Жан-Жазеф Рабеарывела

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Жан-Жазеф Рабеарывела

Жан-Жазеф Рабеарывела (фр.: Jean-Joseph Rabearivelo; 4 сакавіка 1901, Антананарыву22 чэрвеня 1937) — малагасійскі паэт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Тананарыве (цяпер Антананарыву), сталіцы Мадагаскара. Жан-Жазеф быў адзіным дзіцем незамужняй жанчыны, якая паходзіла з сям'і, што збяднела ў выніку скасавання французскім урадам гандлю рабамі. У 13 гадоў хлопчыка выключылі з каледжа Сен-Мішэль за тое, што ён адмовіўся ўступаць у рэлігійны ордэн. Крыху павучыўшыся ў сярэдняй школе, ён кінуў навучанне і пачаў працаваць на самых розных працах, якія магло яму прапанаваць каланіяльнае грамадства.

У 1924 годзе ён пачаў працаваць карэктарам, і нягледзячы на тое, што першыя два гады не атрымліваў за гэтую працу грошай, ён да канца жыцця зарабляў карэктурамі. За гэта выдавецтва выпусціла невялікімі накладамі некалькі кніг Рабеарывела. У 1926 годзе паэт ажаніўся з Мэры Разафітрыма, дачкой фатографа-афрыканца. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей.

У Тананарыве ў 1920-х гадах бурна кіпела літаратурнае і журналісцкае жыццё: большасць літаратараў выкарыстоўвалі народную мову. Рабеарывела быў адным з першых малагасійскіх паэтаў, які пачаў пісаць па-французску. Яго першыя зборнікі "Урна з прахам" (La coupe de cendres, 1924), "Лясы" (Sylves, 1927), "Тамы”" (Volumes, 1928) напісаныя ў рамантычна-акадэмічнай манеры, у якой пісалі французскія паэты ХІХ ст. Аднак пазней у творчасці Рабеарывела з'явіліся рысы сімвалізму. Праз прыхільнасць паэта да Францыі і французскай мовы многія яго суайчыннікі, асабліва традыцыяналісты, пагарджалі ім — як ён пагарджаў сваімі непісьменнымі землякамі. Не цікавіла яго творчасць і французскіх гандляроў і адміністратараў. У дзённіках ён апісваў свой дваісты стан — стан чалавека з раманскім розумам і чорнай скурай. Пра гэтую дваістасць сведчыла нават яго манера апранацца: на еўрапейскі касцюм ён накідваў ламбу, традыцыйнае малагасійскае адзенне.

Паэт усё жыццё пражыў у пазыках і нават сядзеў за гэта ў турме. Яго найвялікшымі праблемамі былі нізкі заробак, азартныя гульні, калекцыянаванне кніг і залежнасць ад опіуму. Ён вельмі шмат чытаў і займаўся самаадукацыяй, уклаў некалькі анталогій малагасійскай паэзіі і дапамагаў з выданнем двух літаратурных зборнікаў, "18 Latitude Sud" і "Capricorne". Да смерці Рабеарывела было надрукавана толькі каля паловы яго твораў — вершаў, п'ес, крытычных артыкулаў і белетрыстыкі. 22 чэрвеня 1937 году паэт, напісаўшы некалькі развітальных лістоў, скончыў жыццё самагубствам з дапамогай цыяніду, дакладна апісаўшы апошнія імгненні свайго існавання ў "Блакітным нататніку" (Calepins Bleu), што налічваў больш за 1800 старонак.

Даследчыкі знаходзяць у яго творах рысы як сімвалізму, так і сюррэалізму. Тым не менш, уся творчасць Рабеарывела ўкаранёная ў малагасійскім фальклоры і гісторыі. Ён быў адначасова паэтам французскім і паэтам малагасійскім, аднак адмовіўся ад магчымасці пасяліцца ў Парыжы. Поўны збор твораў паэта налічвае сем кніг: "Урна з прахам" (La coupe de cendres, 1924), "Лясы" (Sylves, 1927), "Тамы" (Volumes, 1928), "Дзеці Арфея" (Enfants d'Orphée, 1931), "Амаль сны" (Presque-Songes, 1934), "Перакладаючы ноч" (Traduit de la Nuit, 1935), "Імайтсанала" (Imaitsoanala, 1935), "Песні для Абеоны" (Chants pour Abéone, 1936).


Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.