Насельніцтва Мексікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маладыя мексіканцы, Мантэрэй

Мексіка мае дзясятае ў свеце насельніцтва — каля 130 млн чалавек на 2019 год. Колькасць жыхароў краіны, нягледзячы на эміграцыю ў ЗША, працягвае павялічвацца. У расавых адносінах 2/3 насельніцтва — метысы, большасць астатніх — індзейцы. Паводле веравызнання мексіканцы ў асноўным каталікі. Асноўная мова — іспанская. 70 % насельніцтва жыве на Мексіканскім нагор’і. Вялікі Мехіка-Сіці (22 млн чал.) — адна з найбуйнейшых агламерацый Заходняга паўшар’я.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Да 1920-х насельніцтва Мексікі расло павольнымі тэмпамі: за ХІХ стагоддзе яно ўсяго толькі падвоілася, а ў 1910-х мексіканцаў паменела на 2 млн чалавек у выніку грамадзянскай вайны. Палітычная стабільнасць, поспехі ў медыцыне і па-ранейшаму высокая нараджальнасць абумовілі дэмаграфічны выбух у 1930—1980 гг.: за паўстагоддзя насельніцтва павялічылася з 19 да 66 млн чалавек, за наступныя 40 гадоў — яшчэ ўдвая. Працягласць жыцця ў ХХ стагоддзі вырасла з 36 да 72 гадоў.

У пачатку ХХІ ст. Мексіка з’яўлялася 11-й па колькасці насельніцтва краінай свету і пераследавала Японію, што замыкала дзясятку. У 2017 годзе, паводле сярэдніх ацэнак, Мексіка мае насельніцтва, большае за 124 мільёны чалавек. У 2018 Мексіка абышла Краіну ўзыходзячага сонца і ўвайшла ў топ самых населеных краін. Мексіка — другая па колькасці насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы, першая сярод іспанамоўных краін свету. У адрозненне ад той жа Японіі, дзе прырост адмоўны, насельніцтва Мексікі павялічваецца на 1,12 % за год (2017)[1], не зважаючы на міграцыйны адток. У ЗША пражывае больш за 11 млн чалавек, якія нарадзіліся ў Мексіцы.

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Этнічны склад даволі стракаты: 62 % мексіканцаў назвалі сябе метысамі, каля 29 % — індзейцамі, у 9 % рэшты ўваходзяць еўрапейцы, негры і інш. Большасць індзейцаў пражывае ў паўднёвых раёнах Мексікі (штаты Герэра, Аахака). Самыя буйныя індзейскія народнасці — ацтэкі, майя, сапатэкі, тараскі. Усё ХХ стагоддзе мексіканскія ўлады спрабавалі кансалідаваць народ краіны ў этнічную супольнасць метысаў («Mestizo»). У святле гэтай палітыкі перапісы і апытанні нават не змяшчалі графы для пазначэння індзейскіх народнасцяў. Толькі апошнім часам Мексіка стала на шлях мультыкультуралізму, у статыстычны рэестр былі дададзены індзейскія плямёны, а таксама катэгорыі еўрамексіканцаў і афрамексіканцаў. У 2017 у Мексіцы пражывала каля 1,2 млн замежнікаў, з іх 900 тыс. амерыканцаў — найбуйнейшая ў свеце дыяспара ЗША, далей ішлі гватэмальцы (54 тысячы) і іспанцы (27 тысяч). У 2010-х павялічылі іміграцыю ў Мексіку венесуэльскі крызіс, бандыцкае бязладдзе ў Цэнтральнаамерыканскім трохкутніку, а таксама новая індустрыялізацыя, выкліканая хваляй японскіх і карэйскіх інвестыцый.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Сярод індзейскага насельніцтва распаўсюджаны мясцовыя мовы. Увогуле на рэгіянальным узроўні выкарыстоўваецца 68 прызнаных моў. На дзяржаўным жа ўзроўні афіцыйнай мовы няма. Болей за 92 % насельніцтва валодае толькі іспанскай мовай, каля 6 % — іспанскай і яшчэ хаця б адной індзейскай, 0,8 % — выключна індзейскімі.

Рэлігійны склад[правіць | правіць зыходнік]

Базіліка Дзевы Марыі Гвадэлупскай

Паводле ацэнкі 2010 года, каталікі складаюць 82,7 % насельніцтва, пратэстанты — каля 8 %. Мексіка з’яўляецца рэдкай краінай у Лацінскай Амерыцы, дзе не адбываецца масавага пераходу з каталіцтва ў пратэстантызм. Дарэчы, пытанні аб этнічнай прыналежнасці і веравызнанні ў перапіс не ўваходзяць, і прыведзеная статыстыка базуецца на выніках апытанняў. Рэлігія адыгрывае важную ролю ў паўсядзённым жыцці мексіканцаў: 47 % каталікоў штотыднёва наведваюць касцёл. Дзень Святой заступніцы Мексікі — Дзевы Марыі Гвадэлупскай, 12 снежня — з’яўляецца мексіканскім нацыянальным рэлігійным святам, што важнасцю не саступае Раству.

Размяшчэнне і рассяленне насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Мехіка-Сіці

Большая частка мексіканцаў (каля 70 %) жыве ў цэнтральных штатах, на Мексіканскім нагор’і, на вышыні больш за 1000 м над узроўнем мора. Асабліва высокая шчыльнасць насельніцтва характэрная для даліны Мехіка. Пустынная поўнач і лясістыя раёны поўдня заселеныя слаба. Урбанізацыя складае амаль 80 % (2017)[1]. У агламерацыі Вялікага Мехіка-Сіці пражываюць каля 22 млн чал., што робіць яе адной з буйнейшых у свеце. Да наступных агламерацый адносяцца Гвадалахара (4,9 млн), Мантэрэй (4,7), Пуэбла (2,9). Сельскія пасяленні ўтвараюць вялікія згусткі, якія аддзелены адзін ад другога вялікімі бязлюднымі прасторамі.

Некаторыя гарады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі