Ліпнякі (археалагічны комплекс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадзішча
Ліпнякі
Краіна  Беларусь
Вёска Ліпнякі

Ліпнякі — археалагічны помнік — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур і ранняга сярэдневякоўя за 1 км на паўночны захад ад вёскі Ліпнякі (Лоеўскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь), на пагорку каля ракі Брагінка.

Пляцоўка прамавугольная з закругленымі вугламі, памерамі 60х70 м, была ўмацавана валам вышынёй каля 2 м, шырынёй да 15 м (разбураны ў 1973 годзе пры правядзенні меліярацыйных работ). Выявіў у 1929 годзе І. Х. Юшчанка, абследавалі ў 1955 годзе В. М. Мельнікоўская, у 1957 годзе Л. Д. Побаль, даследавалі ў 1976 годзе М. Ф. Гурын (900 м²), у 1977 годзе М. І. Лашанкоў (200 м²).

Культурны пласт да 0,6 м. Выяўлена 57 ям гаспадарчага прызначэння, разнастайных форм і памераў, адна з іх нагадвае рэшткі паўзямлянкавага жытла памерамі 5х2,8 м, заглыбленага ў мацярык на 0,2—0,3 м. Знойдзены фрагмент ляпной пасудзіны, частка якой арнаментавана па шыйцы, плечуку і тулаве ўцісканнямі пазногця або пастаўленай пад вуглом папачкі. Сярод прылад працы крамянёвыя нажы, скобля, пракрутка, рэтушор, жалезны наканечнік кап’я, фрагменты 2 нажоў, скоблі, спражка, бронзавыя фрагменты тыгля, бранзалета. Асобную групу знаходак складаюць гліняныя прасліцы біканічнай, шарападобнай і посудападобнай формы, частка з іх арнаментавана кропкавымі ўцісканнямі, рыскамі, лініямі. У паўзямлянцы выяўлены 2 ляпныя гаршчкі, падпраўленыя на ганчарным крузе, якія адносяцца да сярэдневякоўя. Магчыма, гарадзішча выконвала функцыю сховішча.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]