Флот адкрытага мора

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Флот адкрытага мора (ням. Hochseeflotte) — асноўны ваенны флот германскіх імперскіх ВМС падчас Першай сусветнай вайны. Базіраваўся ў г. Вільгельмсхафен (Германія). Флотам камандавалі:

Флот адкрытага мора ствараў пастаянную пагрозу Брытанскім астравам і вымушаў брытанскі Гранд-Фліт на працягу ўсёй вайны знаходзіцца ў раёне Паўночнага мора, нягледзячы на недахоп караблёў на іншых тэатрах ваенных дзеянняў.

Брытанскі Гранд-Фліт колькасна пераўзыходзіў Флот адкрытага мора ў суадносінах 3/2. У першы год вайны назіралася роўнасць сіл (з прычыны распылення сіл брытанскага флота), у наступныя гады суадносіны змяніліся на карысць Гранд-Фліта. У такой сітуацыі Флот адкрытага мора пазбягаў адкрытых сутыкненняў з Гранд-Флітам і аддаваў перавагу стратэгіі рэйдаў у Паўночнае мора з мэтай выманіць частку Гранд-Фліта, адрэзаць яе ад асноўных сіл і знішчыць. Тым не менш, бітвы ля Гельгаландскай бухты (28 жніўня 1914), ля Догер-банкі і нават Ютландская бітва (31 мая 1916) не аказалі істотнага ўздзеяння на расстаноўку сіл у Паўночным моры.

Для прарыву блакады Германіі, якую ажыццяўляў брытанскі флот, германскія ВМС сканцэнтравалі свае рэсурсы на вядзенні неабмежаванай падводнай вайны. Не лічачы двух выхадаў у мора (у жніўні 1916 і ў маі 1918), Флот адкрытага мора ўвесь час знаходзіўся на сваёй базе.

У кастрычніку 1918, ва ўмовах набліжэння паражэння ў вайне і росту незадаволенасці народных мас, адмірал Шэер вырашыў учыніць адчайную атаку на Гранд-Фліт. Ведаючы, што падобная аперацыя не будзе падтрымана, ён не праінфарміраваў урад аб сваёй задуме. Аднак, калі быў аддадзены загад аб выхадзе ў мора (30 кастрычніка), большасць маракоў адмовілася яго выконваць. План атакі быў адменены, але паўстанне маракоў перарасло ў рэвалюцыю, выклікала падзенне імперскага ўрада (9 лістапада) і сканчэнне вайны (11 лістапада).

Паводле ўмоў мірнага дагавора, Флот адкрытага мора мусіў быць інтэрніраваны на базе брытанскіх ВМС Скапа-Флоў на Аркнейскіх астравах. У ходзе «Аперацыі ZZ» (21 лістапада 1918) 60 лінейных караблёў Антанты эскартыравалі 11 лінейных караблёў, 5 лінейных крэйсераў, 9 крэйсераў і 48 эскадраных мінаносцаў Флота адкрытага мора на стаянку ў Скапа-Флоў.

21 чэрвеня 1919 контр-адмірал Людвіг фон Ройтэр загадаў камандам затапіць караблі, каб яны не дасталіся англічанам. Усяго быў затоплены 51 карабель. Дзевяць маракоў, якія загінулі пры затапленні, сталі апошнімі ахвярамі Першай Сусветнай вайны.