Эльяшэвічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Род Эльяшэвічаў)

Эльяшэвічы — беларускі шляхецкі род татарскага паходжання. Карыстаўся гербам «Рудніца». З’яўляецца, як і роды Шэмешаў і Рызвановічаў, адгалінаваннем роду Асанчуковічаў. Прадстаўнікі роду жывуць у Мінску, Лідзе, Іўі, Польшчы.

Род паходзіць ад маршалка татарскага Уруса Улана, які жыў у акрэсе 1480—1510 гадоў. Родапачынальнікам іх быў Ахмец, сын Уруса Улана, запісаны да харугвы ўланскай ў попісе войска ВКЛ 1528 года. Ён з жонкай Цемяшоўнай Юшынскай меў сына Ях’ю, у 1559 годзе валадара часткі Кені ў Віленскім павеце і Іўя ў Ашмянскім.

Сынам Ях’і быў Саф’ян, а ўнукамі — Рызван, родапачынальнік роду Рызвановічаў, і Эльяш, уласна продак Эльяшэвічаў. Сына апошняга Давыда ўзгадвае як няпоўнагадовага рэвізія маёмасці татарскай ад 1631 года. Яго Хутчэй за ўсё, другім сынам Эльяша быў Мікалай, у 1640 годзе сябар харугвы татарскай Слуцкага княства.

Давыда вялікі князь Уладзіслаў Ваза менаваў харунжым татарскім Берасцейскага ваяводства. 25 студзеня 1653 года вялікі князь Ян Казімір пасля добраахвотнага выракання Давыда ад той пасады надаў яе сыну Давыда Хазбэю. Наступным тую ж пасаду займаў сын Хазбэя Мустафа Хазбэй Эльяшэвіч, які пакінуў двух сыноў — харунжага Хасьена і палкоўніка Яна. Апошні памёр у 1705 годзе, не пакінуўшы нашчадкаў. Хасьен з той падставы быў спадкаемцам яго маёмасці ў Лукішках. Ён жа ў 1707 годзе таксама набыў у іншых татараў грунты, якія перанялі ў спадчыну яго сыны — харунжы Мустафа, Ян і Давыд, якія ў 1761 годзе прадалі свае грунты ў Лукішках.

З атрыманых грошай Мустафа прыдбаў фальварак Лынтупы ў Ашмянскім павеце. Мустафа меў сына Юзафа, таксама харунжага, які ў 1794 набыў у тым самым павеце фальварак Почарня.

Юзаф пакінуў сыноў: Мустафу (той у сваю чаргу меў сына Якуба і дачок Элізабету і Разалію), Аляксандра, Якуба (яго дзеці — Юзаф і Феліцыяна), Мацея (Махмета), Давыда, Яна і Гіпаліта (Халіла). Дзеці пасля смерці бацькі Юзафа саступілі ў 1804 той фальварак свайму дзеду Мустафе Эльяшэвічу.

Брат Мустафы Давыд (сын Хасьена) меў сына Аляксандра, а той — сына Ахмета, якога ўзгадвалі ў шэрагу шляхты ў 1817 разам з стрыечнымі сёстрамі. Ахмет меў сыноў Ях’ю й Юзафа.

У фальварку Почарня пад канец першае паловы XIX ст. меліся 83 падданых сялян. Мустафа (сын Юзафа) ўзгадваецца ў 1819. Эльяшэвічы мелі ўласныя пякарні, кажэльні, млячарні, млыны і лядоўні.

Сын Якуба (сына Мустафы, сына Юзафа) Павел пасля смерці бацькі навучаўся ў Вільні. У Вільні Павел закахаўcя ў гувернантку Тэклю, што служыла яму. Павел і Тэкля, закаханыя адзін у аднога, прасілі шлюбу ў маці Паўла, але тая адмовіла ім і пачала настойліва патрабаваць у Паўла вырачыся ўжо цяжарнай Тэклі, спасылаючыся на яе неадпаведнае паходжанне і пагражаючы сыну пазбавіць спадчыны. Павел адмовіў ёй і праз суд дамогся паловы маёмасці.

У Паўла (памёр у 1912) і Тэклі былі дзеці — Зося (Зоф’я), Аляксандр (паехаў навучацца ў Расію і там без вестак згінуў), Уладзіслаў (нарадзіўся ў 1884) і Марыя. Марыя ўступіла ў шлюб з прадстаўніком роду Вількіцкіх, што мелі маёнтак Даліна(?) пад Мінскам. Муж яе без следу знік у сутарэннях НКУС. Марыю рэпрэсавалі, саслаўшы ў Казахстан.

Уладзіслаў, сын Паўла і Тэклі, меў дзяцей — Алеся (забітага немцамі напачатку другое сусветнай вайны за дадзены прытулак параненаму жаўнеру), Ганну, Вацлава (шлюбаваўся з жонкай забітага Алеся Станіславай), Баляслава, Юзэфу і Яніну (нарадзілася 8 верасня 1918). Яніна мае дзяцей Галіну, Люцыяна, Рамана і Ірэну, 9 унукаў і 14 праўнукаў (на 29 жніўня 2003).

Радавод[правіць | правіць зыходнік]

Урус Улан (узгадваецца 14801510), ж- Цемяшоўна Юшынская

  1. Ахмец (узгадваецца 1528), ж- Цемяшоўна Юшынская
    1. Ях’я (узгадваецца 1559)
      1. Саф’ян
        1. Рызван, пачынальнік Рызвановічаў
        2. Эльяш, пачынальнік Эльяшэвічаў
          1. Мікалай, узгадваецца 1640
          2. Давыд (?-пасля 1653), харужы
            1. Хазбэй, узгадваецца 1653
              1. Мустафа Хазбэй
                1. Хасьен, харужы, узгадваецца 1707
                  1. Мустафа, харужы, узгадваецца 1761, памёр пасля 1804
                    1. Юзаф, харужы, узгадваецца 1794
                      1. Мустафа, узгадваецца 1819
                        1. Якуб
                          1. Павел (?-1912), ж-Тэкля
                            1. Зоф’я
                            2. Аляксандр
                            3. Уладзіслаў (1884-?)
                              1. Алесь
                              2. Ганна
                              3. Вацлаў
                              4. Баляслаў
                              5. Юзэфа
                              6. Яніна (8 верасня 1918-?)
                                1. Галіна
                                2. Люцыян
                                3. Раман
                                4. Ірэна
                            4. Марыя, м.- Вількіцкі
                        2. Элізабета
                        3. Разалія
                      2. Аляксандр
                      3. Якуб
                        1. Юзаф
                        2. Феліцыяна
                      4. Мацей (Махмет)
                      5. Давыд
                      6. Ян
                      7. Гіпаліт (Халіл)
                  2. Ян, узгадваецца 1761
                  3. Давыд, узгадваецца 1761
                    1. Аляксандр
                      1. Ахмет, узгадваецца 1817
                        1. Ях’я, узгадваецца 1837
                        2. Юзаф, узгадваецца 1840
                2. Ян (?-1705), палкоўнік