Перайсці да зместу

Ханс фон Аахен

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ханс фон Аахен
ням.: Hans von Aachen
Род дзейнасці мастак, партрэтыст, дыпламат, дызайнер
Дата нараджэння 1552[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 4 сакавіка 1615(1615-03-04)[3][4][…]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Regina di Lasso[d]
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ханс фон Аахен (ням.: Hans von Aachen; 1552, Кёльн — 4 сакавіка 1615, Прага) — нямецкі жывапісец і графік. Прадстаўнік маньерызму. Пісаў пераважна алегарычныя, міфалагічныя і рэлігійныя палотны.

Навучаўся жывапісу ў Кёльне, у майстэрні фламандскага мастака Георга Эрыха. Ва ўзросце 22 гадоў (1574), верагодна, стаў членам гільдыі жывапісцаў Кёльна, ён адправіўся ў Італію, дзе паступіў у вучні да Гаспара Рэма. Падарожнічаючы па Італіі, Аахен пабываў у Фларэнцыі, Рыме і, магчыма, Венецыі. Вялікі ўплыў на станаўленне творчасці Аахена і фарміраванне яго маньерыстычнага стылю аказалі творы Тынтарэта і Караваджа. Акрамя гэтых майстроў, Ханс фон Аахен на працягу ўсяго жыцця ў сваёй творчасці адчуваў уплыў такіх майстроў, як Барталамеус Спрангер (1546—1611) і Хендрык Гольцыус (1558—1617), якія дамінавалі на мастацкай сцэне Германіі той эпохі.

У 1587—1596 гадах Аахен працаваў у Германіі, дзе набыў прызнанне як майстар тонкага псіхалагічнага партрэта, гістарычнага і рэлігійнага жывапісу, працуючы для арыстакратычных сямействаў Кёльна, герцагскага двара ў Мюнхене і шляхетнай сям’і Фугер у Аўгсбургу. Мастак напісаў некалькі палотнаў для Вільгельма (герцага Баварскага).

Росквіт мастацкай дзейнасці фон Аахена адносіцца да гісторыі Рудольфінскай Прагі. У 1592 годзе Ханс фон Аахен напісаў афіцыйны партрэт імператара Рудольфа II, пасля чаго быў завочна абвешчаны прыдворным мастаком і запрошаны ў Прагу (пераехаў туды ў 1597 ці 1601). Гэты партрэт з’яўляецца самай вядомай выявай імператара. Па сведчаннях гісторыкаў, фон Аахен выконваў функцыю даверанай асобы Рудольфа II. Верагодна, менавіта гэтай акалічнасцю тлумачыцца гэтак дакладнае перанясенне на палатно не толькі аблічча партрэтаванага, але і рыс яго характару. Па вядомасці гэты партрэт можа канкураваць толькі з партрэтам Рудольфа II пэндзля Джузэпэ Арчымбальда, на якім імператар прадстаўлены ў вобразе старажытнарымскага бога Вертумна.

Апроч заняткаў жывапісам, з 1596 года Ханс фон Аахен працаваў на сям’ю Габсбургаў у якасці дыпламата і ацэншчыка твораў мастацтва. Ён шмат падарожнічаў па Еўропе ў складзе дыпламатычнай місіі, а таксама з мэтай набыцця карцін для мастацкай калекцыі Рудольфа ІІ. У 1594 (або 1605) годзе мастаку быў нададзены дваранскі тытул. У 1596 Ганс фон Аахен ажаніўся з дачкой прыдворнага кампазітара Баварскага герцагства Арланда ды Ласа. У 1601 годзе Ханс фон Аахен канчаткова перасяліўся ў Прагу і заставаўся там да канца сваіх дзён. Пасля смерці Рудольфа II у 1612 годзе стаў прыдворным жывапісцам імператара Маціяса I.

Зноскі

  1. а б в Union List of Artist Names Праверана 23 кастрычніка 2015.
  2. а б в Library of Congress Library of Congress Name Authority File Праверана 23 кастрычніка 2015.
  3. Hans Aachen // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
  5. artist list of the National Museum of Sweden — 2016. Праверана 27 лютага 2016.
  6. https://harvardartmuseums.org/collections/object/222437