Непал
|
|||||
| Дэвіз: «Маці і радзіма даражэй нябеснага царства» | |||||
| Нацыянальны гімн Непала | |||||
| Заснавана | 1768 | ||||
| Афіцыйная мова | непалі | ||||
| Сталіца | Катманду | ||||
| Найбуйнейшы горад | Катманду | ||||
| Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
| Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Рам Баран Ядаў Пармананд Джа Хіл Радж Рэгмі |
||||
| Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
94-я ў свеце 140 800 км² 2,8 |
||||
| Насельніцтва • Ацэнка (2011) • Шчыльнасць |
▲26 620 809 чал. 199 чал./км² |
||||
| ВУП • Разам (2008) • На душу насельніцтва |
$31,634 млрд[1] (83-ы) $1144[1] |
||||
| ІРЧП (2007) | ▲ 0.553 (144-ы) | ||||
| Валюта | Непальская рупія | ||||
| Інтэрнэт-дамен | .np | ||||
| Тэлефонны код | +977 | ||||
| Часавы пояс | +5:45 [2] | ||||
Непа́л — краіна ў цэнтральнай частцы Азіі, без выхаду да мораў, мяжуе з Індыяй і Кітаем. Плошча 140 тыс. км². Насельніцтва 29 млн. чал. (2009). Сталіца — Катманду.
На мяжы Непала з Кітаем знаходзіцца найвышэйшая вяршыня свету — гара Джамалунгма (Эверэст, 8848 м).
Змест |
Рэльеф Непала [правіць]
Шэсць сёмых тэрыторыі краіны занятыя хрыбтамі Гімалайскай горнай сістэмы.
Уздоўж паўднёвай мяжы працягнулася самая нешырокая (20 — 40 км) паласа на вышынях 200—250 м над узроўнем мора. Гэта пясчана-гліністыя цераі — паўночная ўскраіна Інда-Гангскай нізіны, асноўная частка якой належыць Індыі. Месцамі яны забалочаныя. Улетку ў выніку мусонных ліўняў невялікія рачулкі шырока разліваюцца і адбываюцца паводкі.
З поўначы цераі замыкаюцца спадзіста-пагорыстай градой, якая называецца Сівалік — гэта перадгор'е Гімалаяў (500—700 м над узроўнем мора), ніжняя прыступка Гімалайскай горнай сістэмы. Тутэйшы рэльеф не мае рэзкіх формаў — нізкагор'і спадзістыя і моцна раздзеленыя рэкамі. Паўночныя схілы Сіваліка парэзаныя штучнымі тэрасамі, што выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам для земляробства.
На поўнач ад грады Сіваліка цягнецца вузкая дэпрэсія з пагорыстым рэльефам — так званыя Унутраныя цераі (па-непальску — Бхітры-Мадэш).
Яшчэ паўночней размяшчаецца сярэдняя прыступка Гімалаяў — сярэднягорны хрыбет Махабхарат, або Малыя Гімалаі, вышынёй да 3000 м і шырынёй да 16 км. Ён складзены цвёрдымі пародамі, таму шматлікія схілы Махабхарата стромыя, вяршыні вышчэрбленыя. Яшчэ нядаўна тут абрывалася адзіная горная дарога з Індыі ў Катманду, сталіцу Непала.
Паміж Махабхаратам і Галоўным Гімалайскім хрыбтом размяшчаецца паніжэнне — унутраная сярэдняя вобласць (Мідлэнд, або Пахар-Кханда). Шырыня яе прыкладна 25 км, вышыня — ад 600 да 2000 м. Тут сыходзяцца рэкі, якія спускаюцца з Гімалаяў. У сярэдняй вобласці знаходзіцца найбольш спрыяльная для сельскай гаспадаркі і самая населеная частка краіны — даліна Катманду плошчай каля 600 кв. км.
На поўначы Пахар-Кханда прымыкае да Галоўнага Гімалайскага хрыбта, або Вялікіх Гімалаяў. Сярэдняя вышыня Вялікіх Гімалаяў — 6000 м. Па-непальску Гімалаі — Хімалай, што азначае «мясціна снягоў». На тэрыторыі краіны снягамі пакрытыя больш за 1300 горных вяршыняў. У Непале знаходзяцца восем з 14 вяршыняў свету вышэйшых за 8000 м. Сярод іх самая высокая гара Зямлі — Эверэст, або Джамалунгма (па-непальску — Сагарматха) — 8848 м (на мяжы з КНР). Галоўны Гімалайскі хрыбет мае вострыя зубчастыя абрысы, а яго стромыя схілы маюць шмат глыбокіх цяснінаў.
Ва ўсходняй частцы Непала грэбень Галоўнага Гімалайскага хрыбта з'яўляецца дзяржаўнай мяжой з КНР, у заходняй жа палове мяжа з КНР праходзіць у некалькіх дзясятках кіламетраў паўночней Галоўнага Гімалайскага хрыбта.
