працягнулася ў сацыяльных сетках. Першая вулічная акцыя адбылася 17 лістапада 2018 года пасля чарговага павышэння цаны на бензін. Пратэстоўцы сцвярджаюць, што падатковы цяжар ляжыць на працоўных і сярэднім класе, і становіцца асабліва адчувальным у сельскіх і перы-ўрбанізаваных раёнах. Згодна з апытаннямі, рух ахоплівае шырокі палітычны спектр — ад крайніх левых з аднаго боку да крайніх правых з другога, да ўвогуле абыякавых да палітыкі з трэцяга; у палітычным сэнсе ўдзельнікаў аб'ядноўвае хіба тое, што яны не галасавалі за Макрона ў 2017 і былі б не супраць, каб сённяшні прэзідэнт сышоў.

Візуальнай пазнакай пратэсту была абрана жоўтая камізэлька, якую ў Францыі ўсе кіроўцы абавязаны мець у сваіх аўто і апранаць у надзвычайных сітуацыях. Акрамя паўсюднасці, да пераваг камізэлек адносяцца заўважнасць, універсальнасць, зручнасць і асацыяцыя з працоўнымі класамі.

У верасні 2020 года пратэстны рух зноў набраў абароты. 11 верасня ў Парыжы прайшлі дэманстрацыі «жоўтых камізэлак», якія неўзабаве перараслі ў беспарадкі[1].

Зноскі