Румянцаўскі летапіс
Румянцаўскі летапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу.
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны змест Румянцаўскага летапісу — гісторыя Вялікага Княства Літоўскага ад легендарных часоў да 1567. Зборнік пачынаецца з біблейных паведамленняў пра падзел свету паміж нашчадкамі Ноя, абрываецца гэты раздзел (з-за недахопу аркушаў) няскончаным апавяданнем пра Гастамысла. На арк. 12—99 знаходзіцца апублікаваны летапіс. Арк. 100—140 прысвечаныя гібелі Ерусаліму. На арк. 141—163 змешчаны падзеі, звязаныя пераважна з заваёвай Русі Батыем. На арк. 164—176 гаворыцца пра гібель Канстанцінопаля; на арк. 177—183 — пра Албанію; на арк. 184—222 — пра захоп Канстанцінопаля туркамі; на арк. 222 адв.—230 — «Сказание Ивана Пересветова о царе турском...»; потым ідзе кароткае паведамленне (арк. 231—233).
Найбольш разгорнута і падрабязна апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх».
Збярогся ў гістарычным зборніку 2-й палавіны 17 ст. расійскага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў бібліятэцы графа М. П. Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы.
Апрача беларуска-літоўскай хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гістарычных твораў, прысвечаных важным падзеям сусветнай і расійскай гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву.
Румянцаўскі летапіс упершыню быў апублікован у 1902 годзе Б. А. Вахевічам , перавыдадзены М. М. Улашчыкам у 35-ым томе «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чамярыцкі В.А. Румянцаўскі летапіс // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 518. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Васіль Варонін „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“ // Беларускі гістарычны агляд. — 2004. — № 11.
- Румянцевская летопись // Летописи белорусско-литовские / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: Наука, 1980. — Т. 35. — 306 с. — (Полное собрание русских летописей). (руск.)