Трэцяя бітва на Карунскай дарозе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Трэцяя бітва на Карунскай дарозе
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Дата з 3 па 15 студзеня 1937 года
Месца Махандаонда, Мадрыд, Іспанія
Вынік перамога рэспубліканцаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы
Інтэрбрыгады
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Савецкія ваенспецы
Нацыяналісты
Камандуючыя
Хасэ Міяха,
Вісентэ Роха,
Луіс Барсела,
Энрыке Лістэр,
Дзмітрый Паўлаў «Пабла»
Луіс Оргас,
Карлас Асенсіа,
Фернанда Барон,
Франсіска Гарсія-Эскамес
Сілы бакоў
45 000 чалавек 20 000 чалавек
Страты
6000 забітых і параненых 1500 забітых і параненых

Трэцяя бітва на Карунскай дарозе (ісп.: Tercera batalla de la carretera de La Coruña), таксама бітва пад Махандаондай — трэцяя і апошняя спроба нацыяналістаў ізаляваць Мадрыд з поўначы, прадпрынятая ў пачатку студзеня 1937 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Планы і сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Як і ў бітве пад Пасуэлай, і ў другой бітве пры Карунскай дарозе мяцежнікі вырашылі акружыць Мадрыд з паўночнага захаду, засяродзіўшы свае сілы, каб перарэзаць шашу, якая вядзе ў г. Ла-Карунья, і паспрабаваць прарвацца праз яго ў бок сталіцы, адначасова ізаляваўшы яе ад рэспубліканскіх часцей у Сьера-дэ-Гвадарама.

Для правядзення аперацыі нацыяналістамі была створана Мадрыдская ўзмоцненая дывізія пад камандаваннем генерала Луіса Оргаса. Яна складалася з дваццаці тысяч чалавек: байцы Афрыканскай арміі (мараканцы-рэгуларэс і легіянеры), дзве роты нямецкіх танкаў Pz.Kpfw. I, вялікая колькасць цяжкай і лёгкай артылерыі і тры супрацьтанкавыя батарэі. План Оргаса складаўся ў тым, каб пачаць буйное наступленне з поўдня, перарэзаць шашу ў Ла-Карунью, а затым павярнуць на ўсход ад Лас-Росаса і Махадаонды, каб ізаляваць Мадрыд з поўначы.

Для абароны Мадрыда генерал Хасэ Міяха і яго начальнік штаба палкоўнік Вісэнтэ Роха арганізавалі армейскі корпус з пяці дывізій (кожная з трох брыгад). Усяго — 45 тысяч чалавек.

Ход бітвы[правіць | правіць зыходнік]

Наступленне нацыяналістаў[правіць | правіць зыходнік]

Наступленне пачалося 3 студзеня 1937 года. Галоўны ўдар прыйшоўся па 4-й дывізіі (камандзір Хуан Мадэста). Калона Фернанда Барона прасунулася з Вільянуэва-дэ-ла-Каньяда ў бок шашы на Ла-Карунью, і на наступны дзень яна была ў раёне Лас-Росас, дзе сустрэла моцны супраціў, асабліва пасля прыбыцця двух батальёнаў інтэрнацыянальных брыгад.

Справа ад Барона наступалі калоны пад камандаваннем Эдуарда дэ Буруага і Франсіска Гарсія-Эскамеса, якія сустрэлі моцны супраціў у раёне Пасуэлы з боку рэспубліканцаў, падмацаваных адным батальёнам XI інтэрбрыгады і шасцю танкамі Т-26. Тут праціўнік падбіў 25 нацыяналістычных танкаў Pz.Kpfw. I. Са свайго боку, 3 студзеня калона Ірурэтагаены захоплівае Вілафранка-дэль-Касціла і 4 студзеня — Вільянуэва-дэль-Пардыльа. У той жа дзень калона Карласа Асенсіа займае Махадаонду.

