Перайсці да зместу

Саньера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцягі тэрыторый, якія ўваходзілі ў Каралеўства Арагон, створаны на аснове саньеры. Прапорцыі 2:3

Санье́ра (катал.: senyera — «сігнальны сцяг») — сцяг, створаны на аснове герба Каралеўства Арагон. Складаецца з чатырох чырвоных гарызантальных палос на залацістым фоне.

Герб Арагона часта называюць арагонскія палосы. Яны паслужылі матывам для сімвалаў чатырох іспанскіх аўтаномных абласцей — Каталоніі, Арагона, Балеарскіх астравоў і Валенсіі, а таксама сотняў гербаў і сцягоў адміністрацыйных адзінак, якія размешчаны ў гэтых абласцях.

На каталанскай мове гэты сцяг часта называюць «senyal reial», гэта значыць «каралеўскі сцяг». На арагонскай ён называецца «o siñal d'Aragón» — «сцяг Арагона».

Паходжанне і гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Саньера — адзін з найстаражытных сцягоў Еўропы, аднак у яго ўжыванні былі перапынкі. Упершыню сімвал чатырох палос з'явіўся на друку арагонскага караля Альфонса II Арагонскага ў 1159 годзе.

Па меркаванні Арагонскай энцыклапедыі, сцвярджэнне, што гэты сімвал з'явіўся раней, падчас кіравання графа Барселоны Рамона Берэнгера IV у 1150 годзе, з'яўляецца сумніўным.[1].

Сцяг Пано да Кункеста, які быў вывешаны маўрамі на адной з вежаў Валенсіі ў 1238 годзе, калі яны здаліся арагонскаму каралю Хаймэ I Заваёўніку, з'яўляецца першым сведчаннем выкарыстання чатырох палос на сцягу, аднак фон гэтага сцяга быў белым, а не жоўтым, як на сучаснай саньеры.

Сцяг Ватыкана да 1808 года.

Легенда XIV стагоддзя казала, што сцяг з'явіўся ў IX стагоддзі, калі Карл II Лысы на залатым шчыце Віфрэда I Валасатага намаляваў чатыры паласы крывёй самога Віфрэда перад яго смерцю (Карл памачыў свае пальцы ў раны Віфрэда, якія той атрымаў падчас аблогі Барселоны Лоба ібн Мухамедам, маўрскім губернатарам Лейды). Паводле легенды гэта адбылося ў 897 годзе. Гэта легенда была вельмі папулярнай у XIX стагоддзі ў перыяд каталонскага адраджэння  (англ.). Сёння прызнаецца, што гэта не больш чым легенда, бо Карл Лысы памёр за 20 гадоў да гэтых падзей у 877 годзе.

Жэнералітат сцвярджае, што сімвал з'явіўся ў XI ці XII стагоддзі на гербе барселонскіх графаў — там палосы былі размешчаны вертыкальна, тады як на сцягу іх размяшчэнне гарызантальнае[2].

Паводле іншай версіі Арагонскае каралеўства выкарыстоўвала для сваіх сімвалаў колеры Ватыкана, сімвалізуючы падпарадкаванне Барселонскага графства Папу Рымскаму. Гэты старажытны сцяг дагэтуль можна пабачыць у Рыме на Капіталійскім узгорку каля Рымскага Форума. І нягледзячы на тое, што Ватыкан змяніў свае колеры ў 1808 годзе на жоўты і белы, горад Рым захаваў менавіта жоўты (залаты) і чырвоны.

Геральдычнае апісанне герба — «золата, чатыры палосы колеру кінавары».

Сцягі на аснове Саньеры

[правіць | правіць зыходнік]

Сцягі тэрыторый

Гістарычныя сцягі

Палітычныя сцягі

Зноскі

  1. Palos de Aragón. Вялікая арагонская энцыклапедыя (2003 год.). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2012. Праверана 24-04-2008.
  2. Нацыянальныя сімвалы Архівавана 21 красавіка 2008., на сайце Жэнералітата Каталоніі.