Валасаткаўская капліца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капліца
Валасаткаўская капліца
54°51′21″ пн. ш. 27°44′37″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Урочышча Валасатка
Канфесія Каталіцтва
Епархія Віцебская дыяцэзія
Докшыцкі дэканат
Тып будынка капліца
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Дата пабудовы 1848 год
Стан дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Валасаткаўская капліца — драўляная каталіцкая капліца ва ўрочышчы Валасатка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, помнік народнай архітэктурна-скульптурнай творчасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудавана ў 1848 годзе на ўскраіне колішняй вёскі Валасаткі, у полі пры дарозе на Докшыцы. Узведзена як абярэг ад эпідэміі халеры, аб чым сведчыць надпіс на шыльдзе над уваходам: «Zmiłuj się nad nami, Panie. Od nagłej nespodzewanej śmerci i gnewu Twego zachowaj nas. Ratuj [od] choroby cholery. 1848 R» (бел.: Змілуйся над намі, Пане. Ад трагічнай нечаканай смерці і гневу Твайго захавай нас. Ратуй [ад] хваробы халеры. 1848 г)[1].

Нягледзячы на тое, што сама вёска была ліквідавана ў 2003 годзе, капліца дзейнічае. Яе даглядаюць мясцовыя жыхары. На другім баку колішняга паселішча таксама захаваўся каталіцкі крыж.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Уяўляе сабой невялікае шасціграннае ў плане збудаванне каркаснай канструкцыі з драўлянага бруса. Аснова капліцы — невысокі цокаль (зруб), пастаўлены на валунах. Нясучую канструкцыю складаюць шэсць кутніх брусоў, якія абапіраюцца на цокаль, а ўверсе злучаны гарызантальнымі бэлькамі. Паміж брусамі — сцены з гарызантальных дошак з нашчыльнікамі[2].

Пабудова завершана невысокім гонтавым шатром з макаўкай, які знутры абапіраецца на крыжавіну. У арыгінальным выглядзе дах завяршаўся разной вазай-кубкам[3]. На адной з граняў капліцы размешчаны дзвярны праём, на дзвюх процілеглых — вузкія аконныя праёмы ўверсе на шырыню грані.

У інтэр’еры вылучаецца драўляная скульптура XVIII стагоддзя «Укрыжаванне з прадстаячымі», выкананая народнымі майстрамі. У цэнтры кампазіцыі — укрыжаваны Хрыстос, па баках ад яго Дзева Марыя і Іаан Прадцеча. Унутры капліцы змешчаны выявы як каталіцкіх, так і праваслаўных крыжоў[2].

Зноскі

  1. Зьміцер Лупач. 166-гадовую каплічку і крыж даглядаюць людзі ў нежылой вёсцы на Докшыччыне(недаступная спасылка). — Tut.by, 1 жніўня 2014 (бел.)
  2. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. С. 102
  3. к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 49

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]