Фундаментальная бібліятэка БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фундаментальная бібліятэка БДУ
Выява лагатыпа
Краіна
Адрас Мінск,
пр-т Незалежнасці, 4, 220050
Заснавана 1921
Фонд
Аб'ём фонду 2 млн.
Доступ і карыстанне
Выдача штогод 1,851 млн
Абслугоўванне
  • 26 000 чал.
Колькасць чытачоў 26 тыс.
Іншая інфармацыя
Дырэктар Уладзімір Генадзевіч Кулажанка
Супрацоўнікі 138
Вэб-сайт library.bsu.by

Фундаментальная бібліятэка БДУ (ФБ БДУ) — адна з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.

ФБ БДУ — першая навуковая бібліятэка ў Беларусі. Яна вядзе сваю гісторыю з 1919 года, на сённяшні дзень мае амаль 2 млн. тамоў універсальнай айчыннай і замежнай літаратуры. Фонд рэдкіх і каштоўных выданняў уключае старадрукаваныя экземпляры, калекцыю рэвалюцыйнага друку і выданні першых гадоў савецкай улады, прыжыццёвыя і асабліва каштоўныя выданні прац класікаў навукі, літаратуры і мастацтва; выданні, што з’яўляюцца ўзорамі мастацкага афармлення і паліграфічнага выканання; мініяцюрныя і малафарматныя выданні, рэпрынты і факсіміле; выданні з аўтографамі асоб, вядомых у літаратуры, навуцы, грамадскім жыцці, прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ; нелегальныя і забароненыя дарэвалюцыйныя выданні; выданні, вернутыя з аддзела спецсховішча; лепшыя серыйныя выданні; кнігі, ілюстраваныя вядомымі мастакамі; экземпляры з экслібрысамі або ўладальніцкімі пячаткамі; экземпляры з цэнзурнымі праўкамі, маргіналіямі. Станам на 1 студзеня 2015 г. карыстальнікаў абслугоўваюць 8 абанементаў, 13 чытальных залаў, 3 медыятэкі, 5 кафедральных і кабінетных бібліятэк.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне першай навуковай бібліятэкі Беларусі ішло разам з працай па адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Ужо ў красавіку 1919 года у складзе камісіі па стварэнні БДУ часовым вучоным бібліятэкарам была прызначана [1] Яўгенія Адольфаўна Гурвіч[ru], якая пачала збіраць кніжны фонд. У маі 1921 года пастановай СНК быў зацверджаны штатны расклад. Бібліятэка была сфарміравана на аснове 40 тыс. тамоў, што былі перададзены Народным камісарыятам асветы БССР, і 20 тыс. тамоў з бібліятэкі былой Мінскай Духоўнай семінарыі[2].

З 1922 года бібліятэка БДУ сумяшчала функцыі дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі, а таксама цэнтральнай бібліяграфічнай установы БССР (у складзе бібліятэкі былі створаны Беларуская кніжная палата і бібліяграфічнае бюро). У 1926 г. бібліятэка ператворана ў «Цэнтральную дзяржаўную кніжніцу пад назвай Беларуская дзяржаўная бібліятэка» і выведзена са складу БДУ. Практычна ўвесь фонд (каля 270 тыс. адзінак) перадалі Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы. У БДУ паступова пачалося фарміраванне асобнай бібліятэкі. Да 1934 годзе тут ужо налічвалася 11 тысяч кніг і 3 тысячы часопісаў, працавала 6 чалавек. У 1941 г. фонд складаў каля 200 тыс. экз.

Падчас вайны частка фонду была захавана, аднак большая частка была страчана. Пасля аднаўлення працы БДУ ў 1943 годзе на станцыі Сходня пад Масквой была адкрыта і бібліятэка. Пасля вайны дзейнасць была адноўлена ў Мінску.

За сваю гісторыю бібліятэка шмат разоў мяняла месцазнаходжанне. Спачатку яна месцілася ў гімназіі Фальковіча (сёння — гістарычны факультэт БДУ), затым — у былым Юбілейным доме (сёння — тэалагічны інстытут БДУ), з 1933 года ў галоўным корпусе БДУ, у 1944 годзе — ў будынку фізіка-матэматычнага факультэта (сёння — Рэктарат БДУ), з 1949 — у біялагічным корпусе (сёння факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі). У 1962 годзе бібліятэка пераехала ў галоўны корпус БДУ.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

ФБ БДУ сёння — гэта каля 2 млн тамоў універсальнага фонду айчыннай і замежнай літаратуры; доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў; звыш 27 тыс. карыстальнікаў; 750 тыс. кнігавыдач; 778 месцаў у чытальных залах; 138 супрацоўнікаў. Штогод бібліятэка набывае звыш 23 тыс. асобнікаў новых выданняў, атрымлівае звыш 400 найменняў айчынных і замежных перыядычных выданняў, вядзе міжнародны кнігаабмен з 98 замежнымі навуковымі і навучальнымі арганізацыямі.

