Кейданская дэкларацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Кейданская дэкларацыя
Падрыхтаваны 10 жніўня 1655
Падпісаны
- месца
17 жніўня 1655
Кейданы
Набыў моц
- умовы
Не ратыфікаваны Швецыяй
Вялікае Княства Літоўскае заключае дзяржаўную унію са Швецыяй пры захаванні тых жа правоў, што яно мела ў складе Рэчы Паспалітай
Падпісаны Януш Радзівіл
Вінцэнт Гасеўскі
Яўстах Кірдзей
Юрый Белазор
Бакі Шведская імперыя (не ратыфікавала)

Вялікае Княства Літоўскае

Кейданская дэкларацыя 1655 — дакумент, у якім саслоўі ВКЛ пагадзіліся заключыць ваенную канвенцыю і дзяржаўную унію са Швецыяй на ўласных умовах. Падпісана 17 жніўня ў Кейданах у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 і Паўночнай вайны 1655—1660 як адказ на шведскія прапановы ад 10 жніўня 1655.

Швецыя была зацікаўлена ў пераходзе незанятай расійскімі і ўкраінскімі войскамі часткі ВКЛ пад сваю пратэкцыю. 23 ліпеня 1655 губернатар правінцыі Лівонія М. Г. Дэлягардзі прыбыў у Рыгу і адразу паслаў праваслаўных віленскіх купцоў, што гандлявалі ў Рызе, да Януша Радзівіла з прапановай перагавораў[1]. 1 жніўня 1655 Дэлягардзі адправіў каралю Карлу X ліст, у якім паведаміў пра жаданне Радзівілаў і Сапегаў перайсці пад шведскую пратэкцыю. Адначасова Дэлягардзі пачаў агітацыю сярод шляхты ВКЛ[2].

Януш Радзівіл, каля 1652

28 ліпеня 1655 беларускія купцы даставілі ў Вільню прапановы Швецыі, а Януш Радзівіл, Багуслаў Радзівіл і віленскі біскуп Ежы Тышкевіч накіравалі Дэлягардзі ліст з просьбай аб шведскай дапамозе ў абароне Вільні ад расійскіх войскаў. У той жа дзень Я. і Б. Радзівілы напісалі Дэлягардзі асобны ліст, дзе паведамлялі, што для перагавораў яны пасылаюць Габрыеля Любянецкага[3]. 5 жніўня 1655 ён прывёз у Рыгу мемарыял Радзівілаў, дзе тыя пагаджаліся з прапановай Карла X разарваць унію з Польшчай і перадаць ВКЛ пад уладу караля Швецыі, якога яны прызнавалі вялікім князем літоўскім[4]. 10 жніўня 1655 Дэлягардзі падпісаў 2 акты, дзе публічна абвяшчалася пра падрыхтоўку саюза Швецыі і ВКЛ і выкладаліся кандыцыі прыняцця ВКЛ пад уладу Швецыі, распрацаваныя на аснове падпісаных Любянецкім умоў пераходу Радзівілаў пад пратэкцыю шведскага караля[5]. 14 жніўня 1655 Любянецкі прывёз шведскія ўмовы ў лагер войск ВКЛ у Кейданах. У час рыжскіх перагавораў 8 жніўня 1655 расійскія і ўкраінскія войскі захапілі Вільню. Але шляхта ВКЛ не прыняла без ваганняў прапановы Швецыі. 17 жніўня 1655 прадстаўнікі ВКЛ падпісалі Кейданскую дэкларацыю, накіраваную ўраду Швецыі[6].

У 12 артыкулах дэкларацыі шведскія ўмовы былі значна перапрацаваны і дапоўнены. Паводле дэкларацыі шляхта ВКЛ абяцала заставацца ў непарушнай вернасці і падпарадкаванні шведскага караля як вялікага князя літоўскага. ВКЛ не павінна быць інкарпавана ў Шведскае каралеўства, а злучана з ім на роўных умовах, як раней з Польскім каралеўствам; У ВКЛ павінны былі заставацца свае органы ўлады, законы і суды. Войска ВКЛ аддавалася пад камандаванне шведскага караля, але не павінна было накіроўвацца супраць польскіх войскаў. Шведскаму каралю перадаваліся ўсе дзяржаўныя маёнткі ВКЛ і права патранату над царкоўнымі маёнткамі, каталіцкія біскупы захоўвалі сенатарскую годнасць. Пасля вызвалення тэрыторыі ВКЛ ўсе маёнткі павінны быць вернуты былым уладарам, у т.л. ў Лівоніі. Становішча канфесій павінны было застацца без змен.

