Міхал Вітушка
З пляцоўкі Вікіпедыя.
Міха́л ВІТУ́ШКА (5 лістапада 1907, Нясвіж — 27 красавіка 2006 ?; Псеўданімы: Чорны Кот), беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік беларускага антысавецкага супраціву.
Атрымліваў адукацыю ў Клецкай і Віленскай гімназіях, апошнюю скончыў у 1930. Вучыўся ў Пражскім універсітэце і Варшаўскім палітэхнічным інстытуце, уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве.
Пасля дазучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Быў арыштаваны органамі НКУС і праз нядоўгі час выпушчаны на волю. У 1941 арганізаваў Палескую беларускую самаабарону, якая супрацоўнічала з украінскай Сеччу і салдаты якой вялі партызанскія дзеянні супраць адступаючых савецкіх войск.
У ліпені 1941 прыязджае з Нясвіжа ў Менск, дзе бургамістр горада Вітаўт Тумаш прызначае яго намеснікам Дзмітрыя Касмовіча, каменданта гарадской паліцыі і начальніка аправізацыйнага аддзела гарадской управы.[1] Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Менску. У жніўні 1941 Міхал Вітушка камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы на Заходнім Палессі, дзе Беларуская самаахова праводзіла сумесную з Палескай сеччу УПА антысавецкую аперацыю. Увосень 1941 пасля ўсталявання цывільнай нямецкай улады з'язджае ва ўсходнюю вайсковую зону Беларусі. У канцы кастрычніка 1941 разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю ў Бранску, сярод іншага займаецца зборам цёплых рэчаў у насельніцтва для Вермахту.[2] Вясной 1942 займаецца арганізацыяй нямецкай службы парадку ў Бранскай акрузе. 20 красавіка 1942 накіраваны ў Смаленск, дзе таксама разам з Р. Астроўскім і Дз. Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю і службу парадку. Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генерала. У чэрвені 1944 удзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. Адзін з арганізатараў планаванага антынямецкага выступу ў Мінску, мэтай якога было абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. З лета 1944 — афіцэр дэсантнага батальёну «Дальвіц», маёр Беларускай краёвай абароны.
Паводле адных звестак, 17 лістапада 1944 дэсантаваны на Віленшчыне на чале атраду парашутыстаў і 7 студзеня 1945 быў забіты ў баі.[3] Паводле іншых звестак, пад яго імем дэсантаваны іншы чалавек, а Вітушка з'явіўся ў Беларусі пазней, быў дэсантаваны ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня[4] Паводле гэтых звестак, дзейнасць у Беларусі Вітушка пачаў у 1946, рэарганізаваўшы антысавецкі партызанскі рух Цэнтральнай і Заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс "За волю". Спыніў партызанскую дзейнасць, узначальваў падполле. У пачатку 1950-х вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад; сам ён заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падполлем, а ў 1960-х перабраўся на Захад.[5]. Яго справа ў КДБ дасюль не закрытая.[Крыніца?] Паводле звестак, атрыманых ад яго сына, Міхал Вітушка памёр 27 красавіка 2006.[6]
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.261
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.304
- ↑ Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Mн., 1994. С. 416.
- ↑ Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006. С. 148-155.
- ↑ Ёрш С. Міхал Вітушка памёр двойчы // Наша Ніва, 29.06.2006
- ↑ Ёрш С. Міхал Вітушка памёр двойчы // Наша Ніва, 29.06.2006
Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. –Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

