Сесілія Шведская (1540—1627)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сесілія Шведская
Нараджэнне 6 лістапада 1540(1540-11-06)[1]
Смерць 27 студзеня 1627(1627-01-27)[1] (86 гадоў)
Род Ваза
Бацька Густаў I Ваза[1]
Маці Маргарыта Леёнхувуд[1]
Муж Christopher II, Margrave of Baden-Rodemachern[d][1][2]
Дзеці Edward Fortunatus[d] і Philip III, Margrave of Baden-Rodemachern[d]
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сесілія Густаўсдотэр Ваза (шведск.: Cecilia Gustavsdotter Vasa; 6 лістапада 1540, Стакгольм — 27 студзеня 1627, Брусель) — шведская прынцэса, у шлюбе з Крыстафам II маркграфіня Бадэн-Родэмахерна. Другая дачка караля Швецыі Густава I і яго другой жонкі Маргарыты Леёнхувуд. Яна з’яўляецца самай вядомай з дачок Густава I з-за скандалу звязанага з яе стасункамі з братам жаніха сваёй сястры Катарыны на яе вяселлі, а таксама дзякуючы наступнаму працягламу знаходжанню ў Англіі пры двары каралевы Лізаветы I.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прынцэса Сесілія Шведская.

Ранні перыяд жыцця[правіць | правіць зыходнік]

У дзяцінстве Сесілія адрознівалася слабым здароўем і часта хварэла, але вырасла прыгожай энергічнай жанчынай, здабыўшы моцнае здароўе. Прынцэса Сесілія часта згадваецца як «белая варона» ў сям’і; яна была супярэчлівай асобай, будучы замяшанай ў шматлікіх скандалах на працягу ўсяго свайго жыцця. Перамовам аб шлюбе перашкаджалі недапушчальныя асабістыя сувязі Сесіліі. У 1559 годзе, на вяселлі яе старэйшай сястры Катарыны з графам Усходняй Фрызіі Эдцардам II ў Вадстэне, яе браты бачылі, як да яе ў акно некалькі начэй запар залазіў мужчына. Яны вырашылі высветліць у чым справа і злавілі брата жаніха, графа Іагана II, у спальні сястры без штаноў. Гэта выклікала вялікі скандал; пасля адмовы ажаніцца на Сесіліі, граф быў кінуты ў турму на год, і некаторыя крыніцы паведамляюць, што ён быў спакладаны. Саму Сесілію пабіў уласны бацька, і яна абвінаваціла яго ў тым, што ён Выдраў ёй пасмы валасоў. Яе браты адчаканілі манету, якая адлюстроўвала яе як Сусанну ў купальні: гэта павінна было сведчыць пра нявіннасць Сесіліі, падобна біблейскай Сусанне.

Прынцэса Сесілія была замяшаная ў некалькіх іншых падобных інцыдэнтах, і таму валодала скандальнай рэпутацыяй. Людзі пляткарылі аб тым, які метад кантрацэпцыі яна выкарыстала, сцвярджаючы, што яна плюнула ў рот жабе, каб пазбегнуць цяжарнасці. Яе зводны брат, кароль Эрык XIV, выдаў новы пратакол паводзін пры двары пасля таго, як Сесілія зладзіла начную вечарыну ў сваіх асабістых пакоях.

Шлюб[правіць | правіць зыходнік]

У 1564 годзе яна выйшла замуж за Крыстафа II, маркграфа Бадэн-Родэмахерна. Адразу пасля вяселля яна адправілася ў Англію з афіцыйным дзяржаўным візітам. Яна прыехала восенню 1565 года, пераадолеўшы каля 400 міль па вадзе і 750 міль па лёдзе і снезе. Візіт Сесіліі быў часткай спробы пераканаць Каралеву Лізавету I выйсці замуж за яе зводнага брата караля Эрыка XIV. Там яна нарадзіла свайго першынца, Эдуарда, якога Лізавета асабіста аднесла да хрысцільнай купелі.

Яна прабыла ў Англіі каля года і вывучыла англійскую мову. Падчас свайго знаходжання пры англійскім двары яна выдаткавала столькі грошай, што паспрабавала збегчы ад сваіх крэдытораў, але ў 1565 годзе яе злавілі ў Дуўры, і вялікая частка яе упрыгожванняў і гардэроба была канфіскаваная крэдыторамі. У той момант яна была цяжарная; калі яна нарэшце прыехала ў Родэмахерн (цяпер Родэмак) і нарадзіла сына-інваліда, то абвінаваціла ў гэтым няшчасце сваіх крэдытораў.