5 студзеня рэспубліканская 31-я змешаная брыгада пры падтрымцы танкаў паспрабавала адбіць Лас-Росас, але няўдала.

6 студзеня пасля інтэнсіўнага артабстрэлу мяцежнікам пры падтрымцы танкаў і лёгкай артылерыі ўдалося разбіць чатыры батальёны XI інтэрбрыгады і выйсці на шашу Ла-Карунья на трынаццатым кіламетры, узяўшы лес Рэміса. Войскі Оргаса павярнулі на ўсход і 9 студзеня коштам вялікіх страт захапілі дзесяць кіламетраў шашы і дайшла да крайніх дамоў Мадрыда на плошчы Пуэрта-дэ-Ера. Упершыню, як і 15 лістапада 1936 года, узнікла небяспека прарыву рэспубліканскага фронту.

Міяха і Роха за кошт перакінутых рэзерваў здолелі кансалідаваць фронт. Калі сілы Оргаса падышлі да маста Сан-Фернанда, то адразу страцілі яго з-за рэзкай контратакі рэспубліканцаў, а яшчэ адна спроба прасунуцца праз вышыню Эль-Парда была спынена рэспубліканскай артылерыяй. Недахоп рэзерваў не дазволіў нацыяналістам паўтарыць атаку ў гэтым сектары.

Контрнаступленне рэспубліканцаў[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліканскае камандаванне прыняло рашэнне перайсці ў контрнаступленне і нанесці ўдар з лініі ВальдэмарыльаГалапагар на паўночны ўсход, у фланг галоўнай групоўкі праціўніка ў раёне Лас-Росас—Махадаонда. Галоўны ўдар наносіўся інтэрнацыяналістамі з раёна Галапагар, дапаможны — іспанцамі (1-я, 3-я і 31-я брыгады) з парку Эль-Парда на Лас-Росас. У контрнаступленні ўдзельнічала каля 9000 чалавек, 50 танкаў і 22 гарматы.

11 студзеня, у густым тумане і пры моцным холадзе, рэспубліканскія войскі, узмоцненыя XII і XIV інтэрбрыгадамі, 1-й змешанай брыгадай Энрыке Лістэра і пры падтрымцы двух танкавых батальёнаў (47 танкаў) пад асабістым камандаваннем Дзмітрыя Паўлава, паспяхова контратакавалі ў напрамку Махадаонды і Росаса. З-за густога туману артылерыя і авіяцыя ўдзелу ў контратаках не прымала. Абодва танкавых батальёна вялі ў наступленне інтэрбрыгады. Яны паслядоўна атакавалі войскі мяцежнікаў, вярталіся да пяхоты і зноў пераходзілі ў атаку, дапамагаючы прасоўванню інтэрбрыгад. Асабліва жорсткія баі разгарэліся за будынак старога тэлеграфа, размешчанага на ўзгорку на поўдзень ад Лас-Росаса.

У ноч на 14 студзеня ў рэспубліканскія часці прыйшоў загад штаба фронту, які прадпісваў спыніць наступальныя дзеянні і перайсці да абароны на сваіх участках. У загадзе гаварылася, што мэта, якую ставілі рэспубліканцы, дасягнута: галоўныя сілы праціўніка адцягнуты ад Мадрыда. Абодва бакі перайшлі да абароны і пачалі ўмацоўваць свае пазіцыі.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Трэцяя бітва на Карунскай дарозе скончылася, як і папярэднія, новым паражэннем мяцежнікаў, паколькі яны не змаглі ні пракрасціся ў Мадрыд з паўночнага захаду, ні ізаляваць яго ад рэспубліканскіх войскаў, размешчаных у Сьера-дэ-Гвадарама, хоць франкісты і захапілі дзесяць кіламетраў дарогі.

За дзесяць дзён баёў рэспубліканцы страцілі забітымі і параненымі — 6000, нацыяналісты — 1500.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Родимцев А.И. Под небом Испании. — М.: Советская Россия, 1985.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]