Партрэт Крыштафа Весялоўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
невядома
Партрэт Крыштафа Весялоўскага. 1620-я і 1630-я
Матэрыял палатно
Тэхніка алейны жывапіс
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. ЗЖ-104)

Партрэт Крыштафа Весялоўскага, работы невядомага мастака. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Датаваць партрэт можна пасля 1623 года, часу атрымання тытула маршалка надворнага, аб гэтым сведчыць манаграма. Але больш верагодна, што ён быў створаны пасля смерці Грызельды ў 1632, у пачатку будаўніцтва ў яе гонар касцёла і манастыра ў Гродне[1].

Карціна выяўлена 8-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1966 годзе ў Дабравешчанскім касцёле манастыра брыгітак у Гродне[1].

Рэстаўрыраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Б. Брындаравым у 1966—1970 гадах у Ленінградзе[1].

Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт мае памеры 205,5×182 см.

На партрэце Крыштаф Весялоўскі паказаны ў шляхецкім касцюме з жупаном і фераззю[2]. На ім кароткі да каленяў жупан са стаячым каўняром і скошанай правай палой, якая заходзіць на левую. Жупан падперазаны скураным поясам з залатымі накладкамі. Ад каўняра да таліі ён зашпілены на шчыльны рад дробных гузікаў, а ад таліі пашыраны ўніз за кошт бакавых кліноў[2]. Шчыльная, залаціста-жоўтая тканіна жупана расшыта раслінным узорам залатымі ніткамі. На плечы Весялоўскага накінута падшытая рысіным футрам  (ням.) чорная бескаўняровая феразь, якая зашпілена пад горлам круглай залатой чапрагай з каштоўнымі камянямі. Правая пала феразі ўпрыгожана шасцю ажурнымі залатымі гузамі таксама з устаўкамі каштоўных камянёў[2].

У правай руцэ ён трымае атрыбут сваёй пасады — маршальскі  (руск.) посах-жэзл з каралеўскай манаграмай «ST» («Sigismundus Tertius»). Левая рука, паводле канонаў «сармацкага» партрэта, абапіраецца на багата аздобленае дзяржанне шаблі. Нешырокія сінія нагавіцы засунуты ў боты з абцасамі і халявамі з фігурным выразам. На стале ляжыць мяккі чорны капялюш, у месцы над ілбом упрыгожаны залатым аграфам і кітай з чорных пёраў[2].

Выстаўкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Гродна 1923
  • Выстаўка работ аддзела рэстаўрацыі Дзяржаўнага Рускага музея. Ленінград. 1977
  • Выстаўка работ мастака-рэстаўратара вышэйшай кваліфікацыі А. Б. Брындарава. Ленінград. 1977
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у СССР, прымеркаваная да XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага савета музеяў. Масква. 1977
  • Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
  • Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
  • Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
  • Мастацтва Гродзеншчыны XVI—XVIII стст. Мінск. 1998

Зноскі

  1. а б в г д Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 44-45. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
  2. а б в г Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст. / Уступ. арт. Н. Ф. Высоцкай, склад. Н. Ф. Высоцкая, Т. А. Карповіч. Мн.: Беларусь, 1980.
  • Карпович Т. А. Портреты из Несвижа и Гродно в собрании Государственного Художественного Музея БССР // Музей. М., 1980. № 22
  • Карповіч Т. А. Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Каталог. Мн., 1981. С. 1-112. № 25
  • Jodkowski J. Muzeum w Grodnie, zarys dziejów powstania i rozwoju 1920—1922. Grodno, 1923. S. 5