Васіль Андрэевіч Мялешка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Андрэевіч Мялешка
укр.: Василь Андрійович Мелешко
Дата нараджэння 28 красавіка 1917(1917-04-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 1975
Месца смерці
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР і Трэці рэйх
Род войскаў Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія
Званне малодшы лейтэнант і Унтэрштурмфюрар
Бітвы/войны

Васіль Андрэевіч Мялешка (укр.: Василь Андрійович Мелешко; 28 красавіка 1917 — 1975) — савецкі вайсковец, калабарацыяніст, ваенны злачынец. Удзельнічаў у масавым забойстве жыхароў вёскі Хатынь і яе наступным спаленні.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Васіль Мялешка нарадзіўся ў 1917 годзе ў пасёлку Ныжні Сірагозы ва Украіне. Украінец.

Атрымаў агульную школьную адукацыю, пасля чаго скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, па спецыяльнасці аграном. Пачынаючы з 1938 — у Чырвонай Арміі. У 1940 годзе скончыў курсы пры Кіеўскім пяхотным вучылішчы, атрымаў званне малодшага лейтэнанта. У 1939 годзе ўступіў у Камсамол[1].

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатку нямецкага ўварвання ў СССР займаў пасаду камандзіра кулямётнага ўзвода ў 140-м асобным кулямётным батальёне. Падраздзяленне дыслакавалася ў Струмілаўскім умацраёне на так званай «лініі Молатава». Мялешка трапіў у палон у першы ж дзень вайны 22 чэрвеня 1941 года, калі пасля масіраваных нападаў праціўніка на пазіцыі Чырвонай Арміі яго батальён апынуўся ў акружэнні[2]. Выключаны з армейскіх спісаў у верасні 1941 года як зніклы без вестак[3].

Знаходзіўся ў канцлагеры для палонных савецкіх афіцэраў Хамельбург (Oflag-XIII D). Добраахвотна ўступіў у супрацоўніцтва з немцамі. Восенню 1942 года, пасля праходжання спецыяльнай падрыхтоўкі ў Германіі пераведзены ў Кіеў для службы ў акупацыйных падраздзяленнях. Далучыўся да 118-га батальёна шуцманшафта[4].

Мялешка атрымаў званне цугфюрара дапаможнай паліцыі і стаў камандзірам узвода 118-га батальёна. Спачатку падраздзяленне выконвала ахоўныя функцыі на розных аб’ектах Кіева другараднай значнасці.

Са студзеня 1943 года па ліпень 1944 года Мялешка ў складзе карнага батальёна ўдзельнічаў у дзясятках карных аперацый у Беларусі.

22 сакавіка 1943 года падчас спалення Хатыні, як і іншыя камандзіры, Мялешка знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад хлява і разам з падначаленымі страляў з аўтамата па падпаленым будынку і людзям, якія спрабавалі з яго выбегчы.

У 1944 годзе трапіў у Францыю. Бачачы непазбежнасць паразы Трэцяга Рэйха, ён перайшоў на бок французскіх партызан. Залічаны ў 2-і ўкраінскі батальён імя Тараса Шаўчэнкі, які пазней быў уключаны ў склад Французскага Замежнага легіёна.

Пасляваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Пры вяртанні на радзіму Мялешку ўдалося схаваць праўду пра сваё мінулае. Ён паспяхова прайшоў усе праверкі і быў адноўлены ў званні. У снежні 1945 года яго звольнілі ў запас. Пераехаў далей ад родных мясцін і пасяліўся ў пасёлак Нова-Дэркульскі Заходне-Казахстанскай вобласці, стаў працаваць па даваеннай спецыяльнасці — аграномам — і абзавёўся сям’ёй.

Пазней Мялешка вырашыў перабрацца да сваякоў жонкі ў Растоўскую вобласць, але па дарозе туды быў арыштаваны. На допыце ён прызнаўся ў супрацоўніцтве з акупантамі, але не распавёў, што служыў у 118-м паліцэйскім батальёне. Заяўляў, што, будучы ў Беларусі, нёс ахову чыгуначных камунікацый і ўдзельнічаў у баявых аперацыях супраць партызан. 5 студзеня 1949 года ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі быў асуджаны за калабарацыянізм. Прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі і 6 гадоў паразы ў правах. Адбываў пакаранне папраўчымі работамі ў Варкуце. У канцы 1955 года быў амніставаны.

Вярнуўся да мірнага жыцця на хутары Кіраў у Растоўскай вобласці. У яго было двое сыноў, яго жонка Нінель Мялешка (памерла ў пачатку 70-х) выкладала нямецкую мову ў мясцовай школе. Сам Васіль Мялешка стаў галоўным аграномам калгаса імя М. Горкага.

У 1970-я гады фатаграфія агранома трапіла на старонкі абласной газеты «Молат». Па гэтым матэрыяле яго і апазналі.

Арыштаваны ў верасні 1974 года і адпраўлены ў следчы ізалятар горада Гродна. Суд адбыўся ў Мінску. Працэс насіў закрыты характар, прэса на яго не дапускалася. У якасці сведак былі прыцягнутыя выжылыя жыхары Хатыні і навакольных вёсак, а таксама яго былыя калегі па паліцэйскім батальёне. Падсудны, нягледзячы на прамыя паказанні сведак, спрабаваў адмаўляць свой непасрэдны ўдзел у злачынствах.

Трыбунал Беларускай ваеннай акругі прысудзіў Мялешку да вышэйшай меры — смяротнага пакарання. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР з прычыны выключнай цяжкасці ўчыненых Мялешка злачынстваў адхіліў яго хадайніцтва аб памілаванні. У 1975 годзе ён расстраляны.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Информация из донесения о безвозвратных потерях 5071361 — лейтенант Мелешко Василий Андреевич (руск.). ОБД Мемориал. obd-memorial.ru. Праверана 16 красавіка 2018.
  2. Информация о военнопленном 272077939 - лейтенант Мелешко Василий Андреевич (руск.). ОБД Мемориал. obd-memorial.ru. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2018. Праверана 16 красавіка 2018.
  3. Информация из приказа об исключении из списков 74741159 - лейтенант Мелешко Василий Андреевич (руск.). ОБД Мемориал. obd-memorial.ru. Праверана 16 красавіка 2018.
  4. ЦА КГБ РБ. Арх. уг. д. 26746 (допрос Григория Васюры, 17 апреля 1986 г.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]