Ганна Дзмітрыеўна Сілівончык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ганна Сілівончык)
Ганна Дзмітрыеўна Сілівончык
Дата нараджэння 1980
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці мастачка, мастак-дэкаратар, ілюстратарка, паэтка
Вучоба
Член у
Сайт silivonchik.ru (руск.)(англ.)

Ганна Дзмітрыеўна Сілівончык (нар. 1980, Гомель) — беларуская мастачка, ілюстратар, дэкаратар і паэтэса.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Разам са звычайнай школай вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Скончыла Рэспубліканскі ліцэй мастацтваў (1999), затым аддзяленне станковага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2007). Жыве і працуе ў Мінску.

З 2008 года член Беларускага саюза мастакоў.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

На думку мастацтвазнаўкі Д. Бунеевай, творчасць Ганны Сілівончык даволі далёка адыходзіць ад традыцый акадэмізму, у работах ёсць водгукі народнага мастацтва і прымітывізму, а таксама сюррэалізму, фавізму і іншых авангардных кірункаў 1-й паловы ХХ ст. Творы маюць выразны гульнявы пачатак, часта адзін аб’ект выступае ў некалькіх ролях — самога сябе і іншага, схаванага ад першага погляду. Напрыклад, кавун можа быць і мужчынскай галавой, самавар — лялечным домікам і пад. Элемент гульні назіраны і ў выбары матэрыялаў, мастачка любіць эксперыментаваць з фактурай палатна, выкарыстоўваць калажныя элементы, значная разнастайнасць арнаментаў адсылае да традыцый пэчварка. Нягледзячы на бясспрэчны талент, крэатыўнасць, выразную аўтарскую манеру і знешнюю разнастайнасць тэматычнага кола твораў (дзеці і дарослыя, анёлы, фантастычныя і міфалагічныя істоты, мясцовая і экзатычная фаўна і флора, з якіх складаюцца самыя розныя сюжэты — ад нявінна-дзіцячых да эратычных), надзвычайная творчая актыўнасць Г. Сілівончык разам са значным камерцыйным поспехам у апошнія гады сталі прычынай з’яўлення штампаў і самапаўтораў, а таксама значнага ўзрастання ілюстрацыйных рысаў. Творы мастачкі ўсё болей набліжаюцца да стылізаваных пад дзіцячы малюнак паштовак, выкананых алеем на палатне.[1]

Работы Г. Сілівончык ёсць ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Гомельскага палацава-паркавага ансамбля (Гомель), Музея сучаснага рускага мастацтва (Джэрсі-Сіці, ЗША), Елабужскага дзяржаўнага музея-запаведніка (Елабуга, Расія), а таксама прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі, Польшчы. Узнагароджана медалём «Талент і пакліканне» фонду «Міратворац» (2009).

Зноскі

  1. Бунеева Д. Ю. Салонны жывапіс сучаснай Беларусі… С. 26-27.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бунеева Д. Ю. Салонны жывапіс сучаснай Беларусі // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 22 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2017. — 492 с. — ISSN 2221-9919 — С. 22-29.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]