Сістэма адліку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сістэ́ма адлі́кусістэма, якая складаецца з сістэмы каардынат і сістэмы вымярэння часу (гадзінніка). Сістэма адліку дазваляе вызначыць палажэнне цела ў прасторы і момант часу, калі яно займае гэтае палажэнне (у ідэале – любога цела ў любы момант часу).

З аднароднасці і ізатропнасці прасторы вынікае адсутнасць абсалютнай сістэмы каардынат. Любы пункт прасторы можа быць прыняты за пачатак каардынат, а любая прамая – за каардынатную вось. Паколькі час з'яўляецца аднародным, то любы момант часу можа быць прыняты за пачатак адліку. Такім чынам, паняцці «каардынаты цела» і «момант часу» маюць сэнс толькі ў межах той ці іншай сістэмы адліку.

Праз абстрактнасць паняццяў «пункт», «прамая» і «момант» у рэальнасці пачатак каардынат і напрамкі васей звязваюцца з пэўным целам, а пачатак адліку часу – з пэўнай падзеяй.

З пераходам ад аднае сістэмы адліку да іншай можа змяняцца радыус-вектар (каардынаты) пункта і момант часу. Адлегласць між двума аб'ектамі ў прасторы і між дзвюма падзеямі ў часе ў класічнай фізіцы не залежаць ад сістэмы адліку.

Усе сістэмы адліку з'яўляюцца кінематычна эквівалентнымі. Гэта значыць, што рух цела можна апісаць аднымі і тымі ж формуламі, незалежна ад сістэмы адліку, у якой ён разглядаецца. Пры гэтым кінематычныя характарыстыкі руху (перамяшчэнне, хуткасць, паскарэнне) з пераходам ад аднае сістэмы адліку да іншай могуць змяняцца.

З пункту гледжання дынамікі сістэмы адліку падзяляюцца на інерцыяльныя і неінерцыяльныя. У інерцыяльных сістэмах выконваецца закон інерцыі (першы закон Ньютана). Гэты ж закон пастулуе наяўнасць хаця б адной інерцыяльнай сістэмы. Інерцыяльнымі будуць таксама ўсе сістэмы, што рухаюцца адносна інерцыяльнай без паскарэння (з пастаяннай хуткасцю). Усе іншыя сістэмы (гэта значыць, якія рухаюцца з паскарэннем адносна інерцыяльных) з'яўляюцца неінерцыяльнымі. Законы механікі ў неінерцыяльных сістэмах таксама дзейнічаюць, але ў іх уносяцца папраўкі, што ўлічваюць неінерцыяльнасць сістэмы адліку.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]