Перайсці да зместу

Яўген Аляксандравіч Рагоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яўген Аляксандравіч Рагоўскі
Дата нараджэння 1855
Месца нараджэння
Дата смерці 6 лютага 1911(1911-02-06)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці фізік
Месца працы
Альма-матар

Яўген Аляксандравіч Рагоўскі (1855, г. Кобрын, Гродзенская губерня — 6 лютага 1911, Ялта) — расійскі астрафізік, метэаролаг. Магістр фізікі (1903), прафесар. Член рускіх фізіка-хімічнага і астранамічнага, Французскага фізічнага і Харкаўскага матэматычнага таварыстваў.

Нарадзіўся ў сям’і гарадскога ўрача, род якога паходзіў з патомнай шляхты Гродзенскай губерні. У 1874 годзе скончыў Беластоцкае рэальнае вучылішча, у 1876 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Праз год здаў за курс гімназіі і паступіў на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе слухаў лекцыі Д. Мендзялеева, П. Чэбышава, Ф. Петрушэўскага, І. Боргмана, А. Хвольсана.

У 1882 годзе скончыў курс універсітэта са ступенню кандыдата. Па заканчэнні ўніверсітэта выкладаў матэматыку і фізіку ў Пакроўскай жаночай гімназіі ў Санкт-Пецярбургу і адначасова займаўся падрыхтоўкай для атрымання прафесарскага звання ў фізічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ф. Петрушэўскага пры Пецярбургскім універсітэце.

З 1891 годзе выкладаў фізіку і матэматычную геаграфію ва Увядзенскай мужчынскай гімназіі. З 1885 года да 1904 год быў памочнікам рэдактара фізічнай часткі часопіса «Журнал Руского физико-химического общества» і на працягу некалькіх гадоў кіраваў практычнымі заняткамі студэнтаў у фізічнай лабараторыі Пецярбургскага ўніверсітэта. Навуковыя працы вучонага, якія друкаваліся ў «Журнале Руского физико-химического общества», «Nature», «Astron. Nahhrichten» і інш., прысвечаны такім пытанням, як будова зямной атмасферы, тэмпература і склад атмасферы Сонца і планет, сонечная радыяцыя, кінетычная тэорыя газаў. Вучоны праводзіў фотаметрычныя назіранні.

У 1903 годзе абараніў дысертацыю «О внешней теплопроводности серебряных проволок в воде» на ступень магістра фізікі.

На працягу 1903—1904 гадах вёў лекцыі па кінетычнай тэорыі газаў у Пецярбургскім універсітэце ў якасці прыват-дацэнта, адначасова працаваў у гімназіях. Чытаў публічныя лекцыі аб тэрмаэлектрычнасці, аб Сонцы, а таксама публічны курс гідрастатыкі.

У 1904 годзе быў выбран на пасаду прафесара кафедры фізікі і метэаралогіі Імператарскага Харкаўскага ўніверсітэта, дзе выкладаў такія дысцыпліны, як метэаралогія і механічная тэорыя цяпла. Адначасова ў 1907—1908 гадах чытаў курс эксперыментальнай фізікі ў Харкаўскім ветэрынарным інстытуце.

У 1906 годзе прыняў удзел у пасяджэнні камісіі па даследаванні Сонца пры Імператарскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. У 1909 годзе прыняў удзел у II Метэаралагічным з’ездзе (Санкт-Пецярбург). З’яўляўся пажыццёвым членам Рускага фізіка-хімічнага таварыства і сапраўдным членам Рускага астранамічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, французскага фізічнага таварыства ў Парыжы і Харкаўскага матэматычнага таварыства.

Працаваў у сваёй лабараторыі па пытанні аб зменах спектра вадарода ад працягласці дзеяння моцных разрадаў. Папярэднія звесткі аб сваіх вопытах паслаў на I Мендзялееўскі з’езд (1907). Выпрацаваў план вопытаў і амаль усё падрыхтаваў для іх (факультэт адпусціў неабходныя сродкі для набыцця прыбораў), але хвароба прыпыніла яго работы.

У 1909—1910 гадах захварэў на пляўрыт, па рэкамендацыі ўрачоў паехаў лячыцца ў Швейцарыю (камуна Мантро), затым у Крым. Пасля працяглай хваробы заўчасна памёр 6 лютага 1911 годзе у Ялце.

У 1903 годзе Рускім астранамічным таварыствам за працы «О составе атмосферы солнца и планет и их температуре» і «Ещё о температуре и составе атмосфер солнца и планет» (1899). Быў удастоены прэміі і медаля імя імператара Мікалая Аляксандравіча.