Кумары (багіня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кумары
2011 г.
2011 г.
багіня-вызваліцельніца, багіня дабрабыту
Міфалогія неварская
Пол жанчына
У іншых культурах Лакшмі, Дурга
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кумары (невар.: कुमारी, літаральна «нявінніца») — жывое ўвасабленне багіні Лакшмі або Дургі, культ якой практыкуецца ў даліне Катманду. З'яўляецца нявіннай дзяўчынкай з джаці Шак'я, якая абіраецца ў юным узросце і ўшаноўваецца вернікамі. Лічыцца, што пасля першай менструацыі дух багіні пакідае дзяўчынку, замест яе абіраецца новая.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Культ шанавання Кумары існуе ў некалькіх гарадах даліны Катманду. Усяго іх налічваецца каля 10. Аднак найбольш вядома шанаванне «каралеўскай» Кумары ў сталіцы Непала. Згодна легендам, традыцыя ўзнікла ў пачатку XVII ст., калі Трайлок'я, раджа Бхактапура, быццам бы наведваўся Таледжу, рэінкарнацыяй Лакшмі. У Катманду культ Кумары ўвёў раджа Джая Пракаш (17361746, 17501769 гг.). Існуе меркаванне, што шанаванне нявінніц існавала ў Непале здаўна. Пазней яно было аб'яднана з культам нявіннай Дургі, святы ў гонар якой вядомы ў даліне Катманду з XIII ст.

Шанаванне[правіць | правіць зыходнік]

Выбар прэтэндэнтак адбываецца па розных правілах. «Каралеўскую» Кумары ў Катманду выбірае камісія, у якую ўваходзяць будысцкія святары з джаці (племені) Баджрачар’я, індуісцкія святары і каралеўскі астролаг. Яны даследуюць здароўе, цела, скуру, похву і зубы. Прэтэндэнткай становіцца дзяўчынка да 3 гадоў з будысцкай джаці Шак'я. Яна не павінна баяцца крыві і людзей ў масках. Таму ёй дэманструюць забойства буйвалаў і танец людзей у масках на іх крыві. Калі дзяўчынка праяўляе мужнасць, яна праходзіць пэўныя рытуалы ачышчэння і абвяшчаецца жывой багіняй.

Кумары жыве ў асобным палацы Кумары Гар, дзе пра яе клапаціцца сям'я наглядчыкаў. Чальцы яе асабістай сям'і не маюць права наведвання і бачаць яе толькі падчас пакідання Кумары Гар, прыкладна 13 разоў на год. Наглядчыкі клапацяцца пра нязменны спакой падапечнай, паколькі яе гнеў можа прадвяшчаць непрыемнасці. У нашы дні дзяўчынка мае права на хатнюю адукацыю і карыстанне інтэрнэт.

Лічыцца, што нават погляд багіні гарантуе дапамогу, таму каля яе вокнаў заўсёды збіраецца натоўп. Афіцыйныя асобы, а таксама выбраныя наведвальнікі могуць прымацца жывой багіняй у Кумары Гар, дзе ў абмен на ахвярапрынашэнне маюць права пацалаваць яе чырвоную панчоху. Мяркуецца, што прыём у Кумары вызваляе ад непрыемнасцей і хвароб крыві. Пажадана, каб падчас наведвання яна заставалася маўклівай. Вераць, што ее плач або гучны смех прадвяшчаюць сур'ёзную хваробу або смерць, праціранне вачэй — хуткую смерць, дрыжыкі — турму, пераборлівасць у паднашэннях — фінансавыя страты. Кумары пакідае свой палац толькі падчас святаў шанавання пуджа. Пры гэтым яе ногі не могуць дакранацца зямлі, таму яе нясуць на руках або выкарыстоўваюць залатыя насілкі.

Кумары не павінна губляць сваю кроў. Таму раненні ці менструацыя разглядаюцца як згуба святасці. У такім разве абіраюць новую жывую багіню.

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Абаронцы правоў чалавека ў Непале і за яго межамі крытыкуюць практыку шанавання Кумары за тое, што малое дзіця адлучаецца ад сям'і, мае абмежаваныя магчымасці, уласцівыя для дляцей яе ўзросту. Пасля згубы святасці яна вымушана прыстасоўвацца да звычайнага жыцця. Дзякуючы іх актыўнасці, у апошняе дзесяцігоддзе некаторыя правілы ўтрымання жывой багіні ў Кумары Гар былі зменены, у тым ліку з'явілася магчымасць атрымання хатняй адукацыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]