Графіня Арбугі[правіць | правіць зыходнік]

У 1571 годзе Сесілія і яе сям’я, будучы пратэстантамі, адчулі пагрозу з-за рэлігійнай вайны ў Нідэрландах і войскаў герцага Альба, якія знаходзяцца паблізу, і пераехалі ў Швецыю. Калі яна прыехала, ёй сказалі, што нядаўна ў краіну прыбыў англійская купец Джон Дзімош — гэта быў адзін з яе старых крэдытораў з Англіі. Сесілія адпомсціла, канфіскаваўшы яго карабель і пасадзіўшы яго ў турму, дзе ён прабыў пяць гадоў.

Сесіліі далі горад Арбуга ў якасці феадальнага валодання; яна кіравала горадам і насіла тытул графіні Арбога. Яна атрымлівала грошы ад падаткаў, а таксама фінансуючы пірацкі флот, які рабаваў замежныя караблі, хаваючы прыбытак ад сваіх братоў. Яна таксама займалася здабычай карысных выкапняў і гандлем. Пасля смерці свайго мужа ў 1575 годзе яна звярнулася ў каталіцызм, каб зберагчы ўладанні сваіх сыноў, якія былі захопленыя каталіцкімі войскамі. У гэты час каралева Англіі Лізавета па нейкай прычыне прапанавала ёй выйсці замуж за Роберта Дадлі, графа Лестэра, Але брат Сесіліі, кароль Швецыі Юхан III, параіў ёй адмовіцца, што яна і зрабіла.

У 1578 годзе Сесілія звязалася з іспанскім паслом Франсіска дэ Эраса, каб перадаць свой пірацкі флот іспанскаму каралю ў абмен на пасаду губернатара Люксембурга або якой-небудзь іншай іспанскай правінцыі. Яе падазравалі ў змове супраць свайго брата караля Юхана III, паколькі іспанскі пасол часта яе наведваў. Яна пакінула Швецыю ў 1579 годзе і вярнулася ў Родэмак, дзе нарадзіла пазашлюбную дачку Чарытас ад Франсіска дэ Эраса; яна аддала дзяўчынку ў манастыр.

Познейшы перыяд жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Прынцэса Сесілія даверыла адукацыю сваіх сыноў езуітам, у той час як сама, будучы каталічкай, узяла на сябе кіраванне ўладаннямі Бадэн-Родэмахерна ў якасці рэгента. Будучы рэгентам у Святой Германскай імперыі, яна мела права на месца ў імперскім нямецка-рымскім савеце, якім актыўна карысталася. Яна сустракалася з папай некалькі разоў і пераязджала паміж каталіцкімі дварамі Еўропы. Прыналежнасць да каталіцкай царквы зрабіла яе аб’ектам пратэстанцкай прапаганды, якая ў 1594 годзе абвінаваціла яе ў арганізацыі бардэля ў Бруселі. У яе было шмат праблем з-за таго, што яе пераследавалі крэдыторы; адзін з іх ледзь не забіў яе ў 1618 годзе і ёй давялося ратавацца ў доме арцыбіскупа Трырскага ў Люксембурзе.

Яна памерла ў вельмі старэчым узросце і была пахавана пад падлогай у царкве ў Родмаку.

Дзеці[правіць | правіць зыходнік]

У Сесіліі і Крыстафа II было шэсць сыноў:

  • Эдуард Фартунат, маркграф Бадэн-Родэмахерна (1565—1600)
  • Крыстафер Густаў Бадэн-Родэмахернскі (1566—1609)
  • Філіп III, маркграф Бадэн-Родэмахерна (1567—1620)
  • Карл Бадэн-Родэмахернскі (1569—1590)
  • Бернард Бадэн-Родэмахернскі (1570—1571)
  • Юхан Карл Бадэн-Родэмахернскі (1572—1599) з Гаспітальераў

Таксама ў Сесіліі была незаконнанароджаная Дачка Чарытас (1579—1629), якую адправілі ў манастыр.

Продкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е ё Cecilia — 1917.
  2. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Svenskt biografiskt handlexikon (1906), Cecilia. [1]
  • Wilhelmina Stålberg & P. G. Berg: Anteqningar om svenska qvinnor (Notes on Swedish women) (на шведскім)
  • Karin Tegenborg Falkdalen (2010). Vasadöttrarna (The Vasa Daughters). Falun: Historiska Media. ISBN 978-91-85873-87-6 (па-шведску)