Карыбут Альгердавіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пячатка Карыбута-Дзмітрыя.

Карыбу́т Альгердавіч, у хрышчэнні Дзмітрый (? — пасля 1404) — князь з дынастыі Гедзімінавічаў.

Трэці сын вялікага князя ВКЛ Альгерда і Юліяніі Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382 годзе, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў на р. Дубіса дагавор з крыжакамі. У 1386 годзе ў Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу, пры гэтым назваў сябе гаспадаром і спадкаемцам Новагародка. Ахвяраваў Лаўрышаўскаму манастыру вёску і возера Морына, у прыпісцы на 1-м аркушы Лаўрышаўскага евангелля названы вялікім князем. У 1390 годзе дапамог Ягайлу пры аблозе Гродна, за гэта атрымаў у дзяржанне Ліду. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вялікаму князю ВКЛ, у 1392 годзе разбіты яго войскам каля Дакудава (Лідскі пав.), зачыніўся ў Новагародку, пасля штурму горада ўзяты ў палон з жонкай і дзецьмі. Адпушчаны дзякуючы заступніцтву цесця, разанскага князя Алега Іванавіча, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 годзе як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з Настассяй, дачкой разанскага князя Алега Іванавіча, ад гэтага шлюбу меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара і дачок Настассю, Алену і Марыю.

У гістарыяграфіі часта блытаюць Карыбута і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча. Некаторыя даследчыкі лічаць Карыбута князем Ноўгарада-Северскага (сучасн. Украіна).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Род Карыбутавічаў, Герб «Карыбут»