Кастусь Шышэя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кастусь Шышэя
Род дзейнасці камандзір БКА
Дата нараджэння 1921
Месца нараджэння
Дата смерці 11 снежня 2004(2004-12-11)
Месца смерці
Месца пахавання
Жонка Леакадзія Кавальчук
Партыя
Член у

Кастусь Шышэя (Канстанцін Шышэй, Канстанцін Шышэя) — дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Сябра БНП, дэсантнік батальёну «Дальвіц» і адзін з камандзіраў БКА падчас Другой сусветнай вайны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1921 г. у вёсцы Шчорсы ў Навагрудскім ваяводстве (Польская Рэспубліка). У юнацтве належаў да польскіх харцэраў. У 1939 годзе заможная сялянская сям’я з надзеламі ўласнай зямлі пазбавілася ўсяго нажытага падчас савецкай акупацыі, родныя загінулі ў турмах, бацька быў расстраляны, а сам 17-гадовы Кастусь уратаваўся цудам.

Падчас Другой сусветнай вайны працаваў бухгалтарам. У 1942 годзе праз старшыню воласці Аркадзя Бузука далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі. У 1943 годзе БНП мела моцныя пазіцыі на Наваградчыне, а Кастусь Шышэя, як сябра партыі, меў сваю ячэйку ў 5 чалавек.

Пра сваё далучэнне да вайсковай справы ўспамінаў так:

«Працаваў я бухгалтарам у маёнтку. А калі партызаны пачалі рэзаць усіх, дык я вырашыў уцячы з гэтай работы. Аднойчы я быў сведкам, як савецкія партызаны Міцькі Дзянісенкі расстралялі Кацю Сямашку з малым дзіцем. Яна толькі замуж выйшла і нарадзіла дзіця... Ляжала з ім на падлозе, уся ў крыві. Адной куляй забілі яе і немаўлятку... Я як паглядзеў на гэта, пайшоў і здаў свае бухгалтарскія справы. А тут якраз атрымаў павестку ў войска. Думаю: пайду, хай яна лясне, ваша адміністрацыйная работа. Пайду, трэба ваяваць з гэтымі «партызанамі» рускімі, польскімі... ».

У 1943 годзе атрымаў павестку, але мабілізаваны мог быць толькі да будаўнічай арганізацыі Тодта, таму добраахвотна быў запісаны ў БКА. Пасля стварэння беларускага батальёну ў Навагрудку пад кіраўніцтвам Барыса Рагулі стаў ягоным актыўным жаўнерам у змаганні з савецкімі партызанамі і Чырвонай Арміяй, а потым і ад’ютантам Барыса Рагулі. Вясной 1944 года ягоны батальён знаходзіўся пад Дошкыцамі, куды быў адпраўлены змагацца з савецкімі партызанамі, але паводле ўспамінаў Кастуся Шышэі, Барысу Рагуле ўдавалася дамовіцца з немцамі, каб не прымаць у гэтым актыўнай дзейнасці. Пасля адступлення батальёна Барыса Рагулі з тэрыторыі Беларусі далучыўся да батальёну «Дальвіц». Падчас навучання быў прызначаны старшынёй курса, ягонымі задачамі былі таксама абмундзіраваць, накарміць і вывесці на заданне людзей. Атрымаў прапанову застацца ў Дальвіцы, але адмовіўся.

Дэсантаваўся ў Беларусь у групе Міхала Вітушкі, якая складалася з 28 чалавек. Падчас дэсанта жаўнеры былі выкрытыя, але ўдалося сабраць групу з 9 чалавек: Кастусь Шышэя, Янка Гінько, Алесь Мацук, Васіль Конюх, Міхал Бычок, Піліп Давідчык, Вера Краскоўская, Павал Шляхтун, Федаровіч. Група падзялілася, Давідчык з Краскоўскай былі адпраўленыя на разведку дадому, а Шышэя застаўся за камандзіра. Частка групы трапіла ў рукі савецкіх спецслужб. Кастусь Шышэя з Гінько ды іншымі далучыўся да партызанаў з Арміі Краёвай, разам з якімі быў да снежня 1944 года. Падчас адной з аблаваў група была разбітая, Гінько быў схоплены, а Мацук і Конюх добраахвотна пайшлі здавацца. За нейкі час быў схоплены і Шышэя. На допытах першы час не прызнаваўся, што з'яўляецца дыверсантам і называўся Чэславам Жукоўскім з Арміі Краёвай, але неўзабаве быў выкрыты. Быў асуджаны «тройкай» на закрытым судзе і потым адбыў 10 гадоў у савецкіх канцлагерах.

У бараках Інты склалася кола беларусаў-патрыётаў, якое стварылі Васіль Супрун, Леў Бялевіч, Кастусь Шышэя і Шастаковіч. Яны арганізавалі зямляцкі гурток, які стаў беларускім цэнтрам у сістэме лагераў вакол Інты. Да беларускай супольнасці таксамі належала і вядомая паэтка Ларыса Геніюш: менавіта яна пазнаёміла Кастуся Шышэю з будучай жонкай Леакадзіяй Кавальчук, якая адбывала тэрмін у тым жа лагеры за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі.

Выйшаў на волю 16 верасня 1953 г. Пасля вызвалення Кастусь з жонкай пасяліўся ў Слоніме, але неўзабаве яны пераехалі да Вільні, што было выклікана ціскам на былых палітзняволеных у БССР. Многія палітэмігранты і былыя палітвязні да апошніх дзён Кастуся Шышэі былі частымі гасцямі віленскай кватэры Шышэяў. Разам з жонкай быў сябрам віленскага «Згуртавання палітычных вязняў-беларусаў». Ужо ў незалежнай Беларусі неаднаразова даваў інтэрв'ю беларускім выданням, дасылаў успаміны ў беларускія газеты.

Памёр 11 студзеня 2004 г. Пахаваны 14 снежня на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]