Перайсці да зместу

Электрычныя праваднікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Электры́чныя праваднікі́ — рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зараду), якія ў электрычным полі набываюць упарадкаваны рух.

Асноўныя праваднікі — металы і іх сплавы, электраліты, плазма. У металах носьбітамі электрычнага току з'яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх тэмпературах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі.

Металічныя праваднікі выкарыстоўваюцца ў электрычных кабелях і правадах, абмотках электрычных машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў электрычных акумулятарах.

Адзін з найлепшых праваднікоў — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія ўплаўляюць у кераміку, шкло і інш. Найбольш пашыраны праваднік — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны праваднік — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.