Міф

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Тэзей, які забівае Мінатаўра, і Афіна. Чырвонафігурны кілік, майстар Эйсон, 425—410 гг. да н. э. Нацыянальны археалагічны музей, Мадрыд

Міф (грэч.: μυθοζ) — сакральнае апавяданне, змест якога ўвасоблены ў пэўным вобразе (міфалагічны вобраз), і мае сімвалічны характар.

Міфы былі вядомыя яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, дзе так называлі сказы пра багоў і герояў. Сучаснай навукай рысы апавядальнасці (наратыўнасці) формы, сакральнасці зместу і сімвалічнасці вобразаў прызнаюцца ўніверсальнымі для міфаў, але наогул, існавала і існуе вялікая колькасць разнастайных падыходаў да вывучэння міфаў, і, адпаведна, вялікая колькасць канцэпцый міфа. Навуковым вывучэннем міфаў з XIX—XX ст. займаецца міфалогія.

Міф як форма свядомасці[правіць | правіць зыходнік]

Міфалогія — форма свядомасці, асаблівы працэс мыслення, які захаваўся з архаічных часоў; знаходзіць выяўленне не толькі ў мастацтве, але і ў палітыцы, ідэалогіі, рэкламе.

У цэлым для міфа, які існуе ў наратыўнай форме, характэрна:[1]

  • сакралізацыя часу першастварэння;
  • нераздзеленасць вобраза і значэння;
  • усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;
  • моцная сувязь з рытуалам;
  • цыклічная мадэль часу;
  • метафарызм;
  • сімвалізм;
  • сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі генетычна паходзяць філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;
  • гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.

Мастацкая міфалагізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Міфы — сюжэты, што выяўляюць розныя аспекты чалавечай самасвядомасці, а сюжэтнасць мае непасрэднае дачыненне да мастацкай слоўнай творчасці, шмат якіх жанраў фальклору і мастацкай літаратуры.

Тыпы мастацкай міфалагізацыі наступныя:[2]

  1. Стварэнне сваёй арыгінальнай сістэмы міфалагем. Характэрна ў асноўным для пісьменнікаў-рамантыкаў (Адам Міцкевіч, Мікалай Гогаль, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Янка Купала).
  2. Аднаўленне глыбінных міфасінкрэтычных структур мыслення, напрыклад, ваўкалацтва, двойніцтва персанажаў (Фёдар Дастаеўскі, Генрык Сянкевіч, Ян Баршчэўскі).
  3. Рэканструкцыя старажытных міфалагічных сюжэтаў, іх сучасная інтэрпрэтацыя (біблейскія сімвалы ў Міхаіла Булгакава, Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава).
  4. Увядзенне асобных міфалагічных матываў і персанажаў, узбагачэнне канкрэтна-гістарычных вобразаў універсальным сэнсам (Янка Купала, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Сыс, Алесь Наварыч).
  5. Паказ-аднаўленне фальклорных і этнічных пластоў нацыянальнага быцця, дзе яшчэ захаваліся элементы міфалагічнага светасузірання (Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вольга Іпатава).
  6. Прытчавасць, лірыка-філасофская медытацыя, арыентаваная на архетыповыя канстанты чалавечага і прыроднага быцця: дом, хлеб, дарога, вада, любоў і г.д. (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, сучасныя пісьменнікі постмадэрнізму).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Т. Шамякіна (2008)
  2. Т. Шамякіна (2008)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданне / Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5.
  • Шамякіна Т. I. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мн.: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.
  • Беспамятных Н. Мифология: введение в теорию мифа / Николай Беспамятных. — Минск: ООО ФУАинформ, 2004. — 240 с. ISBN 985-6564-84-0. С.13—15.}}