Горад

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Панарама горада Сіднея, Аўстралія
Панарама горада Лос-Анджэлеса, ЗША
Панарама горада Лондана, Вялікабрытанія
Панарама горада Куска, Перу

Го́рад, ме́станаселены пункт, жыхары якога занятыя, пераважна, па-за сельскай гаспадаркай.

Аднясенне населенага пункту да катэгорыі гарадоў афармляецца ў заканадаўчым парадку; пры гэтым мера колькасці насельніцтва горада бывае рознай, і вагаецца, напрыклад, ад 250 чалавек у Даніі да 30.000 чалавек у Японіі.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Слова «горад» паходзіць ад дзеяслова «гарадзіць» (адпаведную этымалогію маюць англійскае слова «town», венгерскае «város» і інш.), і ў часы Полацкага і Тураўскага княстваў пазначала агароджанае пасяленне з сядзібай палітычнай і духоўнай адміністрацыі. Цывілізацыйна старадаўнія гарады мала чым адрозніваліся ад вёсак.

У часы Вялікага Княства Літоўскага беларускія гарады праз распаўсюджванне Магдэбургскага права далучаюцца да еўрапейскай гарадской супольнасці. Набыццё правоў і прывілеяў разам з узрастаннем у жыцці жыхароў ролі гандлю, рамёстваў і промыслаў спрыялі цывілізацыйнай трансфармацыі гарадскога пасялення. Гэтая перамена адлюстравалася і ў тэрміналогіі: пачынаючы з 13 стагоддзя назва «горад» у літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках замацоўваецца за старажытнымі замкавымі ўмацаваннямі, новая частка пасялення, сэрцам якой робіцца рынак, атрымлівае назву «места» (у сэнсе: «горад без агароджы»). Гэты тэрмін ужываўся на працягу некалькіх стагоддзяў, у тым ліку па прычыне адпаведнасці польскаму слову «място» (польск.: miasto), ва ўмовах дамініравання польскай культуры ў Рэчы Паспалітай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пасяленні, аддалена падобныя на гарады (такія як Іерыхон у Палесціне), узніклі больш за 9 тысяч гадоў таму. У 76 тысячагоддзях да н.э. у Заходняй Азіі з'яўляецца ўжо цэлы шэраг пасяленняў (Айн-Газал, Чатал-Хююк) з верагоднай колькасцю насельніцтва ў раёне 2 тысяч чалавек. Аднак першыя ўжо бясспрэчныя гарады з'яўляюцца толькі з 4 тысячагоддзі да н.э. Першы перыяд дастаткова хуткага росту гарадоў адносіцца да другой паловы 4 — першай паловы 3 тысячагоддзя да н.э.

На працягу амаль усёй гісторыі канцэнтрацыя гарадскога насельніцтва была вельмі нізкай (за выключэннем адносна невялікіх дзяржаў, гарадоў-дзяржаў. У тэрытарыяльна вялікіх дзяржавах доля гарадскога насельніцтва не перавышала 10% (напрыклад, у Расіі яшчэ ў канцы 18 стагоддзя гараджане складалі 4-5%). Але нават пры такім узроўні урбанізацыі ступень развітасці грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў, здольных падтрымліваць сацыяльны парадак, была дастаткова высокай.

Карэнным чынам сітуацыя стала мяняцца ў 19 стагоддзі ў сувязі з індустрыяльнай рэвалюцыяй. Сапраўдным векам урбанізацыі стала 20 стагоддзе: доля гараджан у сусветнай папуляцыі вырасла з 14% у 1900 да 47% у 2000. У 1950 у свеце налічвалася 83 горада з насельніцтвам звыш 1 млн. чалавек, у 2000 іх стала 411. У цяперашні час усе гарады свету займаюць не больш 1% плошчы сушы.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

У сучасным горадабудаўніцтве існуюць разнастайныя падыходы да планіравання гарадской забудовы. Найбольш распаўсюджанай схемай на сёняшні дзень з'яўляецца рэгулярная забудова з перакрыжаваннем большасці вуліц пад прамым вуглом. Такая планіроўка ўжывалася на працягу тысячагоддзяў у Кітаі, была агульнапрынятай у Старажытным Рыме і з 19 стагоддзя атрымала шырокую папулярнасць сярод праекціроўшчыкаў ва ўсім свеце. Так забудавана большасць гарадоў у ЗША.

Другая распаўсюджаная схема забудовы горада — радыяльная, пры якой асноўныя вуліцы сходзяцца да цэнтра горада. Часцей за ўсё яна атрымліваецца ў выніку доўгага развіцця горада вакол цытадэлі, з канцэнтрацыяй шляхоў у гарадскіх сценах. У апошні час гэта дапаўняецца пабудовай кольцавых магістраляў унутры і вакол горада (напрыклад, першае і другое гарадскія кольцы і МКАД у Мінску).

Структураванне гарадской прасторы большасці гарадоў адбываецца ў адпаведнасці з пэўнымі зонамі, населенымі прадстаўнікамі адной сацыяльнай страты. Цэнтрам горада з'яўляецца цэнтральны дзелавы раён, акружаны зонай пераходу, забудаванай прамысловымі аб'ектамі і жыллём пралетарыяту; далей ідзе зона рэзідэнцый высокага класу і прыгарадная зона, населеная людзьмі, якія прыязджаюць у горад на працу.

Геаграфічны абрыс горада ў значнай ступені вызначаюць працэсы агламеравання (зліцця некалькіх гарадоў ва ўстойлівы прасторавы комплекс) і субурбанізацыі (развіцця прыгарадаў (англ.: suburbs) — кольцаў урбанізаванай тэрыторыі па-за межамі цэнтральнага горада).