ФБ БДУ з’яўляецца Рэспубліканскім каардынацыйным і метадычным цэнтрам для бібліятэк устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Статус ФБ БДУ як каардынацыйнага і метадычнага цэнтра бібліятэк устаноў адукацыі пацверджаны Законам Рэспублікі Беларусь.[3]

На базе бібліятэкі працуюць некалькі клубаў па інтарэсах: Клуб аматараў паэтычнага слова «КЛУмБА», Кінаклуб «Фруза»[4][5]. У складзе ФБ БДУ дзейнічае Бібліятэка Кітая[6] і Аманскі цэнтр арабскай мовы і культуры[7].

Інфармацыйныя рэсурсы[правіць | правіць зыходнік]

Бібліятэчны фонд ФБ БДУ — гэта багацейшы збор навуковых, вучэбных, даведачных, літаратурна-мастацкіх, афіцыйных, вытворча-практычных выданняў. Фонд фарміруецца ў адпаведнасці з тэматыкай навукова-даследчых работ, кірункаў адукацыйнай і выхаваўчай работы. Вучэбная літаратура складае каля 40 % фонду.

У ФБ БДУ функцыянуе электронны каталог (ЭК), які створаны на аснове АБІС МЕГАПРО. ЭК уключае поўнае бібліяграфічнае апісанне дакументаў з 2004 года. Электронная бібліятэка (ЭБ) БДУ была уведзена ў эксплуатацыю 16 сакавіка 2010 года. Паводле Webometrics Ranking of World Universities[en][8] у 2020 годзе ЭБ БДУ займала 3 месца сярод універсітэцкіх рэпазіторыяў у свеце[9].

Рэдкія і каштоўныя выданні[правіць | правіць зыходнік]

У ФБ БДУ вылучаны фонд рэдкіх і каштоўных выданняў, які налічвае каля 14 тыс. Унікальных кніг XVI — пачатку XX стст. (тэксты прайграныя кірыліцай, лацінкай, гатычным і рускім грамадзянскім шрыфтамі) і каля 10 тыс. экзэмпляраў часопісаў, выдадзеных у дарэвалюцыйныя гады.

Фонд рэдкіх і каштоўных выданняў ўключае ў сябе: старадрукаваныя выданні; нелегальныя і забароненыя дарэвалюцыйныя выданні; асобнікі з экслібрысамі ці пячаткамі ўладальнікаў; калекцыю рэвалюцыйнай друку і першых гадоў савецкай улады; асобнікі з цэнзурнымі праўкамі, маргіналіямі; выданні, вернутыя з аддзела спецыяльнага захоўвання; першыя прыжыццёвыя і асабліва каштоўныя выданні работ класікаў навукі, літаратуры і мастацтва; выданні з аўтографамі асоб, вядомых у літаратуры, навуцы, грамадскім жыцці, прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ; лепшыя серыйныя выданні, кнігі, ілюстраваныя вядомымі мастакамі; выданні, якія з’яўляюцца ўзорамі мастацкага афармлення і паліграфічнага выканання; мініяцюрныя і малафарматныя выданні; рэпрынта і факсіміле.

Кіраўнікі бібліятэкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Школа и культура Советской Белоруссии» № 1, апрель 1919 г. С. 77
  2. О библиотеке (руск.)(недаступная спасылка). Фундаментальная библиотека БГУ. Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2015. Праверана 28 чэрвеня 2015.
  3. http://www.pravo.by/document/?guid=12551&p0=H11400173&p1=1
  4. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2019. Праверана 19 ліпеня 2019.
  5. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 19 ліпеня 2019.
  6. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2020. Праверана 6 лістапада 2020.
  7. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2020. Праверана 6 лістапада 2020.
  8. Webometrics Ranking of World Universities
  9. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2018. Праверана 14 студзеня 2020.
  10. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 лютага 2022. Праверана 23 лютага 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]