УАЗ-450
Тып(ы) кузавы: | 2‑дзв. фургон (2‑месн.) |
Колавая формула: | 4×4 |
Аб'ём бака: | 2х48 л |
УАЗ-450 — грузапасажырскія аўтамабілі высокай праходнасці, якія серыйна вырабляліся на Ульянаўскім аўтамабільным заводзе з 1958 па 1965 год.
Увесну 1955 канструктарам ульянаўскага аўтазавода паступіла заданне спраектаваць аўтамабіль на шасі «ГАЗ-69» грузападымальнасцю больш за 800 кг. УАЗ-450 стаў першай самастойнай серыйнай мадэллю, з шэрагу тых, што да гэтага вырабляў УАЗ.
Да 1965 года, калі пачаўся выпуск новага сямейства аўтамабіляў — «УАЗ-452», было выраблена 55 319 аўтамабіляў «УАЗ-450» розных мадыфікацый.
Мадыфікацыі
[правіць | правіць зыходнік]- УАЗ-450 — суцэльнаметалічны фургон;
- УАЗ-450А — санітарны. У 1958 годзе былі пабудаваны першыя 250 машын. «УАЗ-450А» шырока ўжываўся як армейскі санітарны транспарт. Апошнія пяць асобнікаў УАЗ-450А вырабілі ў 1966 годзе. Усяго з 1958 па 1966 год завод выпусціў 30103 санітарныя «УАЗ-450А»[1].
УАЗ-450Б — штабны мікрааўтобус. У салоне былі ўсталяваныя сейф для захоўвання дакументаў, адкідныя сталы, настольныя лямпы, гадзіннік і дадатковыя аўтаномныя ацяпляльнікі. У 1956 годзе для Аўтамабільнага ўпраўлення Узброеных сіл СССР былі пабудаваныя тры доследныя ўзоры[2].
- УАЗ-450В — мікрааўтобус;
- УАЗ-450Д — бартавы грузавік з двухмеснай кабінай і драўляным кузавам;
- УАЗ-450П — эксперыментальны седлавы цягач з паўпрычэпам «УАЗ-752».
Апісанне канструкцыі
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабіль быў створаны на вузлах і агрэгатах «ГАЗ-69», але з рухавіком павялічанага працоўнага аб’ёму.
Рама — максімальна ўніфікаваная з мадэллю ГАЗ-69. Адрозненні: падоўжаныя пярэднія і заднія канцы рамы і ўведзеныя кранштэйны для ўстаноўкі кузава вагоннай кампаноўкі, трымальніка запаснога кола на левым ланжэроне, рысор з заладкай пярэдніх канцоў у гумавых падушках.
Кузаў аўтамабіля-фургона — суцэльнаметалічны, вагоннага тыпу. Характэрнай рысай фургонаў гэтай серыі з’яўлялася адсутнасць бакавых дзвярэй (акрамя мадыфікацыі «450В»), загрузка грузаў або пасадка пасажыраў ажыццяўлялася праз заднія дзверы. Адкідное вечка на левым баку кузава прыкрывала запасное кола, якое знаходзілася пад левым бортам. Кабіна грузавога УАЗ-450Д — двухмесная, размешчана над рухавіком; кузаў — драўляная платформа з трыма бартамі.
На перадсерыйных машынах бакавыя пярэднія дзверы адчыняліся супраць руху.
Панэль прыбораў — спідометр і паказальнікі ўзроўню бензіну, ціску масла, тэмпературы вады і амперметр — знаходзіліся пасярэдзіне, над векам капота на асобным авальным шчытку. Амаль плоскае века капота адкідвалася назад і ў адкрытым становішчы ўтрымліваецца зашчапкай, размешчанай на столі кабіны. Ззаду за ёй — рычагі ўключэння пярэдняга моста і кіравання раздатачнай каробкай. Рычаг пераключэння перадач размешчаны вертыкальна ў пярэдняй частцы левай бакавіны капота рухавіка, побач з рулявой калонкай. Прывад пераключэння складаецца з дзвюх пар цяг, якія злучаюць каробку перадач з механізмам і рычагом пераключэння.
Рухавік «УАЗ-450» — карбюратарны, радны, 4-х цыліндравы з вадкасным астуджэннем і працоўным аб’ёмам 2430 см³. Ад базавага рухавіка ГАЗ-69 гэты матор адрозніваўся павялічаным дыяметрам цыліндра (з 82 да 88 мм), карбюратарам К-22Ж, наяўнасцю шасцілопаснага вентылятара і радыятара ахалоджвання масла[3]. Прывад уключэння старцёра — механічны, ад нажной педалі. Ёмістасць двух паліўных бакаў — па 48 л.
