Скульптура
Скульптура, пластыка (лац.: sculpo — выразаю, высякаю) — від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць аб'ёмную, трохмерную форму і выконваюцца высяканнем, выразаннем, лепкай, коўкай, ліццём ці іншым спосабам з цвёрдых ці пластычных матэрыялаў (камень, метал, дрэва, гліна і інш.). Мастацка-выразнымі сродкамі скульптуры з'яўляюцца пабудова аб'ёмнай формы, пластычная мадэліроўка (лепка), распрацоўка сілуэта, фактуры, часам колеру.
Змест |
Гісторыя [правіць]
Раннія формы і віды скульптуры існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У асобны від творчай дзейнасці са сваімі спецыфічнымі задачамі скульптура выкрышталізавалася ў перыяд існавання першых цывілізацый свету (Старажытны Егіпет, Месапатамія). У эпоху антычнасці скульптура дасягнула росквіту ў культуры Старажытнай Грэцыі (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет і інш.).
Культавая скульптура эпохі Сярэднявечча ў Еўропе і Азіі аб'ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. Увасабленне ідэалаў гуманізму эпохі Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Мікеланджэла, К. Слютэра, А. Крафта і інш. У 17-20 ст. скульптура развівалася ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў (маньерызм, барока, класіцызм, рамантызм, мадэрн, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш.). Сярод найбольш вядомых скульптараў мінулых стагоддзяў Дж. Л. Берніні, А. Канова, Б. Торвальдсэн, Ж. А. Гудон, Б. К. Растрэлі, І. Мартас, А. Радэн, Г. Арп, Г.Мур, Ф. Крэмер і інш.
Віды скульптуры [правіць]
Выдзяляюць наступныя віды скульптуры:
- круглая (статуя, бюст, група)
- плоская (рэльеф)
- манументальная (помнікі, манументы)
- манументальна-дэкаратыўная (архітэктурны дэкор, садова-паркавая)
- станковая (выконваецца на спецыяльным станку).
Гл. таксама [правіць]
Крыніцы [правіць]
Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6