Кейданская дэкларацыя падпісана ў асноўным прадстаўнікамі ад войска ВКЛ, Вількамірскага, Упіцкага паветаў і Жамойці (аднак падпісвалася ад імя ўсяго ВКЛ). Пад ёй паставілі подпісы каля 550 шляхцічаў і святароў ВКЛ. Першымі дакумент падпісалі вялікі гетман Я. Радзівіл, польны гетман В. Гасеўскі, кашталян жамойцкі А. Кірдзей, адміністратар Віленскага біскупства Е. Белазор. Большасць уплывовых ураднікаў, якія падпісалі дэкларацыю, складалі пратэстанты. Біскупы віленскі Тышкевіч (напярэдадні падпісання з'ехаў у Прусію) і жамойцкі П. Парчэўскі адмовіліся падпісаць дэкларацыю. Кейданская дэкларацыя была спробай кампрамісу паміж апазіцыяй на чале з Радзівіламі і партыяй раялістаў на чале з Гасеўскім.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Пераход паўночнай часткі ВКЛ пад кантроль Швецыі азначаў рэзкае ўзмацненне пазіцый Швецыі ва Усходняй Прусіі і Курляндыі. Аслабляўся ўплыў Расіі на Прусію і Курляндыю, бо Масква траціла агульную мяжу з гэтымі краінамі, што не дазваляла Расіі выйсці на берагі Балтыйскага мора.

Саюз са Швецыяй дазволіў ВКЛ выратаваць ад захопу расійскімі войскамі і ўкраінскімі казакамі рэшту дзяржавы. Кейданская дэкларацыя была кампрамісам паміж Я. Радзівілам і Гасеўскім, пратэстантамі і католікамі, шляхтай Жамойціі і цэнтральнай уладай ВКЛ, зрэшты, Літвой і Швецыяй.

Кожны з бакоў укладаў розны змест у дэкларацыю і па-рознаму бачыў будучыню саюза. З польскага пункту гледжання Кейданская дэкларацыя была відавочнай дзяржаўнай здрадай, бо парушала акт Люблінскай уніі 1569, паводле якога ВКЛ не магла падтрымліваць сепаратныя дыпламатычныя адносіны і заключаць міжнародныя пагаднені. Але ў Статуце ВКЛ 1588 трактавалася як незалежная дзяржава і мела правы на ўласную знешнюю палітыку.

Галоўную ролю ў падрыхтоўцы Кейданскай дэкларацыі адыграла палітычная апазіцыя на чале з Я. і Б. Радзівіламі. Кейданская дэкларацыя не была ратыфікавана Швецыяй па прычыне адмовы войска ВКЛ ваяваць супраць Польшчы і з-за шэрагу ўмоў (патрабаванне абвясціць ультыматум Расіі, пачаць вайну супраць яе, абвяшчэнне роўнасці ВКЛ і Шведскага каралеўства і інш.). Новыя перагаворы Швецыі з ВКЛ скончыліся падпісаннем Кейданскай уніі 1655.

Зноскі

  1. Катлярчук, А. У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст. / Андрэй Катлярчук. — [Б. м.]: [Б. в.], [б. г.] — 305 с.: іл. — С. 102—103. Са спасылкай на: Friherre Samuel von Pufendorfs sju böcker om konung Carl X Gustafs bragder / öfversatta af Adolf Hillman. Svenska [2]. — Stockholm: Wahlström & Widstrand, 1915. — 698 s. — S. 89.
  2. Катлярчук, А. У ценю Польшчы і Расеі... — С. 103. Са спасылкай на: Riksarkivets huvudbyggnad (далей — RA). Livonica II. Vol. 77. Generalguv. i Livland till K. MAJ:T 1655—56
  3. Катлярчук, А. У ценю Польшчы і Расеі... — С. 103. Са спасылкай на: RA. De la Gardieska Samlingen. Skvrivelser till M. G. De la Gardie. Ser. C:I. E. 1531.
  4. Катлярчук, А. У ценю Польшчы і Расеі... — С. 103. Са спасылкай на: Šapoka, A. 1655 metu Kedainiu sutartis, arba Śvedai Lietuvoje 1655 – 1656 metais / Adolfas Šapoka; [spaudai parengė Antanas Tyla]. — Vilnius: Mokslas, 1990. — 194, [2] p. — (Lietuvos istoriografija). — ISBN 5-420-00654-5.
  5. Катлярчук, А. У ценю Польшчы і Расеі... — С. 105—106.
  6. Катлярчук, А. У ценю Польшчы і Расеі... — С. 107

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Катлярчук, А. Кейданская дэкларацыя 1655 / Андрэй Катлярчук //

Шаблон:Дагаворы Другой Паўночнай вайны