Справа Аўтуховіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Справа Аўтуховічакрымінальны працэс у Беларусі па абвінавачанні шэрагу асоб на чале з Мікалаем Аўтуховічам, якога затрымалі 8 снежня 2020 года па падазрэнню ў стварэнні «тэрарыстычнай групы».

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 годзе М. Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гродзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале хаты начальніка ваўкавыскай міліцыі. Праўда, асудзілі яго ў 2010 годзе толькі за захоўванне боепрыпасаў: за 5 патронаў для паляўнічай стрэльбы Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў і 2 месяцы турмы. Тады праваабаронцы прызналі яго вязнем сумлення.

Справа[правіць | правіць зыходнік]

8 снежня 2020 года стала вядома пра затрыманне прадпрымальніка і ветэрана Афганскай вайны Мікалая Аўтуховіча, якога абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групы», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гроденскай вобласці, падпальвала аўтамабілі і хаты супрацоўнікаў МУС[1]. Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль паведаміў 17 снежня, што Мікалай Аўтуховіч хаваўся ў гаражы ў Брэсцкай вобласці ў свайго даўняга знаёмага і яго затрымалі «пры выхадзе ў краму». Разам з М. Аўтуховічам былі затрыманы яго жонка Любоў, сын і праваслаўны святар Сяргей Разановіч[2]. У парушэнні ўсіх норм заканадаўства і Канстытуцыі, міжнародных абавязацельств Беларусі Мікалай Аўтуховіч быў пазбаўлены юрыдычнай дапамогі з боку адваката па рознага роду надуманых прычынах: позні час і праз COVID-19[3].

25 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрыманая ў снежні «група Мікалая Аўтуховіча» рыхтавала тэракты па ўсёй краіне і завозіла «тонамі зброю цераз Украіну»[4]. У гэты ж дзень спікер Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Ніколенка заявіў, што «Украіна катэгарычна адхіляе чарговыя інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі» і што мантра пра «зброю з Украіны» дакладна ўпісваецца ў яго палітыку па запалохванні беларускага народу[5].

Сярод інкрымінаваных дзеянняў Мікалаю Аўтуховічу ставіліся ў віну здрада дзяржаве, садзейнічанне ў тэрарыстычнай дзейнасці, незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розніцы. А таксама шэраг іншых складаў злачынстваў, такіх як кантрабанда, акт тэрарызму. Усяго Мікалай Аўтуховіч абвінавачваўся па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы.

Прысуд[правіць | правіць зыходнік]

17 кастрычніка 2022 года ў Гродзенскай турме № 1 абвясцілі прысуд фігурантам справы групы Мікалая Аўтуховіча. Прыгаворам Гродзенскага абласнога суда Мікалай Аўтуховічу назначана пазбаўленне волі на тэрмін 25 гадоў (адбыванне пакарання першыя 5 гадоў у турме, астатні тэрмін — у калоніі строгага рэжыму), са штрафам у памеры тысячы базавых велічынь. Таксама прыгаворам суда Мікалай Аўтуховіч пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Вынесены і прыгавор Паўлу Саве, аднаму з фігурантаў справы групы Аўтуховіча. Мужчына абвінавачваўся ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 289 КК. Гэта ўдзел у злачыннай арганізацыі і ўчыненне актаў тэрарызму. Гродзенскі абласны суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 20 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф — 700 базавых велічыняў.

Іншым членам групы Мікалая Аўтуховіча прызначана пакаранне тэрмінам ад 2,5 да 18 гадоў пазбаўлення волі, а таксама штрафы[6].

Зноскі

  1. Автухович и его группа подозреваются в терроризме: взорвали авто милиционера и сожгли дом (руск.). Беларусь 1 (8 снежня 2020). Праверана 27 снежня 2020.
  2. Старшыня КДБ: «Будзем рыхтавацца да гарачай вайны». Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (17 снежня 2020). Праверана 27 снежня 2020.
  3. «Я ня веру». Праваабаронца пра абвінавачаньні Мікалаю Аўтуховічу, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ . Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (20 снежня 2020). Праверана 27 снежня 2020.
  4. Лукашенко о задержании террористической группы Автуховича: если бы наши ребята их не накрыли, ох нам бы Новый год был (руск.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (25 снежня 2020). Праверана 27 снежня 2020.
  5. Киев категорически отвергает заявления Лукашенко об "оружии из Украины" – МИД (руск.)(недаступная спасылка). Интерфакс-Запад (25 снежня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2020. Праверана 27 снежня 2020.
  6. zviazda.by