Апалачы (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Апалачы
(Appalachee)
Агульная колькасць 300
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова апалачы
Рэлігія каталіцызм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы крык, семінолы

Апалачы (англ.: Appalachee) — індзейскі народ у ЗША. Жывуць у Фларыдзе. Агульная колькасць — каля 300 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны сцяг нацыі апалачаў

Апалачы — сваякі маскогаў, якія пасяліліся ўздоўж сучаснай мяжы Фларыды і Джорджыі каля 1000 г. н. э. Назва a'palachi магла быць дадзена суседзямі-чакта і значыла людзей, што жылі на іншым беразе ракі.

Першы кантакт з іспанцамі адбыўся ў 1528 г. У 1539 г. у вёсцы Анхайка на зямлі апалачаў зімавала экспедыцыя канкістадораў на чале з Эрнанда дэ Сота. Вынікам кантактаў стала эпідэмія прынесеных еўрапейцамі захворванняў, супраць якіх у індзейцаў не было імунітэту. Яна прывяла да крызісу традыцыйнай улады, таму на мяжы XVI ст. і XVII ст. яны звярнуліся да іспанскіх францысканцаў з запытам адчыніць сярод іх місію і прынялі каталіцызм. У 1655 г. агульная колькасць апалачаў вагалася ад 6000 да 8000 чалавек.

У сутычках паміж іспанцамі і англійскімі каланістамі апалачы прымалі бок іспанцаў. У 17031704 гг. апалчэнцы з Паўднёвай Караліны і маскогі атакавалі іспанскія місіі на поўначы Фларыды. Апалачы выступілі на баку манахаў і былі разбіты. Каля 600 выжылых былі прымусова выселены на поўнач на раку Савана. Астатнія выратаваліся ў місіі Святога Аўгусціна ў Фларыдзе. Прымусовыя перасяленцы часткова далучыліся да маскогаў, часткова мігрыравалі ў 1763 г. у Місісіпі. Аднак да пачатку XIX ст. місісіпскія паселішчы былі закінуты. Сучасныя апалачы — нашчадкі той групы, што засталася пасля разгрому ў Фларыдзе.

У нашы дні апалачы Фларыды з’яўляюцца афіцыйна прызнанай аўтаномнай нацыяй, карыстаюцца самакіраваннем і правам на племянныя землі.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам апалачаў з’яўлялася земляробства. Мужчыны рыхтавалі палеткі, жанчыны клапаціліся пра ўраджай. Важную ролю таксама адыгрывалі рыбалоўства, збор ракавін малюскаў, паляванне. Паміж вёскамі арганізоўвалася спаборніцтва рытуальнай гульні ў мяч. У першай трэці XVI ст. апалачы складалі палітычную канфедэрацыю, якая мела стасункі з канфедэрацыямі Місісіпскай культуры.

Ранняя хрысціянізацыя, уплыў іспанцаў, а потым амерыканцаў прывялі да знікнення многіх рыс традыцыйнай культуры. Захаваліся некаторыя казкі, міфы, песні.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова апалачаў была блізкай да маскогі. Захавалася ў пісьмовым выглядзе ў іспанскіх дакументах. У нашы дні не выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]