Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі — першы ў Беларусі прафесійны калектыў падобнага тыпу.

Афіцыйнае адкрыццё Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылося 25 красавіка 1937 г. У гэты ж час пачалося камплектаванне Ансамбля беларускай народнай песні і танца, які існаваў у Менску з 1937 г. па 1941 г. Мастацкім кіраўніком быў прызначаны кампазітар І. Любан, які меў вялікі вопыт працы з выканальніцкімі калектывамі рэспубліканскага радыё. Першым хормайстрам стаў кампазітар-фалькларыст Н. Сакалоўскі, балетмайстрам — былы пастаноўшчык танцаў у БДТ-1 К. Алексютовіч.

Стваральнікам ансамбля давялося прыкласці шмат намаганняў, каб укамплектаваць творчыя групы самабытнага нацыянальнага калектыву, бо ніводная вучэбная ўстанова таго часу не займалася падрыхтоўкай прафесіяналаў для народных ансамбляў. Разлічвалі на адораную гарадскую і вясковую моладзь, якая мела добрыя прыродныя задаткі, правялі конкурс народных спевакоў і танцораў, што мелі жаданне працаваць у новым творчым калектыве.

Кіраўнікам калектыву давялося шмат паездзіць па самых аддаленых месцах Беларусі ў пошуках народных талентаў. Праслухоўваліся і прагледжваліся дзясяткі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, найбольш таленавітыя з іх залічваліся ў ансамбль. Да іх ліку належаў малады школьны выкладчык фізкультуры, выдатны танцор П. Акулёнак з-пад Талачына Віцебскай вобласці. Пасля вайны ён стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР і многа гадоў узначальваў танцавальную групу Дзяржаўнага народнага хору БССР. У харавой групе асабліва вылучаліся такія самабытныя выканаўцы, як Т. Аўрамчык, С. Лыскавец, І. Казлоў і інш. Кіраўнікі ансамбля прыкладалі шмат намаганняў, каб навучыць маладых артыстаў прафесійнаму майстэрству і адначасова зберагчы прыгажосць народнага выканання.

У творчых камандзіроўках І. Любан, Н. Сакалоўскі, К. Алексютовіч не толькі займаліся пошукамі новых талентаў, але і запісвалі мясцовыя народныя песні і танцы. Яркія і арыгінальныя прыклады беларускага фальклору склалі аснову рэпертуару новага калектыву. Калі ансамбль прыступіў да рэпетыцый, яго ўдзельнікі разам з інтэнсіўным развучваннем харавых і танцавальных нумароў кожны дзень займаліся балетным трэнажом, пастаноўкай голасу, вывучалі нотную грамату.

Першае выступленне калектыву адбылося 7 лістапада 1937 г. На першых канцэртах выконваліся такія песні, як «Хараша тая староначка», «Вясельная», «Салавейка», песня І. Любана «Бывайце здаровы» і інш. Упершыню ў поўны голас прагучалі беларускія фальклорныя мелодыі, ажылі ва ўсёй сваёй непаўторнай прыгажосці старадаўнія танцы.

Маладыя беларускія артысты актыўна ўключыліся ў гастрольную дзейнасць. У лютым — сакавіку 1938 г. ансамбль выступаў у Бабруйску і Гомелі, дзе за 13 дзён даў 18 канцэртаў, потым калектыў выступаў у Смаленскай вобласці.

Вясной 1938 г. два маладыя калектывы філармоніі — Ансамбль беларускай народнай песні і танца і Аркестр беларускіх народных інструментаў былі накіраваны ў Маскву. Гэта было першае сур’ёзнае выступленне за межамі роднай краіны. Канцэрты калектываў адбыліся з 9 па 18 мая ў Калоннай зале Дома Саюзаў, у клубах прадпрыемстваў і ўстаноў, на сцэне Цэнтральнага дзіцячага тэатра і прыцягнулі ўвагу жыхароў Масквы. Выступленні беларускіх артыстаў перадаваліся па радыё, здымаліся аператарамі для спецыяльнага кіначасопіса.

У 1939 г. Ансамбль беларускай народнай песні і танца зноў прадстаўляў беларускае мастацтва ў Маскве на адкрыцці Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Канцэртнай залай служыла гіганцкая Плошча калгасаў. У выкананні беларускага зводнага хору тут прагучала песня І. Любана «Бывайце здаровы». Пасля ансамбль адправіўся з канцэртамі ва Узбекістан.

Сур’ёзным экзаменам для артыстаў з’явілася 1-я Дэкада беларускага мастацтва ў Маскве, якая адбылася ў 1940 г. Мастацкі кіраўнік ансамбля І. Любан, рыхтуючы творчы паказ, адмовіўся ад традыцыйнай пабудовы канцэртнай праграмы. Ён вырашыў стварыць цэласнае сюжэтнае відовішча на аснове старажытнага вясельнага абраду з выкарыстаннем сцэнічнага дзеяння і лепшых узораў музычна-танцавальнага фальклору. У пастаноўцы «Беларускага вяселля» ўдзельнічаў оперны рэжысёр П. Златагораў, які дапамог маладым артыстам ансамбля засвоіць навыкі акцёрскай ігры, дабіцца праўдзівага ўвасаблення сцэнічных вобразаў. Цэнтральны і рэспубліканскі друк змясціў вельмі добрыя водгукі аб удзельніках дэкады. Адзначалася, што асаблівы інтарэс публікі выклікаў старажытны беларускі абрад, паказаны Ансамблем беларускай народнай песні і танца, — своеасаблівае тэатралізаванае сюжэтнае прадстаўленне, якое аб’ядноўвала самыя разнастайныя народныя песні і танцы. Фінал абраду — віхравая, тэмпераментная «Лявоніха» выклікала бурныя авацыі. За выдатныя поспехі ў развіцці беларускага музычнага мастацтва Беларуская дзяржаўная філармонія была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вялікай групе майстроў мастацтваў уручылі ордэны і медалі, прысвоілі ганаровыя званні.

Дзейнасць Ансамбля беларускай народнай песні і танца спыніла Вялікая Айчынная вайна.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]