Ітуры (лес)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выгляд зверху

Іту́ры (фр.: Ituri) — масіў трапічных дажджавых лясоў на паўночным усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Большая частка знаходзіцца на тэрыторыі аднайменнай правінцыі. Агульная плошча — каля 63 000 км².

Лес Ітуры месціцца на аднайменных схілах вышынёй ад 700 м да 1000 м паабапал ракі Ітуры. Мясцовы ландшафт пачаў фарміравацца ў дакембрыйскі перыяд. Для Ітуры характэрны экватарыяльны клімат з сярэдняй тэмпературай на працягу года каля +31°C. Вылучаюцца сухі і вільготны сезоны, прычым сухі сезон цягнецца ўсяго 2 месяца. Пераважаюць гліністыя глебы з чырвоным або белым колерам. Пласт гумусу даволі тонкі, паколькі частыя дажджы вымываюць значную частку біялагічных рэчываў, робяць глебу кіслай.

Важную ролю ва ўзбагачэнні ўрадлівасці адыгрываюць зараснікі дрэваў Caesalpinioideae і Gilbertiodendron з шырокімі кронамі і моцнымі каранямі. Яны спыняюць вылугоўванне глебы, захоўваюць яе ўстойлівасць. Шырока распаўсюджаны альбіцыя, фікусы, крапіўныя, папараці, розныя ліяны. Прадстаўнікамі фаўны з'яўляюцца лясны афрыканскі слон, акапі, буйвал, гіена, шымпанзэ, павіян і іншыя рэдкія жывёлы.

Ітуры здаўна быў населены людзьмі. Мясцовыя пігмеі бамбуці захавалі лад жыцця паляўнічых і збіральнікаў да нашых дзён. Большасць іншых насельнікаў складаюць банту. Яны традыцыйна займаюцца падсечным земляробствам, здабычай каштоўнай драўніны і рыбалоўствам.

Для захавання ўнікальнай прыроды Ітуры былі створаны нацыянальны парк Маіко і запаведнік Акапі. Апошні з'яўляецца часткай сусветнай спадчыны.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]