Перайсці да зместу

Урэвэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Урэвэ
Жалезны век
Геаграфічны рэгіён Цэнтральная Афрыка, Усходняя Афрыка
Лакалізацыя Вялікія Афрыканскія азёры
Датаванне другая палова 1 тысячагоддзя
Носьбіты банту
Тып гаспадаркі земляробства
Даследчыкі Мэры Лікі
Пераемнасць
Тва

Урэвэ (англ.: Urewe) — археалагічная культура жалезнага веку ў Цэнтральнай Афрыцы. Ахоплівала значныя тэрыторыі паўночнай часткі Вялікіх Афрыканскіх азёр. Перыядызуецца другой паловай 1 тысячагоддзя н. э., хаця некаторыя даследчыкі схільны да пашырэння храналагічных межаў яе існавання.

Асаблівая кераміка Урэвэ была вылучана ў 1948 г. Мэры Лікі, якая назвала яе «ямкавай» (англ.: dimple based). У 1961 г. адбылася сістэматызацыя і класіфікацыя старажытнай керамікі Усходняй Афрыкі, пры гэтым кераміка Урэвэ набыла сваю сучасную назву паводле наймення кенійскай вёскі, дзе былі зроблены тыповыя для таго часу знаходкі. У 19701971 гг. была прасочана сувязь керамікі Урэвэ з экспансіяй плямён банту, яна была вылучана як кераміка ранняга жалезнага веку.

Асновай для ўсталявання храналогіі існавання культуры Урэвэ традыцыйна з’яўляюцца рэшткі керамічных вырабаў, у меншай ступені — металічных вырабаў. Аднак вывучэнне апошніх дазваляе болей дакладна акрэсліваць храналагічныя межы. Мяркуецца, што найбольш старажытная кераміка Урэвэ з’явілася каля 2500 гадоў таму на паўночным захадзе Танзаніі, у Руандзе і Бурундзі, але ў выніку распаўсюдзілася на плошчы каля 400 000 км². Сучасныя метады даследавання металічных вырабаў паказваюць пераважна на перыяд другой паловы 1 тысячагоддзя. Росквіт культуры Урэвэ адбыўся каля 600800 гг. Перыяд яе заканчэння дакладна не вызначаны. На большай частцы тэрыторыі свайго распаўсюджання яна знікае ў канцы 1 тысячагоддзя. Але даследчыкі сцвярджаюць, што некаторыя супольнасці паўночнай часткі Вялікіх Азёр захоўвалі яе рысы і ў першай палове 2 тысячагоддзя.

Характэрныя рысы

[правіць | правіць зыходнік]

Носьбіты культуры Урэвэ сяліліся ў пагорыстай мясцовасці паўночнай часткі Вялікіх Азёр з адносна мяккім кліматам. Яны ўзводзілі вялікія стацыянарныя паселішчы плошчай да 2000 га. Паміж імі існаваў сталы абмен. Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі былі жывёлагадоўля і земляробства. Трымалі кароў, вырошчвалі сорга і проса.

Керамічныя вырабы прадстаўлены невялікім посудам да 36 см у вышыню са стэрэатыпнымі ўпрыгожваннямі ў выглядзе фаскі на венцы, штрыхоўкі на паверхні рыльца, стужачным узорам на тулаве, ямкамі каля дна, а таксама вузкімі цаглінамі. Апошнія выкарыстоўваліся для будаўніцтва металургічных печаў. Асноўным металам, апрацоўваемым носьбітамі Урэвэ, было жалеза. Некаторыя паселішчы знаходзіліся каля багатых радовішчаў жалезных руд. Тэхналогія выплаўлення значна адрознівалася ад распаўсюджанай на поўначы Афрыкі. Відавочна, замест мяхоў для падачы паветра выкарыстоўвалася натуральная цяга, што набліжае мясцовую металургію да заходнеафрыканскай.

Характэрна, што рассяленне носьбітаў Урэвэ суправаджалася скарачэннем плошчы лясоў. Магчыма, што кліматычныя змены канца 1 тысячагоддзя спрыялі сур’ёзнай экалагічнай напружанасці і ў выніку — заняпаду культуры.