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Гарады валодаюць уласным мікракліматам па прычыне наяўнасці вялікай колькасці паверхняў, што абсарбіруюць цяпло ад сонечнага святла, і сеткі каналаў вываду дажджавой вады ў сістэму падземнай сцёкавай каналізацыі. Прамысловасць, транспарт, камунальная гаспадарка ўносяць заўважны ўклад у падагрэў гарадскога паветра. Канструкцыя горада спрыяе захаванню пэўнай тэмпературы, больш высокай у параўнанні з навакольнымі прасторамі.

Засмечванне і рознага роду забруджванне з'яўляюцца дзвюма асноўнымі гарадскімі экалагічнымі праблемамі.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Гарады — гэта своеасаблівыя вузлы ў прасторавай структуры грамадства: чым іх больш і чым яны буйнейшыя, тым больш мяняецца логіка арганізацыі прасторы і транспартныя плыні, тым складаней жыццё ў грамадстве і само грамадства. Фізічная шчыльнасць пражывання паляпшае абмен інфармацыяй і ведамі, спрыяе вытворчасці новых ідэй, інтэлектуальна абагачае краіну.

З'яўленне буйных гарадоў патрабуе новых сістэм іх забеспячэння і тавараабароту паміж горадам і вёскай. Гэта моцна мяняе ўвесь уклад грамадства (і ў горадзе, і ў сяле). Рост новых сектараў эканомікі (дзякуючы гарадам) вядзе да ўзрастання ўзроню пісьменнасці, што ў сваю чаргу паляпшае засваенне новых ідэй, а гэта можа прывесці да перабудовы ідэалогіі грамадства.

Набыццё асобнымі гарадамі надзвычайнага ўплыву ў гандлёвай, фінансавай, банкаўскай і інш. сферах прывяло да фарміравання канцэпцыі глабальных ці сусветных гарадоў. Па разліках яе аўтараў такія гарады маюць больш агульнага паміж сабой, чем з гарадамі сваіх краін. Да глабальных гарадоў адносяць, у прыватнасці, Лондан, Нью-Ёрк, Токіа, Парыж, Лос-Анджэлес, Сінгапур, Таронта, Чыкага. Пры гэтым гарады ўплывовыя ці магутныя ў рэлігійным ці гістарычным аспекце (Рым, Дэлі, Мумбаі, Стамбул, Мекка і г.д.) да катэгорыі глабальных гарадоў не адносяцца.

Тэндэнцыі развіцця[правіць | правіць зыходнік]

Дыферэнцыяцыя развіцця гарадоў прывяла да складвання трох асноўных тыпаў гарадскіх сістэм.

  • Прыматная гарадская сістэма характарызуецца наяўнасцю аднаго буйнога гарадскога пасялення (звычайна, сталічнай агламерацыі), якое дамінуе ў нацыянальнай гарадской сістэме. Гэта асаблівасць Лацінскай Амерыкі, большай часткі Азіі і частки Афрыки.
  • Збалансаваная гарадская сістэма, у якой адзін горад не мае яўнага дамінавання над іншымі, характэрная перш за ўсё для Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Працэс еўрапейскай інтэграцыі прывёў да стварэння еўрапейскіх субрэгіянальных гарадскіх сістэм (у прыватнасці, паласа ад Бенілюкса да Паўночнай Італіі ўздоўж франка-германскай граніцы). Шэраг калісьці малых еўрапейскіх гарадоў (Ахен, Льеж, Страсбург) апынуліся ў стратэгічна важных для ЕС месцах і атрымалі магчымасць развівацца не толькі ў межах сваёй краіны, але і Еўропы ўвогуле.
  • Транснацыянальная гарадская сістэма з'явілася ў выніку фарміравання новых тыпаў эканамічных сувязей паміж вытворчымі прадпрыемствамі і сервіснымі кампаніямі. Працягваецца развіццё сеткі сусветных гарадоў.

Новым тыпам гарадоў постіндустрыяльнай эпохі сталі тэхнаполісы, прызначаныя для стварэння ў адной канцэнтраванай зоне інавацыйнай прадукцыі. Такія гарады мэтанакіравана будуюцца нацыянальнымі ці рэгіянальнымі ўладамі з удзелам дзелавых і акадэмічных колаў.

Гарады Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны артыкул: Гарады Беларусі

На тэрыторыі Беларусі гарады з'яўляюцца ў 910 стагоддзях з рассяленнем славян. Першыя гарады — Полацк, Тураў, Віцебск.

Беларускае заканадаўства адносіць да катэгорыі гарадоў:

  • горад Мінск — сталіцу Рэспублікі Беларусь;
  • гарады абласнога падпарадкавання — населеныя пункты з колькасцю насельніцтва не менш 50 тысяч чалавек, якія з'яўляюцца адміністрацыйнымі і буйнымі эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі з развітой вытворчай і сацыяльнай інфраструктурай (у асобных выпадках да іх могуць быць аднесены населеныя пункты з меншай колькасцю насельніцтва, якія з'яўляюцца адміністрацыйнымі і буйнымі эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі, маюць важнае прамысловае, гістарычнае значэнне, перспектывы далейшага развіцця і росту колькасці насельніцтва);
  • гарады раённага падпарадкавання — населеныя пункты з колькасцю насельніцтва не менш 6 тысяч чалавек, якія маюць прамысловыя арганізацыі, сетку арганізацый сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння, з перспектывамі далейшага развіцця і росту колькасці насельніцтва.

На пачатак 2009 г. 112 населеных пунктаў мелі статус горада.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]