Дзяржава Саманідаў
Дзяржава Саманідаў: феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі на землях міжрэчча Амудар'і і Сырдар'і, Паўночнага і Усходняга Ірана. Існавала ў 9—10 ст. Сталіца — Бухара. Найбольшыя эканамічныя і культурныя цэнтры — Бухара, Самарканд, Мерв, Ургенч.
Дзяржава ўзнікла ў выніку распаду Багдадскага халіфату і ўзмацнення мясцовай таджыцкай дынастыі Саманідаў. Найбольшай магутнасці дасягнула на сумежжы 9 і 10 ст., пры эміры Ісмаіле. Асноўныя заняткі насельніцтва: паліўное земляробства, рамёствы. Развіваліся архітэктура, будаўніцтва, вёўся гандаль з Руссю, Сірыяй, Візантыяй, Кітаем, Іранам, хазарамі, булгарамі.
Дзяржава распалася ў 999, пасля захопу Бухары цюркскай дзяржавай Караханідаў. Землі на поўдзень ад Амудар'і заняла дзяржава Газневідаў.
Дзяржава была значным культурным цэнтрам рэгіёну, у ёй жылі і працавалі такія навукоўцы і літаратары, як Ібн-Сіна, Рудакі, Фірдаўсі, Фарабі. Мяркуецца, што менавіта пры Саманідах склаліся таджыцкая народнасць і таджыцкая літаратурная мова.
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 9. Рабкор — Сочы / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел. Сав. Эн., 1973. — 640 с.: іл., карты. С.344.
