Мінскі гарадавы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Мінскі гарадавы
53°53′56″ пн. ш. 27°33′09″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Скульптар Аляксандр Дранец
Архітэктар Павел Вайніцкі
Дата заснавання 2017
Дата пабудовы 2017 год
Map

Мінскі гарадавы — бронзавая скульптура ў Мінску, размешчаная па вул. Гарадскі Вал, насупраць будынка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Атрымала дурную славу ў часы міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча пасля шматлікіх інцыдэнтаў з затрыманнем людзей, якія спрабавалі кантактаваць з ёй.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рашэнне ўсталяваць скульптуру мінскаму гарадавому было прынята пры правядзенні рэканструкцыі будынка 1914 года, у якім у наш час размяшчаецца музей МУС[1], і прымеркавана да 100-годдзя міліцыі Беларусі, якое адзначалася ў 2017 годзе. 2 сакавіка 2017 года адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі і музея[2], у якім прынялі ўдзел Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, Міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіча, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і іншыя адказныя асобы[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Аўтарам «Мінскага гарадавога» стаў скульптар Аляксандр Дранец. Канцэпцыя помніка належыць міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, які настаяў на прысутнасці ў кампазіцыі двух яе характэрных элементаў: маленькага беспароднага сабачкі, які ўтульна прыстроіўся каля ног гарадавога, і ліхтара, які па начах будзе гарэць над іх галовамі. Фігура царскага гарадавога выканана паводле архіўнай фатаграфіі. Як і гістарычны прататып ён мае розныя пагоны: у тыя часы на службу галоўным чынам бралі былых салдатаў — на адным плячы заставаўся армейскі пагон, з якім ён звальняўся, а на іншым — паліцэйскі, які яму выдавалі[1].

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

З’яўленне скульптуры прымеркавана да 100-годдзя беларускай міліцыі, якая вядзе сваю гісторыю ад бальшавікоў — з 4 сакавіка 1917 года, калі баявыя атрады рабочых пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрунзэ захапілі ў Мінску паліцэйскую ўправу і раззброілі паліцэйскіх, узяўшы горад пад свой кантроль. Аднак гарадавы — прадстаўнік гарадской паліцыі Расійскай імперыі, якіх і раззбройвалі бальшавіцкія атрады[3]. У часе рэвалюцыйных падзей гарадавых арыштоўвалі і нават забівалі[4].

Інцыдэнты[правіць | правіць зыходнік]

Выбачэнне перад скульптурай[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 2018 года 17-гадовы падлетак у скачку даў скульптуры поўху. Гэта заўважылі міліцыянеры, якія затрымалі хлопца, апыталі і склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.1 КаАП РБ («хуліганства»). Міністэрства ўнутраных спраў выклала на сваім Youtube-канале відэаролік, у якім падлетак выбачаецца перад скульптурай гарадовага і перад міліцыянтамі[9][10]. Дзеянні супрацоўнікаў МУС выклікалі абурэнне ў грамадстве, якое палічыла іх празмернымі, тым больш, што скульптура не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і не з’яўляецца помнікам[11].

16 лістапада блогер Яўген Ліпковіч запусціў на Petitions.by збор подпісаў за знос скульптуры, названай «маламастацкім творам», абгрунтаваўшы гэта тым, што яна «правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеянні»[12].

Пасля відэа, апублікаванага МУС, беларусы арганізавалі флэшмоб, пачаўшы прасіць прабачэння ў помнікаў у сацсетках і публікуючы іх пад хэштэгамі #помнікпрабач (руск.: #памятникпрости)[12].

17 лістапада 2018 года міліцыя затрымала і правяла выхаваўчую гутарку з мінчуком, які завязаў шалік скульптуры. Паводле меркавання супрацоўнікаў праваахоўных органаў «гэта скульптура з’яўляецца тварам МУС», таму «нічога на помнік вешаць не варта»[13].

Раніцай 19 лістапада чатыры акцёркі «Свабоднага тэатра» прыйшлі да скульптуры гарадавога з сабакам, каб выказаць пратэст яе «асабліваму статусу». Яны пачалі яе цалаваць, абдымаць, каб «сагрэць», і рабіць сэлфі.​ Практычна адразу з Музея МУС выйшлі два міліцыянеры, якія папярэдзілі, што скульптуру цалаваць і нават датыкацца да яе нельга[14][15].

20 лістапада ў прэс-службе МУС паведамілі, што фатаграфавацца побач са скульптурай гарадавога, абдымаць яе і гладзіць скульптуру сабачкі можна[11].

На пачатку снежня 2018 года анархісты паставілі каля скульптуры памінальны вянок з надпісам: «Іміджу МУС». Іх адправілі на ноч у ізалятар на Акрэсціна, пасля чаго суд аштрафаваў іх за «дробнае хуліганства». 18-гадовая студэнтка правяла два дні ў ізалятары за тое, што зрабіла выгляд быццам замахваецца на гарадовага нагой[16].

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы» за іміджавы правал з выбачэннямі перад гарадавым звольнены начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгій Яўчар[17]

Пасля сыходу Ігара Шуневіча з пасады міністра ўнутраных спраў, інцыдэнты вакол скульптуры скончыліся. Новы міністр Юрый Караеў сказаў, што з помнікам можна фатаграфавацца і «рабіць усё, што не абражае чалавечую годнасць»[18].

У сярэдзіне лютага 2020 года ў сувязі з чуткамі аб затрыманні Ігара Шуневіча па «цукровай справе» да скульптуры прынеслі пачак цукру.

Зноскі

  1. а б в В Минске установили памятник городовому
  2. ДОСЬЕ: К 100-летию белорусской милиции
  3. В Минске появился памятник городовому Архівавана 25 сакавіка 2018.
  4. В Петербурге почтили память городовых — жертв Февральской революции (руск.)(недаступная спасылка). rusk.ru (26 траўня 2008). Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2018. Праверана 17-11-2018.
  5. Касінерава аштрафавалі за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Жывы блог
  6. Анекдот с петлёй на шее. № 17 (1093) 2 мая 2017 г. Общество. БелГазета
  7. а б Каля статуі гарадавога насупраць МУС зьявілася ЛГБТ-клюмба. Фатафакт
  8. Журналіста Андрэя Шаўлюгу і ўдзельнікаў акцыі насупраць МУС пакаралі штрафамі ў 73,5 рубля
  9. Як у Чачні: падлетак, які даў поўху скульптуры гарадавога, просіць прабачэння ў помніка і міліцыянтаў ВІДЭА
  10. Міліцыя апублікавала ВІДЭА выбачэньняў хлопца перад помнікам царскаму гарадавому
  11. а б МВД: «Делать селфи с городовым можно! Гладить собачку тоже»(недаступная спасылка)
  12. а б За знос менскага помніка царскаму гарадавому пачалі збор подпісаў
  13. Міліцыя правяла выхаваўчую гутарку з мінчуком, які завязаў шалік скульптуры гарадовага ВІДЭА
  14. Милиционер запретил девушкам дотрагиваться до памятника городовому
  15. Міліцыя забараніла дзяўчатам цалаваць скульптуру царскага гарадавога ў Менску. ФОТА і ВІДЭА
  16. Караеў распавёў, што цяпер можна рабіць з гарадавым
  17. Крыніцы: за іміджавы правал з выбачэннямі перад гарадавым звольнены прэс-сакратар МУС Георгій Яўчар
  18. Дазволіў фоткацца з гарадавым. Што змяніў Юрый Караеў за месяц кіраўніцтва МУС Архівавана 6 жніўня 2020.