Міхал Цюндзявіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхал Цюндзявіцкі
Фотаздымак ў крэсле з выявамі Пагоні і Арла, які пасля паслужыў рэчыўным доказам удзелу Міхала Цюндзявіцкага і фатографа Антона Прушынскага ў паўстанні 1863 года
Фотаздымак ў крэсле з выявамі Пагоні і Арла, які пасля паслужыў рэчыўным доказам удзелу Міхала Цюндзявіцкага і фатографа Антона Прушынскага ў паўстанні 1863 года
Нараджэнне 16 чэрвеня 1836(1836-06-16)
Смерць 21 мая (2 чэрвеня) 1863 (26 гадоў)
Род Цюндзявіцкія[d]
Бацька Мельхіёр Цюндзявіцкі
Маці Каміла з Багдановічаў[d]
Дзейнасць афіцэр
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхал Яхім Цюндзявіцкі (польск.: Michał Ciundziewicki; 16 чэрвеня 1836 або 1839, Вільянова, Барысаўскі павет — 21 мая (2 чэрвеня) 1863, Мінск) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, першая ахвяра царскіх карнікаў[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З заможнай шляхецкай сям’і, сын Камілы з Багданавічаў (пам. 1862) і Мельхіёра Цюндзявіцкага (1790—1860), маршалка Барысаўскага павета і адстаўнога палкоўніка расійскай арміі, які ў вайну 1812 года служыў у расійскім войску і за мужнасць атрымаў залатую шаблю. Бацька валодаў маёнткам Вільянова ў Барысаўскім павеце. У сям’і было сямёр дзяцей[1], сярод іх у тым ліку: брат Эміль, які ажаніўся з Клацільдай з Шчытоў-Неміровічаў (іх дачка Сафія выйшла за Баляслава Цеханавецкага), сёстры Клемянціна, жонка Мечыслава Блаўдзевіча (іх дачка Марта выйшла за Ежы Здзіхоўскага), і Алімпія, жонка Іцнацыя Мянжынскага (іх дачка Ганна выйшла за графа Леана Жалтоўскага)[2]. Пляменнік Ганны Цюндзявіцкай з Прушынскіх.

Пасля смерці бацькі Міхал Цюндзявіцкі быў пад апекай дзядзькі Севярына Багдановіча. Як і бацька, Міхал выбраў вайсковую кар’еру. Пасля кадэцкага корпуса ў званні харунжага паступіў на службу. У праходзіў службу ў чыне прапаршчыка ў наразной лёгкай № 3 батарэі 8-й Артылерыйскай брыгады ў Санкт-Пецярбургу. У войску Міхал увайшоў у рэвалюцыйную арганізацыю, па заданні якой пры канцы 1862 года ўзяў адпачынак і накіраваўся ў вандроўку па вёсках Мінскай і Віленскай губерняў — заклікаць сялян да паўстання. Пераапрануты ў кажух, аб’ехаў шмат мясцін. 18 лютага 1863 года ён наведаўся ў карчму каля вёскі Камень, дзе сабралася дужа народу на хрэсьбіны. Калі гаворка перайшла да тэмы ўзброенага выступлення, Цюндзявіцкі дастаў з кішэні брашуру на беларускай мове (хутчэй за ўсё «Мужыцкую праўду») і стаў яе гучна чытаць. Адзін з сялянаў выказаў сумнеў: маўляў, цар і так аддасць зямлю, навошта паўстанне. Міхал адказаў[1]:

" Хопіць таму цару валодаць нашай зямелькай. Трэба за яе грудзьмі стаць. Цяпер і нам, і вам дрэнна, панабудавалі канцылярый, вам плата вялікая. Трэба пра сябе падумаць, і памятайце, каб вы гатовы былі ваяваць… Што для нас значыць у Барысаве адна рота салдат? Мы іх шапкамі закідаем… Косы трэба рыхтаваць, завастрыўшы на абодва бакі. "

