Альбеда
Альбеда (лац.: albus — белы, светлы) — велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.
Класіфікацыя [правіць]
Адрозніваюць:
- інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення,
- монахраматычнае альбеда - для пэўнай даўжыні хваль,
- спектральнае альбеда - для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і інш.).
Інтэгральнае альбеда планеты Зямлі (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геаграфічнай шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш.
Альбеда вільготнай глебы 5-10%, лесу 5-20%, травянога покрыва 20-25%, пяску 30-40%, свежага снегу 70-90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.
Літаратура [правіць]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А - Аршын / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. - Мн.: БелЭн, 1996. - 552 с.: іл.
- Геаграфія ў тэрмінах і паняццях: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. - Мн.: БелЭн, 2003. - 352 с.: іл. - ISBN 985-11-0262-8.