Каробка перадач — трохступеньчатая, з механічным прывадам выключэння счаплення. Раздатачная каробка — двухступеньчатая, з муфтай уключэння пярэдняга моста. Кіраванне каробкай перадач і раздатачнай каробкай ажыццяўлялася праз сістэму цяг з прамежкавымі рычагамі. Круцільны момант ад каробкі перадач да раздатачнай каробкі перадаецца праз прамежкавы карданны вал. Счапленне — узмоцненае, з націскнымі спружынамі вядучага дыска счаплення ад аўтамабіля ГАЗ-51.
Падвеска — залежная, рысорная з рычажна-поршневымі амартызатарамі. Пярэднія і заднія рысоры ўніфікаваныя.
Рабочыя тармазы — барабанныя, з гідраўлічным прывадам. Стаяначны тормаз — барабанны, размешчаны на раздатачнай каробцы і прыводзіўся ў дзеянне рычагом пры дапамозе гнуткага троса.
Акумулятарная батарэя размешчана за сядзеннем кіроўцы і прыкрыта вечкам. Для свабоднага доступу да яе адкідваецца сядзенне.
У электраабсталяванні санітарнай мадэлі «УАЗ-450А» былі ўжытыя фара-пражэктар, пярэдні і задні ліхтары асвятлення санітарнага знака, штэпсельная разетка прычэпа, 4 плафоны асвятлення санітарнага адсека, электрычны шклоачышчальнік. На аўтамабілях, якія вырабляліся да ліпеня 1960 года з «масай» злучаўся станоўчы полюс акумулятарнай батарэі.
Тэхнічныя характарыстыкі
[правіць | правіць зыходнік]УАЗ-450 | УАЗ-450Д | |
---|---|---|
Тып | Фургон | Бартавы грузавы аўтамабіль |
Падрыхтаваная маса, кг | 1745 | 1700 |
Дазволеная маса, кг | 2645 | 2650 |
Габарытныя памеры, мм (даўжыня × шырыня × вышыня) |
4360 × 1940 × 2050 | 4405 × 2040 × 2070 |
Колавая база, мм | 2300 | |
Унутраныя памеры кузава, мм (даўжыня × шырыня × вышыня) |
2600 × 1870 × 420 | |
Рухавік | карбюратарны, радны, ніжнеклапанны, 4-х цыліндравы з вадкасным астуджэннем | |
Аб’ём, см³ | 2430 | |
Ступень сціску | 6,6 | |
Магутнасць | 62 к.с. пры 3800 аб / хв | |
Каробка перадач | механічная, 3-ступеньчатая, з сінхранізатарамі на II і III перадачах | |
Раздатачная каробка | 2-ступеньчатая | |
Макс. хуткасць, км/г | 90 | |
Выдатак паліва, л/100 км | 14,0 | |
Памер шын | 8,40-15 |
Статыстыка вытворчасці
[правіць | правіць зыходнік]Статыстыка выпуску[4] | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1958 | 1959 | 1960 | 1961 | 1962 | 1963 | 1964 | 1965 | 1966 | |
УАЗ-450 | 778 | 406 | 1250 | 1603 | 2011 | 1867 | 2143 | 1882 | — |
УАЗ-450А | 250 | 2696 | 3500 | 4695 | 4752 | 4895 | 4960 | 4350 | 5 |
УАЗ-450Д | 412 | 1500 | 1430 | 1000 | 1785 | 2104 | 2038 | 3007 | — |
Усяго было выраблена 55 319 аўтамабіляў «УАЗ-450» розных мадыфікацый.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ К 60-летию семейства УАЗ-450. «Таблетка» вечной молодости. Часть 1. История медицинских «Буханок» в стандартном кузове. Советский период // mpark.pro (руск.)
- ↑ УАЗ рассказал об очередном уникальном автомобиле из прошлого (руск.). abw.by (4 мая 2021). Праверана 4 мая 2021.
- ↑ АЛ №191 2016, с. 11.
- ↑ АЛ №191 2016, с. 14.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Краткий автомобильный справочник НИИАТ. Издание пятое, переработанное и дополненное(руск.). М.: «Транспорт». 1967. p. 217-221, 313.
- "УАЗ-450". Автолегенды СССР(руск.). No. 191. «DeAgostini». 2016. ISSN 2071-095X.
- Автомобиль УАЗ-450 глазами конструктора. Технические и конструктивные особенности автомобилей УАЗ-450(руск.) // Панорама УАЗ : газета. — 8 лютага 2017. — № 2 (8303). — С. 5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме УАЗ-450
- Уазбука. Галерея автомобилей УАЗ-450 // www.uazbuka.ru (руск.)
- Ужель тот самый «головастик»? Ретротест грузовика УАЗ‑450Д // gruzovikpress.ru (руск.)