Словы пачуў соцкі. Цюн­дзявіцкага арыштавалі і даставілі ў мінскую турму. Некалькі сялянаў пацвердзілі, што Міхал агітаваў іх. Падчас вобшуку знайшлі фота, на якім Цюндзявіцкі быў зняты ў крэсле з выявамі Пагоні і Арла ў фотамайстэрні Антона Прушынскага. Міхал не быў кіраўніком атрада, не ўдзельнічаў у сутычках, таму падставаў асудзіць яго на смерць не было. На момант арышту віленскім генерал-губернатарам быў Уладзімір Назімаў, які адрозніваўся большым лібералізмам, чым яго паслядоўнікі. Міхалу Цюндзявіцкаму быў вынесены прысуд, паводле якога ён быў разжалаваны ў радавыя і мусіў быць сасланы на Каўказ, аднак, Міхаіл Мураўёў, які замяніў Назімава на гэтай пасадзе, прынцыпова замяніў прысуд на расстрэл[3]. Ён загадаў арыштаваць нават мінскага фатографа Прушынскага, у майстэрні якога быў зроблены здымак Цюндзявіцкага[1].

Расстрэлам 21 мая (2 чэрвеня) 1863 года ў Мінску 23-­гадовага Міхала Цюндзявіцкага пачалася акцыя па запалохванні насельніцтва ў Беларусі. Цюндзявіцкага ж у прысутнасці натоўпу мінчукоў паставілі да слупа недалёка ад скрыжавання вуліц Серпухаўскай (сёння Валадарскага) і Захар’еўскай (праспект Незалежнасці), дзе сёння знаходзіцца паштамт. Калі агучылі прысуд, Міхал папрасіў, каб карнікі не завязвалі яму вачэй. За хвіліну да залпу ля ног Цюндзявіцкага ўпаў букет кветак, кінуты дзяўчынай з вёскі Палонная[1].

Сведкай пакарання смерцю быў дзядзька Цюндзявіцкага Севярын Багдановіч, які пазней перадаў яго родным апошняе развітальнае пісьмо. З таго часу імя Міхал захоўваецца ў кожным пакаленні Цюндзявіцкіх, і стала радавым[4][3].

Яго пахавалі на месцы пакарання. Мемуарыст Эдвард Паўловіч адзначаў: «да магілы ішоў незлічоны натоўп усіх саслоўяў, веравызнанняў і нацыянальнасцей». Людзі былі «збратаныя, але і перапісаныя шпіёнамі». Каб пазбегнуць ператварэння магілы ў мемарыял, цела перазахавалі ў невядомым месцы[1]. Вацлаў Студніцкі, які перакладаў дакументы судовай канцылярыі, пісаў:

" Rozstrzelany (…) za nie w swoim czasie stawienie się na służbę z przedtem udzielonego mu urlopu, rozjeżdżanie po gub. Mińskiej i Wileńskiej z celem niewiadomym, namowę włościan do powstania i sfotografowanie się, siedzącym na krześle z wyobrażeniem korony a pod nią herbu połączenia Litwy i Polski. "

Недалёка ад месца забойства брат Міхала Аляксандр Цюндзявіцкі ў 1870 пабудуе дом[1].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі гісторык Адам Мальдзіс прапаноўваў усталяваць на месцы пакарання смерцю Міхала Цюндзявіцкага мемарыяльную дошку, аднак улады адмовілі яму.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё Першая і апошняя ахвяры Паўстання
  2. Andrzej Rachuba (red.): Dzieje rodziny Ciechanowieckich herbu Dąbrowa (XIV—XXI wiek). Warszawa: DiG, 2013, s. 394
  3. а б ДЕЛО ОБ УБИЙСТВЕ ПРИСТАВА ЛЯЦКОГО/ или Последние жертвы душителей восстания Архівавана 24 лютага 2020.
  4. Ханецкі, В. Цюндзявіцкія: род, які пакінуў глыбокі след на Барысаўшчыне // Гоман Барысаўшчыны, № 9 (126), 2009 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rok 1863. Wyroki śmierci. Wydane pod redakcją Wacława Studnickiego nakładem i drukiem Ludwika Chomińskiego w Wilnie. Księgarnia Stow. Nauczycielstwa Polskiego. Tow. Wyd. «Ignis», Warszawa, сс. 55 і 107.
  • Marek J. Minakowski, Ci wielcy Polacy to nasza rodzina, wyd. 3, Dr Minakowski Publikacje Elektroniczne, Kraków 2008, ISBN 83-918058-5-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]