Сучасны Непал [правіць]
З 1996 года мааісцкая апазіцыя Непала прыступіла да актыўных дзеянняў, і ў Непале пачалася грамадзянская вайна. Урад не даў рады з ростам эканамічных праблем, высокай карупцыяй службоўцаў, і час ад часу краіна скаланалася ад крызісаў, звязаных з разрухай і голадам на аддаленых тэрыторыях. Высокі наплыў замежных турыстаў, які меў месца ў сярэдзіне 1990-х гадоў, стаў скарачацца, і да 2005 зменшыўся ў дзесяць разоў, што яшчэ больш ударыла па эканоміцы Непала.
1 чэрвеня 2001 спадчынны прынц Дыпендра на традыцыйным абедзе, прысвечаным сустрэчы ўсёй каралеўскай сям'і, расстраляў усіх прысутных, а потым застрэліўся сам. Пры гэтым загінуў кароль Бірэндра і амаль усе члены каралеўскай сям'і. На трон уступіў яго дзядзька Г'янэндра.
Спрабуючы стабілізаваць становішча, Г'янэндра пайшоў на шэраг непапулярных захадаў - да забароны палітычных партый і роспуску ўрада, перамяжоўваючы актыўныя ваенныя дзеянні супраць мааістаў з перамовамі. У той самы час мааісты ўзялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі Непала, тады як урадавыя войскі ўтрымлівалі даліну Катманду, наваколлі Покхары, найбольш населеную частку тэраяў і раёны асноўных турысцкіх маршрутаў у наваколлях Эверэста і Анапурны.
У 2005 кароль фактычна распусціў парламент.
Выступаючы супраць аўтарытарных захадаў з боку караля, кіруючыя палітычныя партыі ўступілі ў саюз з мааістамі. 11 ліпеня 2006 парламент Непала пазбавіў караля Г'янэндру права накладваць вета на законы і законапраекты. За месяц да гэтага дэпутаты аднадушна адабралі ў караля пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага войскам, пазбавілі імунітэту (з гэтага часу яго можна аддаць пад суд), а таксама абавязалі плаціць падаткі. Акрамя таго, дэпутаты пастанавілі з гэтага часу лічыць Непал — адзінае ў міры цалкам індуісцкае каралеўства — «свецкай дзяржавай», адабраўшы такім чынам у Г'янендры тытул інкарнацыі Вішну. Быў сфармаваны кааліцыйны ўрад.
21 лістапада 2006 урад з сямі партый заключыў мір з мааістамі, абвясціўшы аб завяршэнні грамадзянскай вайны. Па ўмовах гэтай угоды мааісты пагадзіліся скласці зброю. За гэта прэм'ер-міністр Гірыджа Прасад Койрала, яі ў маі 2006 стаў кіраўніком краіны, паабяцаў аддаць мааістам 73 з 330 дэпутацкіх месцаў у новым парламенце.
14 студзеня 2007 парламент прыняў часовую канстытуцыю, па якой кароль пазбаўляецца статуту ачольніка дзяржавы і ўладныя функцыі перадаюцца прэм'ер-міністру. Пры гэтым мааісты дамагліся павелічэнні прадстаўніцтва ў парламенце да 83 месцаў, сталі самай буйной апазіцыйнай партыяй і атрымалі месцы ў кабінеце міністраў. Непальскі нацыянальны кангрэс на чале з прэм'ер-міністрам атрымаў 85 месцаў.
Былі прызначаныя выбары ў Канстытуцыйную Асамблею. Адначасова на поўначы Непала ўзброеныя атрады мааістаў пачалі здаваць зброю ў адмысловыя сховішчы, якія будуць кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі. Прыём зброі ажыццяўляе адмысловая камісія з супрацоўнікаў ААН і ветэранаў брытанскіх каланіяльных войскаў з ліку непальскіх горцаў-гуркхаў.
Пазней аднак выбары былі перанесены на больш позні тэрмін.
28 снежня 2007 часовы парламент абвясціў Непал дэмакратычнай федэрацыйнай рэспублікай. Рашэнне падлягае зацвярджэнню Канстытуцыйнай Асамблеі пасля выбараў.
Эканоміка [правіць]
Аснова непальской эканомікі — турызм, унутраны гандаль, сельская гаспадарка. На поўдні краіны існуюць мясцовыя прадпрыемствы індыйскіх прамысловых кампаній.
Грашовая адзінка — непальская рупія. Курс рупіі складае прыкладна 70 рупій за адзін долар ЗША. Абмен валюты — вольны. Грошы можна абмяняць як у банках, так і ў шматлікіх абменных пунктах.
Гл. таксама [правіць]
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Nepal. International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 1 кастрычніка 2009.
- ↑ На тэрыторыі краіны дзейнічае непальскі час.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Непал- Glacial Lakes and Glacial Lake Outburst Floods in Nepal. - International Centre for Integrated Mountain Development, Kathmandu, March 2011
| Гэта пачатак артыкула. Вы можаце дапамагчы праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |
