Кульджа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кульджа
кіт.: 伊宁市
уйг. غۇلجا شەھىرى
каз.: قۇلجا قالاسى
Краіна
Каардынаты
Плошча
  • 644,01 км²
Насельніцтва
  • 526 745 чал. (2012)
Часавы пояс
Тэлефонны код
0999
Паштовыя індэксы
835000
Аўтамабільны код
新F
Афіцыйны сайт
Кульджа на карце Кітая
Кульджа (Кітай)
Кульджа
Кульджа (Кітай)
Кульджа

Кульджа (уйг.: غۇلجا Ғулҗа, каз. قۇلجا, Құлжа), або Інін (кіт. спр. 伊宁, піньінь Yíníng) — гарадскі павет у Ілі-казахскай аўтаномнай акрузе Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна КНР, месца знаходжання народнага ўрада аўтаномнай акругі.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Размешчаны на паўночным беразе ракі Ілі прыблізна ў 100 км на ўсход ад мяжы Кітая з Алмацінскай вобласцю Казахстана на так званай Кульджынскай раўніне.

На ўсход ад гарадскога павета Кульджа знаходзіцца павет Кульджа, на захад — павет Хачэн, на поўдзень — Чапчал-Сібоскі аўтаномны павет.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нагорныя пашы Ілійскай даліны здаўна прыцягвалі качавыя народы. Назва «Кульджа» ўпершыню з’яўляецца яшчэ ў эпоху Цюркскага каганата.

У XIII стагоддзі Джагатай, сын Чынгісхана, размясціў тут сталіцу сваіх уладанняў.

У перыяд існавання Джунгарскага ханства, у Ілійскай даліне размяшчалася стаўка джунгарскіх хунтайджытаў.

Пад уладу Пекіна гэтыя землі перайшлі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя па выніках трэцяй айрата-маньчжурскай вайны. Доўгі час Кульджа з’яўлялася фактычнай адміністрацыйнай і ваеннай сталіцай Цынскага Сіньцзяна.

C распаўсюджваннем расійскага ўплыву ў Сямірэччы ў сярэдзіне XIX стагоддзя Кульджа становіцца важным цэнтрам гандлю паміж Расіяй і Кітаем. У 1851 годзе тут быў падпісаны Кульджынскі дагавор, які ўзаконіў гандаль паміж падданымі дзвюх імперый у рэгіёне.

Горад падвергнуўся значнаму разбурэнню ў 1864—66 гадах падчас уйгура-дунганскага паўстання. Кульджа і ўвесь Ілійскі край быў заняты расійскімі войскамі ў 1871 годзе; вернуты Кітаю ў 1881 годзе, пасля чаго многія ілійскія ўйгуры (каля 45 тысяч чалавек) і дунганы (каля 4,6 тысяч) перасяліліся ў расійскія ўладанні.

У 1884 годзе цынскі ўрад стварыў правінцыю Сіньцзян, тэрыторыя вакол Кульджы стала паветам Нін’юань (Нін). Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі ў 1913 годзе павет Нін’юань быў перайменаваны ў павет Інін (Ін). У 1944 годзе пасля Ілійскага паўстання Кульджа стала сталіцай Усходне-Туркестанскай Рэвалюцыйнай Рэспублікі.

У 1952 годзе з пяці раёнаў павета Інін быў створаны гарадскі павет Інін (горад Кульджа). У 1954 годзе ўтворана Ілі-Казахская аўтаномная акруга, і Інін стаў яго сталіцай.

У 1997 годзе ў Кульджы адбыліся хваляванні ўйгурскага насельніцтва.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная частка насельніцтва гарадскога павета Кульджа — уйгуры, дунганы і казахі, хоць з кожным годам узмацняецца прыток этнічных ханьцаў з усходу краіны. У ваколіцах горада — паселішчы маньчжураў (сібо) і манголаў, якія займаюцца жывёлагадоўляў. На працягу XIX—XX стагоддзяў у Кульджы быў моцна ўплыў татарскай інтэлігенцыі і купцоў. Па некаторых даных да траціны насельніцтва горада ў першай палове XX стагоддзя складалі татары.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Інін з’яўляецца буйным цэнтрам вытворчасці керамічнай прадукцыі, уключаючы кафляную плітку, якая экспартуецца ў Цэнтральную Азію і Расію[1].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Из китайского Или в Алматы отправился первый спецсостав с кафелем. Жэньминь Жибао. Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 10 красавіка 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]