Шляхецкая дэмакратыя
Шляхецкая дэмакратыя — палітычная сістэма, якая існавала ў XVI - XVIII стагоддзях у Каралеўстве Польскім, а пазней — у Рэчы Паспалітай. Характэрызуецца наяўнасцю шырокіх правоў шляхты ва ўпраўленні краінаю.
Шляхецкая дэмакратыя з пэўнай доляй умоўнасці ўяўляе сабой варыянт прадстаўнічай дэмакратыі, але ў Рэчы Паспалітай народам лічылася не ўсё насельніцтва, а толькі шляхта (такім чынам, гэты палітычны рэжым можна назваць алігархіяй). У той жа час, Рэч Паспалітая не з'яўлялася рэспублікай, бо на чале дзяржавы стаяў манарх, які абіраўся пажыццёва. Прадстаўніцтва сойму забяспечвалася ўдзелам у яго складзе дэпутатаў ад дробных збораў шляхты — земскіх соймікаў. Дэпутаты абіраліся шляхтай пэўнага рэгіёну і атрымлівалі ад соймікаў інструкцыі, у якіх прапісвалася, як ім галасаваць на ўсеагульным (агульным) сойме. Пасля заканчэння агульнага сойма зноў склікаліся соймікі, на якіх дэпутаты адчытваліся перад шляхтай (рэляцыйныя соймікі).
Па Няшаўскіх статутах 1454 года соймікі атрымалі ад караля Казіміра IV Ягелончыка шырокія правы на ўдзел у агульнадзяржаўных справах. У склад сойма ўваходзілі кароль, члены пасольскай ізбы і сената. У пасольскай ізбе засядалі 170 дэпутатаў, абраных на сойміках (перадсоймавых). Сенат не быў выбарным органам і складаўся з членаў Каралеўскага Савета. Да іх належалі вышэйшыя духоўныя і свецкія саноўнікі. Кароль лічыўся трэцім саслоўем і склікаў засяданні. Вальны сойм павінен быў збірацца кожныя два гады на тэрмін у шэсць тыдняў.
Пераход да фальваркава-паншчыннай гаспадаркі спрыяў эканамічнаму і палітычнаму ўзмацненню шляхты. Да таго ж удзельная вага дваранства ў агульнай масе польскага насельніцтва была значна вышэй, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Гэтымі абставінамі і тлумачылася палітычная актыўнасць польскай шляхты і яе цікавасць да дзяржаўных спраў. На мяжы XV-XVI стст. у Польшчы завяршылася афармленне саслоўнай манархіі: у краіне дзейнічаў двухпалатны сойм. Верхняя палата - сенат - уключала ў сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства і магнатаў, занятых на высокіх дзяржаўных пасадах. У ніжнюю палату - пасольскую ізбу - уваходзілі дэпутаты, выбраныя на сойміках - з'ездах мясцовай шляхты. Сяляне і гараджане цалкам ухіляліся ад удзелу ў сойме. Галоўную ролю ў ім усё больш грала шляхта. Сойм мог не толькі ўплываць на рашэнні караля, але нават абмяжоўваць яго дзеянні. У сваю чаргу, паводзіны сойма залежалі ад пазіцыі соймікаў. Да таго ж, хоць з XIV ст. у краіне кіравалі толькі прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў, каралеўская ўлада заставалася выбарнай. Усё гэта надавала своеасаблівасці дзяржаўным ладам Польшчы і Рэчы Паспалітай.
Паміж уладамі і шляхтай ішла барацьба за ўплыў на караля. У 1530 яна вылілася ў адкрытае палітычнае супрацьстаянне. Штуршком да яго паслужыла тое, што кароль Жыгімонт I (1506-1548), па патрабаванні сваёй жонкі-італьянкі Боны Сфорца, правёў абранне і каранацыю іх дзевяцігадовага сына Жыгімонта Аўгуста. Гэта супярэчыла традыцыі, бо новага караля можна было выбіраць толькі пасля смерці яго папярэдніка. Стала зразумела, што зроблена спроба замяніць выбарную манархію спадчыннай. Абураная шляхта абвінаваціла Жыгімонта I у парушэнні законаў, але далей гэтага справа не пайшла.
Жыгімонт II Аўгуст (1548-1572) працягнуў лінію бацькі, праз што паміж ім і шляхтай паўстаў канфлікт. Аднак калі каралю спатрэбіліся грошы для вядзення вайны, а атрымаць іх ён мог толькі са згоды шляхты, манарху прыйшлося пайсці на саступкі. На здзіўленне ўсяго сойму Жыгімонт Аўгуст з'явіўся на яго паседжанні не ў звыклым для яго модным італьянскім, а ў шляхецкім уборы. Да таго ж ён звярнуўся да сойму на польскай мове, а не на лацінскай, як заўсёды. Гэта былі сімвалічныя прыкметы змены пазіцыі караля, яго імкненне дамовіцца са шляхтай. Вынікам кампрамісу стала зацвярджэнне прынцыпу абрання польскіх каралёў.
Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста, апошняга з дынастыі Ягелонаў, польскім каралём абралі французскага прынца Генрыха Валуа (1573-1574). Перад уступленнем на трон ён пакляўся не парушаць законаў Рэчы Паспалітай. Кароль быў абавязаны кожныя два гады склікаць сойм, не мог без яго згоды аб'яўляць вайну, заключаць мір, выдаваць законы, склікаць апалчэнне. Адмова манарха ад выканання сваіх абавязкаў вызваляла шляхту ад падпарадкавання яму. Следствам гэтага ўзмацнення пазіцый шляхты стала ўвядзенне ў дзеянне прынцыпу «свабоднага вета» (забароны). Калі хаця б адзін з дэпутатаў сойма прамаўляў: "Не дазваляю», рашэнне не прымалася, нават калі ўсе астатнія за яго прагаласавалі. Пачаліся пастаянныя зрывы ў працы сойма. Нярэдка здаралася, што дэпутаты раз'язджаліся па сваіх маёнтках, так нічога і не вырашыўшы.
Шляхецкая вольнасць праявілася і ў рэлігійным пытанні. Рэфарматарскія ідэі рана праніклі ў Польшчу як у форме лютэранства, так і кальвінізму. Польскія пратэстанты патрабавалі падпарадкавання каталіцкай царквы каралю, перадачы царкоўнай уласнасці дзяржаве, адмену дзесяціны і ўвядзення падаткаабкладання для духавенства. У сярэдзіне XVI ст. яны атрымалі поспех: сойм пры падтрымцы караля вызваліў шляхту ад выплаты дзесяціны і ўсталяваў свабоду веравызнання. Але прыхільнасць шляхты да пратэстантызму аказалася нетрывалай: атрымаўшы сваё, яна стала вяртацца да каталіцызму.
Канстытуцыя 3 мая 1791 года ўтрымоўвала закон «Аб сойміках», які пазбаўляў галату (беззямельную шляхту) права на ўдзел у сойміках.
Асноўныя рысы шляхецкай дэмакратыі
[правіць | правіць зыходнік]- Выбарнасць манарха
- Наяўнасць шляхецкіх соймаў і соймікаў
- Наяўнасць Сената
- Шляхецкія вольнасці
Галіны ўлады
[правіць | правіць зыходнік]- Выканаўчаяː манарх
- Заканадаўчая: соймы і соймікі
- Судовая: суды